Жыцця імгненні трапяткія

Размер шрифта:   13
Жыцця імгненні трапяткія

Жыцця імгненні трапяткія

Віктар Праўдзін

Жыцця імгненні трапяткія Віктар Праўдзін

АПАВЯДАННi

Па-чалавечы

Я чую, як мацi шоргае нагамi, тупае каля кватэры, абтрасаючы з гумовiкаў смецце i вулiчную гразь, потым павольна i незадаволена рыпяць дзверы, i яна стомлена ўздыхае, калi пераступае высакаваты парог, счасаны пасярэдзiне абцасамi, i цяжка, дзвюма рукамi, ставiць вядро з вадой на нiзкi ўчарнелы ад часу зэдлiк, што тулiцца каля печы. Цераз край вядра на падлогу пралiлiся празрыста-блiскучыя лужынкi, i ў iх з акна адразу нырнуў, быццам звалiўся з неба, веснi ярка-залацісты агеньчык-промень. I ў той жа момант пасвятлела ў пакоi. Я нават вочы прыжмурыў, назiраючы за патрывожанымi скразняком серабрыстымi iскрыстымi пылiнкамi, што мiтуслiва вiхурылiся ў паветры. Яны здаюцца жывымi i адчайна вясёлымi, бо сёння з самай ранiцы гаспадараць у двух пакоях нашай кватэры на другiм паверсе старога графскага дома. Я шырэй адхiнуў фiранку, i промень iмклiва слізгануў за стол, высвецiў белую, як малако, павуцiну. Ведаю, што павуцiнне мяккае, калi ж дакрануцца пальцамi – лiпучае, а яшчэ ў iм жыве чорны павучок. Ён сонца не любiць, паспешліва ад яго хаваецца, але больш за ўсё павучок чамусьцi не любiць, калi я кiдаю на павуцiнне крошкi хлебнага мякiшу, i тады нiколi са свайго сховiшча не паказваецца. Затое ён заўсёды жвава выкульваецца з расколiны ў сцяне, калi ў дрыготкае плецiва трапляецца муха. Канешне, паблізу ягонага жытла мухi не лётаюць, iх для павучка лаўлю я, i толькi тады, калi ў кватэры нiкога няма, бо мая руплiвая мацi будзе сварыцца – нi павукоў, нi павуцiння яна не церпіць i, калi прыбiрае, заўсёды шаруе венiкам не толькi па падлозе, але i па кутках, i нават па высокай столi. А мне павучка шкада. Калi выбiраць, дык лепш ён, чым надакучлiвыя мухi, якiя i ў кубак з малаком спiкiруюць, i ў талерку з супам запаўзуць, i, што горш за ўсё, – ранiцай, на самым досвiтку, разбудзяць. Адно кепска: мой павучок нейкi малы, нiяк не дачакаюся, калi ён вырасце i пераловiць абрыдлых мух. Мо паспрабаваць прыкармiць кавалачкамi катлет, як Мiшкавага Дымка? Яшчэ ўзiмку Дымок быў шчанюком, па лесвiцы на другi паверх ускараскацца не мог, а цяпер не дагнаць.

Да лужынкi на падлозе, спадмануты зыркiм святлом, з печы скокнуў маленькi шэры коцік. Яго так i клiчуць: Шэры. Ён усю ранiцу гуляў з тоўстай калматай шпагацiнай, прывязанай да квадратнага цвiка з блiскучай пляшкай. На шпагацiне месцамi засталася ўсохлая залацiстая луска леташняй цыбулi, i коцік усю ранiцу цiкуе за ёй. Некалi я таксама, ухапiўшыся рукамi i падцiснуўшы ногi, калыхаўся на гэтай шпагацiне, але тое было даўно, калi шыбы ў хаце былi прыгожа размаляваныя Дзедам Марозам. Пра дзядулю-мастака мне расказаў бацька, толькi мацi не дазваляла доўга сядзець каля акна i разглядваць тыя дзiўныя малюнкi: яна ўвесь час баiцца, каб я не прастудзіўся. Дый не хочацца мне на печ, i шпагацiна абрыдзела, цяпер самае цiкавае – за акном, на двары… Але што ж мой маленькі гарэзлівы коцік?

Наляцеўшы на халодную калодзежную ваду, Шэры ад нечаканасцi жаласна мяўкнуў, сеў на заднiя лапкі i затрос пярэднiмi: спярша адной, потым другой. «Так табе i трэба, здраднiк!» – пераможна выдыхнуў я. Са мной гарэзнік гуляць адмовiўся, на шпагацiну прамяняў нiтку з прывязаным да аднаго канца кавалкам плёнкi з бацькавага фотаапарата. Цягнеш гэтую прынаду, а яна па-сапраўднаму, як тая мышка, шкрабецца па падлозе. Шэры спярша спакусiўся, выпусцiў кiпцюры i ўкусiў плёнку, але нешта не ўпадабаў, бо адразу скокнуў на печ i больш не паказаўся. Плёнка, канешне, не прападзе. Увечары, калi печ зацепляць, кiну плёнку на прыпечак i дачакаюся, калi ўгрэецца ды пшыкне факелам. Шкада, што сябры Мiшка з Цiмкам гэтага не ўбачаць.

– Віця, сынок, нашых там не вiдаць? – пытаецца мацi i, падсунуўшы табурэтку бліжэй да печы, садзiцца i пачынае пальцамi выкалупваць сухую глiну памiж цаглiнамi.

– Не-а, – адказваю я i ледзь не прылiпаю лбом i носам да халоднага аконнага шкла.

Нашы – гэта бацька i старэйшы брат, а ў мяне адказнае заданне: дачакацца, калi яны прыедуць на абед, i сказаць мацi, каб выцягвала чыгункi з печы. Мне зусiм не хочацца з паўдня тырчаць у акне. Лепш бы, як той казаў, лiчыць варон, чым зноў убачыць, як бацька падхопiць на рукi i здыме з трактара брата, якi абавязкова ўгледзiць мяне i пакажа язык цi, яшчэ горш, з-за бацькавай спiны торкне дулю. Да слёз крыўдна чуць кожны дзень, што ты яшчэ малы i трэба падрасцi, каб ездзiць з бацькам на трактары. Мне ж здаецца: я вырас i ўжо, стоячы на печы, галавой да столi дастаю…

А на двары якраз пад вокнамi цвiце бэз, i нават на другiм паверсе чуваць ягоны прыемны пах. Учора суседка Танька зламала пахучую гронку, шукала ў ёй кветачкі спарышы i высмоктвала. Казала, калi трапiцца пяць пялёсткаў i iх высмактаць, будзеш шчаслiвы. Я знайшоў разоў дзесяць па пяць, старанна высмактаў, нейкiя нават пражаваў, але шчаслiвым не стаў: сёння бацька зноў узяў з сабой брата, а не мяне.

Абыходзячы гразкаватую лужыну, да свайго хлява пратэпаў сусед з першага паверха дзядзька Мiша i праз некалькi хвiлiн выйшаў з зацiснутым пад пахай вялiкiм белым гусаком. Гусак вырываецца i, цiкуючы за вольнай дзядзькавай рукой, каб ушчыпнуць, круцiць доўгай шыяй. Гэта яму ўдаецца, але толькi адзiн раз. Мне дзядзьку шкада, бо ведаю, якi брыдкi i злосны гэты гусак, нiкога не прапусцiць, на кожнага шыпiць. Сусед злаўчыўся, ухапiў гусакову галаву i зацiснуў у далонi чырвоную дзюбу. Вось бы дзядзька Мiша гэтаксама зацiснуў яшчэ i дзюбу ў пеўня цёткi Моры, якi ўжо два разы мяне даганяў, збіваў на зямлю i балюча дзюбаў у галаву. Бацька прасiў Мору прадаць пеўня цi памяняць, але не пагадзiлася цётка, сказала, што яе певень добра курэй топча. Дзiўная гэтая цётка, курэй не шкадуе. Ды што казаць. Каб яе самую певень патаптаў, ды хоць бы адзiн раз дзюбнуў – адразу б з яго суп зварыла.

Гусак пад пахай у дзядзькi Мiшы не здаецца, лупiць крыламi, тузаецца, шкрабе паветра лапамi, вырываецца, ды так моцна, што з дзядзькавай галавы нават фуражка зляцела. Гэтая валтузня суседу надакучыла i, вiдавочна, раззлавала, бо ў наступнае iмгненне ён паставiў гусака на зямлю каля плота, а сам усеўся на неслуха, зацiснуўшы крылы памiж ног. Цяпер абедзве рукi ў дзядзькi Мiшы вольныя, i ён пачынае накручваць гусакову шыю вакол штакецiны. Раз, другi – шыя доўгая. Мне зверху вiдаць, як сусед тузае да сябе гусака i адначасова ўцiскае птушку ў дол. З-пад калена выбiлася белае крыло i часта часта ляпае па зямлi, ажно старое лiсце i пясок разлятаюцца ва ўсе бакi. Нават мне бачна: гусак ужо просiцца ў свайго мучыцеля i хоча, каб яго адпусцiлi. А расчырванелы ад напругi дзядзька не разумее, што птушцы балiць, ён насядае на гусака i з нейкiм, як мне здалося, шаленствам цягне, тузае птушцы галаву, ажно плот ходарам ходзiць. Цяпер мне шкада гусака. Зразумела, што пасля гэткай лупцоўкi ён ужо не будзе нi да кога чапляцца i шыпець.

– Зiнка, што з табой? – я не чуў, як увайшла ў пакой, але пазнаю за спiнай голас цёткi Марыi. – Няўжо пачынаецца?.. Цi не занадта рана ты раскапусцiлася? Сёння толькi аўторак, першая квадра месяца…

– Нешта цяжка мне сёння, – адказвае мацi. – Вядро вады ледзь прынесла…

Галасы ўсiх суседак я пазнаю з першага слова. Кабеты аднолькава шумна крычаць ранiцай на свiней, яшчэ больш дастаецца курам, якiя, вырваўшыся з седалаў, адразу лятуць на грады. Суседкі, бывае, сварацца адна на адну, i ўсё праз тых жа курэй, якiя, хоць i пазначаны фарбай (у нашых нясушак спiны выпэцканы зялёным), але агарод, як іх гаспадынi, на свой i чужы не дзеляць. Жанчыны крычаць на п’яных мужоў, а хутка будуць крычаць і на нас, дзятву, калi мы гэтаксама, як i куры, сiганём праз плот у грады, ледзь на iх нешта вырасце. Я не люблю пустога крыку, але вельмi люблю слухаць галасiстых суседак, калi яны спяваюць, асаблiва калi збiраюцца разам на нейкае свята.

– Ведаю, што рана, – пасля невялiкай паўзы стомлена працягвае мацi, – Віцю лягчэй насiла… Печ вось, быццам магнiтам, прыцягвае, здаецца, усю глiну з’ела б…

– Хлопец, напэўна, – уздыхае цётка Марыя, – але не ўгадаеш. Калі я Пецькам хадзіла – мяне на салодкае цягнула. Думала, дзяўчынка будзе. Халвы хацелася, ды гэтак моцна, што ноччу прачнуся i пах яе чую. Купляла трошкi, але ж не столькi, колькi хацелася. Глiна не халва, плацiць не трэба… Глiны ў нас, дзякаваць Богу, ёсць…

Я больш не магу глядзець на дзядзьку Мiшу, якi ўсё яшчэ мучыць гусака, i заплюшчваю вочы. Чую за спiнай таропкiя крокi. Цёплая далонь цёткi Марыi кладзецца мне на галаву.

– А што, Віця, гэткае цiкавае за акном убачыў? – пытаецца суседка.

Яна схiляецца, i я чую на спiне дотык яе мяккага цела, чую, як стукае яе сэрца, а ў нос мне, здаецца, шыбанула халвой, якую я таксама вельмi люблю. Халвой ды яшчэ сырадоем.

– Бяжы, Віця, на двор, пагуляй, – кажа мацi. – Толькi каб нi да ракi, нi да ручая не падыходзiў. Чакай бацьку з братам насупраць нашых акон, каб я цябе бачыла.

– Не хачу на двор! – крычу я, не расплюшчваючы вочы.

Цяпер я не тое што не хачу – я выходзiць на двор баюся, пакуль там дзядзька Мiша здзекуецца з гусака. Я добра ведаю: як толькi сусед мяне ўбачыць, адразу папросiць нешта цi патрымаць, цi расказаць… А мне шкада гусака, i ад гэтай шкадобы па шчоках цякуць пякучыя слёзы.

– Што ж гэта Мiшка вытварае? – убачыўшы суседа верхам на гусаку, абурана гаворыць цётка Марыя. – Што ён за нелюдзь?.. Не можа па чалавечы гусаку галаву адсекчы… А ты, Зiнка, сюды не падыходзь, табе нельга на гэтую брыдоту глядзець…

2008 г.

Цукеркi ад бацькi

Машына скрыгатнула тармазамi i спынiлася сярод дарогi ля вялiкай дажджавой лужыны. Двое дзяцей стаялi басанож у жаўтаватай вадзе i тонкiмi дубчыкамi падпiхвалi папяровыя караблiкi, якiя здалёк вылучалiся сваёй белай чысцiнёй. Хлопчык i дзяўчынка заўзята боўталi ў вадзе худзенькiмi нагамi. Хвалi беглi ад iх ва ўсе бакi i былi для маленькiх караблiкаў «штармавымi». Яны бездапаможна гойдалiся на вадзе, i калi адзiн з iх, цi два, цi ўсе тры затапляла, вясёлы гучны смех успуджваў невялiчкую чараду вераб’ёў, якiя ўладкавалiся непадалёку на бярозцы. Вераб’i весела цвiркалi, трапяталi крыламi, узляталi, але абранага месца не пакiдалi, бо нiякай небяспекi сабе не бачылi. Гульня так захапiла дзяцей, што яны нават не пачулi, як пад’ехала машына. I дождж, вiдаць, таксама не быў iм перашкодай. Iх адзенне было мокрае, i сонца, якое выглянула з-за хмары, блiшчала ў валасах, на тварах, руках вадзянымi кроплямi.

Антон Качан хацеў пасiгналiць ды пераехаць лужыну, але ў апошнi момант перадумаў. Ён дакрануўся рукой да жончынага пляча.

– Звядзi з дарогi, – кiўнуў ён на дзяцей, – ды заадно папытайся, дзе дом нумар чатырнаццаць… Толькi хутчэй, мы i так познiмся…

Тэрэза з дакорам паглядзела на мужа. Мясiць гразкую дарогу моднымi блiскучымi басаножкамi ёй не хацелася.

– А можа, аб’едзеш? – нясмела спытала яна.

– Можна i аб’ехаць, – i, разглядаючы новыя чатырохпавярховыя будынкi, незадаволена буркнуў: – На ўсёй вулiцы нiводзiн дом не пранумараваны… Адгадай тут, у якiм твая сяброўка спраўляе ўваходзiны.

Ён адчынiў дзверцы i, вылазячы з машыны, прымiрэнча прамовiў:

– Ну добра, сам папытаюся. Толькi ты свае басаножкi ўсё ж запэцкаеш… Глянь, што робiцца ў дварах. Да пад’езда хiба толькi трактарам можна пад’ехаць.

Тэрэза i сама заўважыла, што ад дарогi да кожнага дома цягнуцца сцяжынкi, вымашчаныя дзе дошкамi, а дзе i цэглай. Пасля дажджу i гэтыя пераходы апынулiся ў вадзе. «Прыйдзецца, як гэтым замурзаным дзецям, скiдаць абутак i шыбаваць напрасткi па гразi», – падумала яна i мiжволi адчула, як холад працяў ногi, быццам яны ўжо цяпер стаяць у вадзе.

Антон падышоў да хлопчыка i дзяўчынкi.

– А што, капiтаны, – весела гукнуў ён, – можа, i майму «крэйсеру» пад назвай «Жыгулi» дазволiце пераплыць ваш акiян?

Дзецi разам азiрнулiся. Ад нечаканасцi Антон скалануўся. На твары так i застыла, бы прыклеiлася, усмешка. Вочы акруглiлiся, пашырэлi i цi то са спалохам, цi то з затоенай радасцю паўзiралiся ў загарэлыя твары хлопчыка i дзяўчынкi. На бацьку глядзелi родныя дзецi!

Старэйшая, Аленка, а ёй не так даўно споўнiлася восем гадоў, была вельмi падобная на Антона. Гэткiя, як i ў яго, шэрыя вочы, шырокiя чорныя бровы, а капрызна сцятыя вусны рабiлi яе твар занадта сур’ёзным для дзiцяцi. Яна моўчкi глядзела на бацьку, i па радасным агеньчыку ў вачах было вiдаць, што пазнала яго, але разгубiлася i не ведае, як сябе паводзiць. Яе вусны варухнулiся, цела выструнiлася, напружылася, i збоку здавалася, што дзяўчынка вось-вось з радасным крыкам кiнецца да бацькi…

Менавiта цяпер, калi яна ўбачыла яго, супярэчлiвыя пачуццi ахiнулi яе маленькую душу. Яна ўспомнiла, як доўга плакала, калi мацi сказала, што бацька iх пакiнуў i жыць з iмi больш не будзе. «За што кiдаюць бацькi сваiх дзяцей?» – часта пыталася яна ў сябе, але адказу не знаходзiла. Пасля доўгiх роздумаў усё ж вырашыла, што кiдаюць непаслухмяных ды непрыгожых, i з гэтага часу, калi зазiрала ў люстэрка, шукала ў сабе заганаў, недахопаў… Аленка стрымала першае жаданне – не кiнулася да бацькi i, толькi зрабiўшы некалькi крокаў да яго, спынiлася i са стоеным нецярпеннем чакала. Востры халадок жалю да сябе i брата мiжволi падступiў да сэрца.

Антон адчуў гэты халадок дзiцячай душы i цяжка, роспачна ўздыхнуў. А насустрач яму, уздымаючы слупы вадзяных пырскаў, у якiх гуляла вясёлка, бег сын – Васiлёк.

– Та-та?! Та-тач-ка?! – усхвалявана закрычаў малы. – Ты вярнуўся да нас?! – шчаслiвая дзiцячая ўсмешка ззяла на яго твары; кiрпаты вяснушкаваты нос свяцiўся радасцю, вочы акруглiлiся i нябесным блакiтам глядзелi ў самую глыбiню Антонавай душы.

I ў Качана, якi апошнi час успамiнаў дзяцей толькi ў днi, калi атрымлiваў зарплату i шкадаваў грошай, вылiчаных на алiменты, нешта абарвалася ўсярэдзiне. Невядомае дагэтуль пачуццё кiнула яго насустрач сыну, i, прыцяўшы дыханне, Антон падхапiў на рукi худзенькае цельца. З затоенай асалодай i невыразным пачуццём палёгкi ён прыцiснуў малога да сябе i на ўсю моц сваiх лёгкiх удыхаў з маленства забыты пах вады, сонца, дзяцiнства, якiм веяла ад хлопчыка.

Цераз плячо бацькi Васiлёк убачыў сястру, якая заклала рукi за спiну i панура стаяла, боўтаючы адной нагой у вадзе. Яна з затоеным смуткам цi папрокам паглядала на iх, унiкаючы позiркаў брата.

– Аленка, ты што, не пазнала? – здзiўлена запытаўся Васiлёк. – Гэта ж наш татка!.. – і з дзiцячай непасрэднасцю дадаў: – Бяжы дахаты i паклiч мамку… Татка ж вярнуўся!

Сэнс апошнiх сынавых слоў не адразу дайшоў да Качана. А калi ён зразумеў, аб чым просiць Васiлёк сястру, кроў шыбанула ў скронi. У адно iмгненне сышлiся да пераносся кусцiстыя чорныя бровы. Шэрыя вочы зноў пазiралi з затоенай падазронасцю, а заўчасныя маршчыны ды капрызна сцятыя вусны састарылi твар. Пачуццi, якiя мiжволi вырвалiся з-пад кантролю i расчулiлi Качана, знiклi за маскай жорсткасцi i дзелавiтасцi. Ён апусцiў сына на зямлю i з цвёрдасцю ў голасе папытаўся ў Аленкi:

– Што вы тут робiце, на гэтай вулiцы?

Дзяўчынка не чакала нiякiх пытанняў ад бацькi i таму, пачуўшы яго голас, здрыганулася. Мокрыя светлыя пасмачкi яе валасоў тырчма, быццам ледзяшы, звiсалi на плечы, прылiплi да лба.

– Жывём, тата, – паспрабавала ўсмiхнуцца дачка.

– Ага, вунь у тым доме, што за зламаным трактарам, – махнуўшы рукой некуды за спiну бацькi, дадаў Васiлёк.

Антон азiрнуўся. Свежы вецер сцебануў па твары, раскудлацiў валасы, у якiя ўжо закралася павуцiннем сiвiзна.

Ён убачыў Тэрэзу, якая шпарка iшла да iх. Правай рукой яна прыцiскала да сябе чырвоную сумку, а левай раз-пораз адкiдала за вуха кудзеркi светлых валасоў, якiя ўвесь час падалi на вочы.

Убачыўшы, як хлопчык павiс на шыi ў мужа, яна здагадалася, што гэта Антонавы дзецi ад першай жонкi.

– Добры дзень, Аленка! – з перайгранай зычлiвасцю павiталася жанчына i спынiлася каля мужа. – Добры дзень, Вася! – кiўнула яна хлопчыку.

Яе твар расчырванеўся, зеленаватыя вочы з цiкаўнасцю i затоенай узбуджанасцю ўзiралiся ў дзяцей.

Аленка не адказала на прывiтанне, а толькi з непрыязню, нават варожасцю паглядзела, зразумеўшы, кiм даводзiцца гэтая расфранчаная цётка iх бацьку.

– Здрасце, – азваўся Васiлёк i насцярожлiва зiрнуў на незнаёмку.

Некалькi хвiлiн стаялi моўчкi. Сонечнае святло, адбiўшыся ад вады, трапяталася на тварах. Дарослыя i Аленка адчулi сябе неяк няёмка, i толькi Васiлёк ззяў радасцю.

Тэрэза павярнулася да мужа i адразу пляснула ў далонi, ад чаго сумка ледзь не звалiлася на зямлю.

– Ты паглядзi на сябе! – з весялосцю ў голасе ўскрыкнула яна. – I ў гэткiм выглядзе ты збiраешся сесцi за святочны стол?

Белая кашуля ў Качана была запэцкана граззю, якая, вiдаць, засталася ад брудных ног i шортаў сына.

Жанчына, задаволеная тым, што знайшла сабе занятак, пачала выцiраць белай хусцiнкай гразкiя плямы.

– Дарэмна гэта, – адсунуў жончыну руку Качан, – трэба змянiць кашулю.

– Дык паехалi, – адразу ўсхапiлася Тэрэза. – Паехалi, Антоша, памяняеш, – замiтусiлася яна, вiнавата зазiраючы мужу ў вочы.

– А як жа ўваходзiны, твая сяброўка?.. Вось i дзяцей сустрэў!..

– Нiчога, Антоша, не здарыцца, калi сёння мы i не пабудзем на ўваходзiнах, – паспяшалася адказаць яна. – Потым калi-небудзь… на машыне нядоўга пад’ехаць…

Аленка ў гэты момант, задзiрлiва пазiраючы на Тэрэзу, прашлёпала напрасткi цераз лужыну да брата i стала побач, узяўшы яго за руку.

– I да дзяцей мы яшчэ прыедзем, – працягвала Тэрэза i, звярнуўшыся да хлопчыка, з усмешкай папыталася: – Праўда, Вася?..

Ён, не адводзячы шчаслiвага позiрку ад бацькi, згодна кiўнуў галавой.

А Тэрэза спяшалася. Ёй здалося, што муж пасля сустрэчы са сваiмi дзецьмi iначай, не па-бацькоўску, пачне адносiцца да яе сына, дзевяцiгадовага Андрэя. Памiж iмi адносiны нарэшце наладзiлiся, i сын прызнаў Антона за бацьку. У Аленцы з Васiльком Тэрэза ўбачыла яўную перашкоду, якая ў адно iмгненне можа разбурыць сям’ю, парушыць яе лад. Ёй шкада было мужавых дзяцей, але невыразны страх за сябе, за лёс Андрэя ўзрушылi спакой. Захацелася зараз жа апынуцца ў сваёй хаце, у звычных умовах займацца якой-небудзь кухоннай справай, абы толькi не бачыць гэтых дзiцячых вачэй, не адчуваць сябе вiнаватай…

– Паехалi, Антоша, – напружана варухнулiся вусны Тэрэзы, i яна пацiху пацягнула мужа за рукаў кашулi.

Васiлёк убачыў гэта i, спяшаючыся, загаварыў, быццам хацеў затрымаць бацьку:

– Татка, а я восенню ў школу пайду, у першы клас…

– Малайчына, Васька! – раскудлацiў яму чупрыну Качан. – Вялiкi ўжо вырас… Вучыся добра ды старэйшых слухай…

– А мамку ён не слухае, – умяшалася ў размову Аленка.

– А вось i слухаю, – крыўдлiва азваўся брат. – А ты нагаворшчыца.

– А чаму тады спiш з машынай? – не здавалася сястра. – Мамка кажа, каб не клаў у ложак машыну, а ты ўсё роўна спiш з ёю.

Васiлёк, нешта мармычучы сам сабе пад нос, апусцiў долу галаву i ўтаропiў позiрк на свае запэцканыя ногi.

Антон паглядзеў на бялявыя, даўно не стрыжаныя сынавы валасы i зазначыў, што яны ў Васiлька таксама, як i ў яго, непаслухмяна вiхурацца на самай макушцы. «Раней не заўважаў», – падумаў Качан, а ўслых даравальна прагаварыў:

– Не трэба, дачка, не сварыся, – ён правёў жорсткай далонню па Аленчыным плячы. – Няхай Васька спiць з машынай, калi падабаецца.

– Падабаецца, татка, – адразу павесялеў хлопец. – Машына прыгожая, гоншчыцкая… Ты мне яе падарыў ужо даўно… У ёй i шафёр сядзiць у чырвоным шлеме.

Ён iрвануў руку, якую трымала сястра, i, вызвалiўшы яе, задаволена, з гонарам дадаў:

– Я, як вырасту зусiм вялiкi, таксама шафёрам буду…

– Антоша, паехалi, – зноў пацягнула за кашулю Качана жонка.

Ён згодна кiўнуў галавой.

– Ну, дзецi, да пабачэння, – паспрабаваў усмiхнуцца бацька. – Я яшчэ прыеду…

Ён пацiснуў Аленцы i Васiльку рукi i порсткай хадой напрасткi пайшоў да машыны. За iм, крыху збоку, спяшалася Тэрэза. Раптам яна спынiлася, адкрыла сумку i, нешта шукаючы, пакорпалася ў ёй. Заклапочаны твар жанчыны неўзабаве прасвятлiўся, i яна вярнулася.

– Гэта вам ад бацькi, – сказала яна, усунула ў рукi дзецям па некалькi цукерак ды дзве рублёвыя паперкi i з выглядам чалавека, якi выканаў свой абавязак, пайшла да машыны.

«Жыгулi» паварочвалiся на дарозе, калi Аленка горка прамовiла:

– Не, не прыедзе больш бацька!

– Як гэта не прыедзе? – са спалохам паглядзеў на яе брат.

– А так, – зiрнула з пагардай на машыну Аленка, – не прыедзе, i ўсё. Не пусцiць яго да нас цётка, што была разам з iм, ды i нумар кватэры, у якой жывём, татка не спытаў.

Хлопчык у адно iмгненне рвануўся ўслед за машынай, якая павярнулася ўжо i набiрала хуткасць. Васiлёк бег за «жыгулямi» да таго часу, пакуль яны не знiклi на скрыжаваннi ў канцы вулiцы.

Роспач i крыўда ахiнулi хлапчукова сэрца. Ён чакаў сённяшняга дня. Яму здавалася, што трэба толькi ўбачыць бацьку, пагаварыць з iм, i той зноў будзе яго таткам. Кожны дзень думкi пра сустрэчу вярэдзiлi душу Васiльку. Ён не верыў нi мацi, нi бабцы Шуры пра нагаворы на бацьку. Неяк ноччу яму прыснiлася, што яго татка паехаў будаваць новы горад. З хваляваннем i дзiцячым даверам ён ранiцай расказаў пра сон мацi, i тая не стала яму пярэчыць. З таго часу, калi размова заходзiла пра бацьку, Васiлёк з ахвотай расказваў пра новы горад, якi будуе яго татка. Дзецi верылi яму, а дарослыя, якiя ведалi праўду, згодна кiвалi галовамi, але ў вочы хлопчыку не глядзелi. А колькi разоў Васiлёк уяўляў сабе бацьку за рулём вялiзнай, шматтоннай машыны?! Ён чакаў яго, каб разам з Аленкай i мацi паехаць на гэтай машыне ў новы горад… А сёння яго спадзяваннi, яго вера разбiлiся. Васiлёк адчуваў сябе падманутым, бездапаможным, ён не ведаў, што цяпер рабiць, i горка заплакаў…

– Не плач, Вася, – суцяшальна прамовiла сястра, якая бегла ўслед за iм, i, цяжка дыхаючы, дадала: – Мо татка i прыедзе… Ён жа абяцаў. Давай лепш цукеркi пакаштуем.

– А-а-а! Цукеркi, – працягла закрычаў раптам брат.

Ён злымi вачыма ўтаропiўся на невялiчкiя пiрамiдкi ў блiскучых паперках. Потым з усяго маху пляснуў iх аб зямлю i пачаў таптаць нагамi, прыгаворваючы:

– Вось вам усiм, вось, – усхлiпваў Васiлёк. – Не люблю я вашых цукерак, ад iх баляць зубы, ад iх плакаць хочацца. I грошы мне не патрэбны…

Ён выхапiў цукеркi з рук у сястры i таксама ўтаптаў iх у гразь…

Крыху супакоiўшыся, Васiлёк глыбока засунуў рукi ў кiшэнi i моўчкi, сутулячыся, бы старэнькi дзядок, пайшоў дахаты. Аленка iшла ўслед за братам.

Качан гнаў машыну на павышанай хуткасцi. Дажджавыя лужыны на дарозе з шыпеннем прапускалi праз сябе «жыгулi», i тысячы пырскаў у гэты момант вiхурылiся вакол машыны, залiвалi шкло, замiналi добра бачыць дарогу. Муж i жонка ехалi моўчкi, думаючы кожны сваё. Здалёк даносiлiся грымоты перуна. Вялiзная чорная хмара, якая набрыняла, агрузла ад лiшку вады, зiхацела блiскавiцамi. Яна захiнула палову неба i, амаль чапляючыся за вершалiны дрэў, сунулася на ўсход. Наваколле, прыцiшанае навальнiцай, зноў ажывала…

Але Качан не заўважаў нi вясёлкi праз увесь небасхiл, нi мiтуснi ластавак на тэлефонных правадах абапал дарогi, нi насычанай водарам траў лёгкай пары, якая падымалася ад зямлi i, здавалася, па сонечных промнях спяшалася ў блакiтную вышыню. Ён гнаўся ўслед за раз’юшанай стыхiяй, а думкi мiжволi вярталiся назад, на вулiцу, дзе сустрэў дзяцей. Душу вярэдзiла, расчульвала нешта даўно забытае… I гэтае нешта да дрыготкi ў пальцах хвалявала Качана. Здалося, што колiсь у яго быў гэткi стан душы.

Успамiн нечакана перанёс Антона ў дзяцiнства, i адразу ён зразумеў, адкуль iдуць гэтае хваляванне, гэты неспакой. Да дробязей прыпомнiў той вясновы, па-летняму сонечны дзень, калi ў хаце адбылася звада. Мацi сварылася на бацьку, а той моўчкi сядзеў на лаве i слухаў, утаропiўшы вочы на кiрзачы. Потым устаў, моўчкi засунуў у кiшэню камбiнезона брытву i, гледзячы ў падлогу, выйшаў. Але праз хвiлiну дзверы адчынiлiся, i бацька ўсхвалявана, аднымi вуснамi прашаптаў: «Усё, Надзея, нажыўся я з табой. Нагi маёй болей не будзе ў гэтай хаце».

Успомнiў Антон, як ён нема роў, пачуўшы гэтыя словы, як бег за трактарам, на якiм працаваў бацька, у поле. Успомнiў, як кiнуўся напярэймы да магутнай машыны i, калi бацька вылез з кабiны, аберуч абхапiў яго за шыю, моцна прыцiснуўся да няголенай шчакi i больш не адпусцiў. Так i аралi разам да самага вечара. Антон нават не заўважыў, як i заснуў. А на другi дзень прачнуўся рана i зноў хацеў бегчы да бацькi i прасiць, каб не кiдаў iх i вярнуўся дахаты. Але калi адчынiў дзверы на кухню i ўбачыў, што бацька i мацi, абняўшыся, стаяць ля акна i цiха смяюцца, адчуў сябе самым шчаслiвым чалавекам ва ўсiм свеце…

Машыну падкiнула на невялiкай калдобiне i крыху занесла ўлева. Качан нервова крутануў кола руля i скiнуў хуткасць. На шчоках ходырам хадзiлi жаўлакi, на душы было прыкра i горка.

Сэрца калацiлася, яго кожны ўдар балюча аддаваўся ў грудзях. «Чаму яно так балiць? – падумаў Антон. – Чаму гэтак гулка аддаецца ў скронях?»

Разам з пачуццём спустошанасцi, няёмкасцi перад дзецьмi ўпершыню з’явiлася пачуццё адказнасцi за iх далейшы лёс. Сёння Антон зразумеў, што не толькi грошы, якiя ён зарабляў на шабашках, патрэбны дачцэ i сыну. Зразумеў, што перш за ўсё Аленцы i Васiльку патрэбен бацька… Але ж грошы!.. Iх зарабляў Качан усюды: пасвiў аленяў у тундры i авечак у гарах Каўказа, працаваў на новабудоўлях, нават нейкi час лавiў змей у пустынi. Дэвiз сабе прыдумаў, якi назваў «качаноўскiм»:

Рабi там, дзе болей плата,

Грошай каб было багата.

Сяброў у яго не было, былi «патрэбныя людзi». Антон любiў паўтараць: «Кожны чалавек сам куе сваё шчасце». I калi хто знаёмы пытаўся, што «куе» менавiта ён, Качан з ахвотай кiдаў у адказ: «Грошы». Антон лiчыў дзiвакамi тых, хто спрабаваў яму даказаць, што шчасце не ў iх, не ў гэтых паперках. Калi такi чалавек знаходзiўся, ён згодна кiваў галавой i гаварыў: «Праўда ваша, шчасце не ў грашах, – i, крыху памаўчаўшы, абавязкова дадаваў: – А ў iх колькасцi…»

I Антон каваў. Ён не зважаў на тое, што кавадла ператварыла яго самога ў нейкi механiзм, якi працаваў толькi тады, калi за гэта добра плацiлi. Пачала знiкаць добразычлiвасць да людзей. Чужы боль апошнiм часам мала яго цiкавiў i зусiм не хваляваў. Калi паўтара года назад ён сустрэў Тэрэзу, якая спадабалася яму сваёй прыгажосцю i гаспадарлiвасцю, Качан не перажываў пакут сумлення, а, склаўшы рэчы, пераехаў да яе. Тады ён сказаў першай жонцы: «Сустрэў тую, якая прынясе мне шчасце. На развод падам сам, i наконт алiментаў не хвалюйся. Працую я добра, так што грошай будзе хапаць…» Сказаў, быццам адкiнуў, адрэзаў кавалак жыцця.

А сёння ён раптам адчуў сябе спустошаным, непатрэбным i ўпершыню за жыццё мiжволi запытаў у сябе: «Адкуль у мяне гэтая хваравiтая сквапнасць? Чаму я такi эгаiст? Чаму я не працую, як усе людзi, а лётаю за доўгiм рублём?»

I зноў памяць вяртае Антона ў дзяцiнства.

…Вось ён стаiць пасярод хаты i румзае, старанна выцiраючы кулачкамi шчокi, па якiх цякуць слёзы. Мацi трасе перад iм дзённiкам i сварыцца за атрыманую двойку. У кутку, ля печы, сядзiць баба Насця i лушчыць фасолю. Яна раз-пораз кiдае позiркi хiтрых вачэй на дачку i ўнука. Ёй таксама карцiць нешта сказаць, але дзе ж ты спынiш мацi, якая не на жарт разышлася, i, пакуль не выгаварыцца, Антон павiнен плакаць ды абяцаць, што больш не атрымае дрэннай адзнакi. Выратавала печ, у якой нешта зашыпела, затрашчала, i мацi з крыкам: «Зацiрка сышла!» – кiнулася ратаваць вячэру. А бабка Насця ўжо стаяла ля ўнука i працягвала яму некалькi медзякоў: «Бяры, унучак, гэта табе аванс. Я хачу, каб ты вывучыўся на iнжынера. За кожную пяцёрку буду даваць табе дваццаць капеек». З гэтага часу ў дзённiку ўнука двойкi больш не з’яўлялiся. Цяпер Антон лiчыў вучобу працай, i здаралася, што за тыдзень ён зарабляў па два рублi, а то i больш. Тады ён вучыўся ў пятым класе i вельмi марыў набыць веласiпед. Але калi бабка «выплацiла» Антону за пяцёркi суму, дастатковую, каб яго купiць, гэтая мара знiкла. Ён нiкому не прызнаўся, што шкада стала грошай, а толькi паведамiў бабцы, што лепш адразу купiць матацыкл. Матацыкла Качан таксама не купiў. «Лепш машыну», – сказаў ён мацi, калi вярнуўся з армii. Але i «жыгулi», на якiх яны цяпер iмчалiся, купiў не Антон. Гэта падарунак маладым ад бацькi Тэрэзы, цесця.

У душу Качана пачало закрадвацца сумненне. Ён раптам зразумеў, што нешта робiць не так… Перад iм стаялi сынавы вочы, якiя так шчыра ззялi шчасцем, калi Васiлёк глядзеў на бацьку. Гэты позiрк узрушыў Антона, прымусiў мацней калацiцца сэрца. «Чаму мой лёс склаўся так? – пытаў у сябе Качан. – Чаму мой бацька, чалавек негаваркi, неадукаваны, якi не чытаў нi Макаранкi, нi Сухамлiнскага, адразу зразумеў мяне ў той вясеннi дзень, сэрцам пачуў хлапчукоў боль? А я, яго сын, нават не пацалаваў Аленку i Васiлька на развiтанне. Паводзiў сябе так, быццам яны i не родныя дзецi…»

Качану раптам здалося, што ён сёння страцiў сябе, страцiў мэту, дзеля якой жыў. Захацелася зноў убачыць дзяцей, пагаварыць з iмi, пачуць iх смех… Ён з’ехаў з дарогi i спынiў машыну ля самай канавы. Тэрэза запытальна ўзняла вочы на мужа.

– Я вяртаюся, – асiплым голасам прагаварыў Антон, не гледзячы на жонку. – Мне трэба яшчэ iх убачыць.

Тэрэза павярнулася ўсiм корпусам да мужа, вусны яе задрыжалi, пальцы нервова перабiралi канцы хусцiнкi. Яна стрымлiвала сябе, каб не заплакаць.

– Я не ўсё iм сказаў, – з трывогай у голасе рашуча дадаў Антон i слiзгануў позiркам па яе дрыготкiх губах.

– Добра, добра, Антоша, – заспяшалася Тэрэза. – Я ж не супраць… гэта ж дзецi. Можа, i ў магазiн заедзем ды купiм што? Два рублi я iм дала ды цукеркамi пачаставала, але ж гэта не тое…

Праз паўгадзiны Качан ужо быў у пасёлку i спынiў машыну там, дзе i раней, – ля лужыны. Дзяцей на вулiцы не было. Ён падняў з зямлi дубчык i спiхнуў у ваду адзiн з караблiкаў, якi ляжаў у пяску. Караблiк сутаргава тузануўся, вiдаць, ад моцнага штуршка, i, зачарпнуўшы праз борт вады, завалiўся набок. Антон кiнуў дубец i паглядзеў на дом, у якім, як казаў сын, яны жывуць. У двары дзяцей таксама не было. Качан паволi пайшоў па дарозе. Ён не ведаў кватэры, у якой жывуць дзецi, i таму цяпер думаў: цi варта iсцi да суседзяў i пытацца пра былую сям’ю? Млява ныла сэрца, i недзе ў глыбiнi душы з’явiлася пачуццё незадаволенасцi сабой, сваiм цяперашнiм жыццём i зробленымi ўчынкамi. Антон захваляваўся яшчэ мацней ад думак, якiя нахлынулi на яго, авалодалi ўсёй iстотай. «Я ж пакахаў другую, – шукаў ён сабе апраўдання, – я ж добра працую i спраўна плачу алiменты, не хаваюся ад дзяцей, як некаторыя». Але гэтыя доказы не супакоiлi, а, наадварот, яшчэ больш узрушылi. «А чым вiнаватыя Аленка i Васiлёк? – бухала ў адказ у скронях. – Чаму яны жывуць без бацькi? Чаму пра iх лёс, пра iх пачуццi ты ўспомнiў толькi сёння? Вось i цяпер ты шукаеш сустрэчы з дзецьмi, а навошта, што ты iм хочаш сказаць?..» Качан спынiўся i са смуткам у вачах паўзiраўся на раскiданыя па дарозе цукеркi. Было вiдаць, што iх тут не згубiлi, а выкiнулi ды яшчэ i затапталi ў гразь.

– Гэта ж мой пачастунак, – пачуўся за спiнай у Антона трывожны голас Тэрэзы.

Некалькi хвiлiн стаялi моўчкi. Вецер цiха шамацеў лiсцем маладых бярозак, пасаджаных не так даўно абапал дарогi, шкуматаў каляровыя паперкi, у якiя былi закручаны цукеркi.

– Не, жонка, – схамянуўся Антон, – гэта не пачастунак дзецi затапталi ў гразь, а нешта большае…

1986 г.

Боль

Споведзь мiлiцыянера

Сплю дрэнна, за ноч прачынаюся па некалькi разоў ад болю ў галаве. Здаецца, што хтосьцi нябачны быццам абручом сцiскае патылiцу, скронi, i боль працiнае цела, паралiзуе волю i жаданне супрацiўляцца. Робiцца крышачку лягчэй, калi адчыняю фортку i на поўныя грудзi ўдыхаю вiльготную начную прахалоду. Думкi запаволена, без усялякай сувязi перакручваюцца, чапляюцца адна за адну, але нейкi час не магу думаць лагiчна, перашкаджае толькi што бачаны сон…

Бачыў сябе зноў у зоне… Снiлася, што нёс каравул i галоўная задача – не прапусцiць людзей у iх родную вёску, якая шэрымi дахамi паўставала за невялiчкiм пагоркам. Людзi спачатку дабром прасiлi, потым пагражалi, плакалi ля шлагбаума, але я цвёрда стаяў на сваiм – за дрот нiводнага чалавека, – гэткi загад. Сярод людзей бачыў i мацi. Яна не напiрала, як астатнiя, а моўчкi стаяла воддаль i ўвесь час пiльна ўглядалася мне ў вочы, раз-пораз прыцiскаючы да вачэй ражкi квяцiстай хусцiнкi – мой падарунак да дня нараджэння. За ўвесь час не пачуў ад яе нiводнага слова, дый непатрэбныя былi яны. Я бачыў, што мацi няёмка за мяне, за маю службу, за прынцыповую пазiцыю i катэгарычнае «нельга». Дый не толькi мацi, усе глядзелi на мяне так, быццам гэта я ва ўсiм вiнаваты, быццам з-за мяне не падоены каровы, не пазачынены юшкi ў хатах, беспрытульна бадзяюцца па вёсках куры i свiннi. Мне хацелася крыкнуць: няма маёй вiны ў тым, што здарылася, але матчыны вочы не даюць зрабiць гэтага, я не мог i падысцi да яе, каб хоць павiтацца, пацалаваць… Як укапаны стаяў сярод дарогi, не ссунуць… Людзi напiралi, але марна, мяне немагчыма было нават скрануць з месца, мяне трымаў загад. Бачыў, як некалькi старэнькiх бабуль, дапамагаючы адна адной, па чарзе падымалi калючы дрот, прапаўзалi ў зону. Я ведаю, што бабулькi не марадзёры, не рабаўнiкi – яны хочуць памерцi на зямлi сваiх продкаў.

Тут я прачнуўся, i боль запаланiў усю маю iстоту… Але ж бабулькi былi, i не ў сне!

Пацiху, каб не разбудзiць жонку, сунуся на кухню, п’ю халодную ваду з-пад крана i смалю адну за адной цыгаркi, аж покуль жонка не забiрае пачак з рук. Пра што яна гаворыць, не чую, але добра ведаю. Доўга ляжу з заплюшчанымi вачыма i чакаю, чакаю, калi зноў абруч сцiсне галаву.

Калi ўпершыню з’явiўся гэты боль? Здаецца, на трэцi дзень службы ў зоне. Памятаю халаднаватую, слотную ноч. Каб крышачку сагрэцца i папiць кiпеню з цукеркамi, насек у невялiчкiм сасоннiку дроў, распалiў цяпельца. Тут, ля вогнiшча, упершыню растала ў вачах наваколле, усяго на якую хвiлiну, але i гэтай хвiлiны хапiла, каб кашуля прылiпла да спiны, а цела стала нейкiм чужым, з ватнымi, непаслухмянымi нагамi, з галавой-званiцай. На другую ноч таксама палiў вогнiшча i зноўку, бы той сноп, звалiўся на зямлю. Толькi цяпер зразумеў, што за дровы палiў, i больш нават не падыходзiў да сасоннiку, але таго, што ўхапiў, вiдаць, было дастаткова. Боль не знiк, ён, здаецца, назаўсёды абраў мяне сваёй ахвярай. Я навучыўся распазнаваць яго наблiжэнне, кожны мускул, кожны волас адчувае яго блiзкасць.

Хваляванне – першы знак. Потым праз некалькi хвiлiн чакай, як «свердзелы» ўвап’юцца ў скронi. Памятаю, як хадзiў да доктаркi.

– Што балiць? – не гледзячы ў мой бок, спытала жанчына ў белым халаце.

– Галава.

– Галава павiнна балець, на тое i чалавек. А калi дакладней?

– Галава.

– Зразумела, без аналiзаў тут не абысцiся, – усё яшчэ не гледзячы на мяне, прагаварыла доктарка i ўсунула ў рукi стос паперак.

Аналiзы здаваў ажно тры разы, i толькi потым урач загаварыла больш-менш па-чалавечы.

– Ну вось, – абыякава пазiраючы на мяне, прагаварыла яна, – нарэшце падагналi… Я хацела сказаць, што вашыя аналiзы блiзкiя да нормы. Былi ў зоне?

– Быў.

– Зразумела. Галава ўсё яшчэ балiць?

– Балiць. Доктар, а ў мяне не падучая? – у сваю чаргу спытаў я.

– Не. Сваю хваробу Вы прывезлi адтуль… Цяпер Вам патрэбны чыстыя прадукты, iкорка, ну i каб нiякiх хваляванняў.

Больш да iх я не звяртаўся, iкоркi, як сказала доктар, таксама не еў… Паспрабаваў сам пазбавiцца ад сваёй хваробы па сiстэме ёгаў. Атрымалася, але не адразу, не мог падабраць слова-шчыт. Знайшоў выпадкова. Убачыў трактар, якi капаў канаву, i яно само з’явiлася. «Бульдозер» – вось ён, мой шчыт. Цяпер, калi адчуваю наблiжэнне болю, змаўкаю i кажу сабе: «Я – бульдозер, я – бульдозер…» I, дзiўная рэч, боль бы натыкаецца на нябачную перашкоду i часцяком адыходзiць, толькi хваляй страсяне галаву.

Дзiўна, але людзi мяне пачалi разумець без слоў. Дый хоць бы ўзяць заўчора. Мужчына папрасiў дапамогi, яго абабраў рэкецiр. Паказаў мне таго хлопца ў чорнай скуранцы. Я да яго, ён задаў лататы, я за iм… Праз тры крокi звалiлася фуражка, праз дзесяць – левы чаравiк. Мацюкнуўся на форму i пабег далей басанож па асфальце. Памятаю твары людзей: адны смяялiся, гледзячы на мяне i злачынцу, другiя засяроджана маўчалi, хтосьцi паспешлiва адварочваўся, каб нi мяне, нi яго не бачыць. Толькi ў адным усе былi аднолькавыя – заўчасна разыходзiлiся, саступаючы нам дарогу. Праўда, адна бабулька пашкадавала, калi бег паблiзу, не надта голасна прагаварыла: «Не бяжы ты за iм, сынок, бачыш – смяюцца… Нiкому гэта не патрэбна, навошта ж табе?..» Я нават абурыўся на пачутае! Як нiкому не патрэбна? А мне? А таму, каго абабралi? Гэтае абурэнне надало сiлы, i праз сотню метраў злачынцу дагнаў, збiў з ног i доўга ляжаў, закруцiўшы ягоную руку за спiну, чакаючы падмогi. Машыны не было, вiдаць, не чулi маёй рацыi. Звязаў аборкай, якую заўсёды маю на гэткi выпадак, наручнiкi ёсць не ў кожнага мiлiцыянера – не хапае.

Бабулька як у ваду глядзела, бо першае, што ў аддзеле спытаў дзяжурны, гэта пра пацярпелага. Толькi цяпер я заўважыў, што чарнявага з потным тварам побач няма. Затрыманы, вiдаць, хлопец бiты, адразу ўцямiў, што да чаго, i запатрабаваў пракурора, крычаў, што спалохаўся мiлiцыянера, таму i пабег, а больш нiчога не ведае i ведаць не жадае. Але толькi ён зiрнуў мне ў вочы, адразу сцiшыўся, здалося, зрабiўся меншы ростам. «Я – бульдозер… Я – бульдозер…» – паспешлiва паўтараў я ў думках, але боль усё ж такi мiмаходзь прайшоўся, я добра памятаю яго шапаценне ў валасах. А рэкецiр мяне зразумеў, нават не патрабаваў, каб вiнавацiўся перад iм, праўда, да самага выхаду з памяшкання падазрона азiраўся ў мой бок. Цiкава, пра што ён у той момант думаў? Але навошта мне ягоныя думкi? Навошта, калi i мае нiкому не патрэбныя. А я сам са сваёй хворай галавой цi патрэбны каму?

А што было ўчора? Ага, дэсантнiкi… Яны святкавалi сваё свята i на добрым падпiтку ламанулiся ў рэстаран, а месцаў, як заўсёды, не было. Я стаяў памiж iмi i адмiнiстрацыяй, стаяў мёртва, не пасунуць. Адзiн маладзенькi, зусiм хлапчук, лаяўся, нёс розны бруд, што не пераказаць. Я змаўчаў. Тады ён iрвануў на грудзях цяльняшку. Велiзарны барвовы пiсяг ад жывата да левага пляча змяёй варушыўся на целе былога дэсантнiка. Але i пiсяг мяне не скрануў з месца – ад дзвярэй нi на крок. I зноў пасыпалася: «…мент, дзе ты быў, калi я за цябе ваяваў у Афгане? Я хачу памянуць сяброў, што засталiся ТАМ!» Нарэшце не вытрымлiваю i таксама крычу (у думках, iнакш не маю права), што ў мяне пад формай гэткi ж цельнiк, прапахлы салдацкiм потам, што ён таксама высушаны на пякучым афганскiм сонцы, толькi крышачку раней, чым твой, хлопча… А вось чаму мы, салдацiк, былi там? А потым яшчэ зона? Мо адна з тых бабулек, што пралазiлi пад дротам, – твая родная? Чаму не было каму пахаваць яе i нябожчыца цэлы тыдзень праляжала ў сваёй хаце, аб’едзеная здзiчэлымi катамi i пацукамi? Хто i табе ўбiў у галаву, што я вiнаваты ва ўсiх бедах? I хлопец раптам спынiўся, ён нешта адчуў, мо боль, якi ў гэты момант на дыбачках падкрадваўся да мяне? «Я – бульдозер… Я – бульдозер…» Позна. Па-здраднiцку задрыжэлi ногi, захiсталiся перад вачыма твары, ператвараючыся ў адну плоскую масу. Я адчуў, а мо толькi здалося, як хлопец паклаў руку на плячо i сарамлiва, прыкрываючы знявечанае пiсягом цела, прагаварыў: «Прабач, зямляк, трымайся…» Я ўстаяў, не завалiўся, падтрымалi дэсантнiкi, i праз якую хвiлiну ўсё было цiха, дапамога не спатрэбiлася.

Сёння здарылася надзвычайнае. Прыйшоў з работы i не паспеў пераапрануцца, як меншы сын падхапiў фуражку.

– Тата, я хачу быць як ты! – ускрыкнуў ён i аж засвяцiўся ад радасцi.

Нечаканая сынава радасць выбiла з каляiны, нiколi не думаў, што ён таксама можа надзець форму. Аказалася, што не хачу, каб мой сын быў як я. Не хачу свой боль перадаваць у спадчыну. Хай ён будзе толькi мой i больш нiчый, хай на мне i скончыцца.

«Я – бульдозер… Я – бульдозер». Не спрацоўвае! Усё!

Ляжу з заплюшчанымi вачыма i чакаю, чую, што боль недзе зусiм блiзенька, ён цiкуе за мной, выбiрае месца, каб спрытней ухапiць. Але боль нешта падазрае, вiдаць, адчуў пастку, не хоча быць злоўлены назаўсёды. А я задаволены, упершыню за апошнiя гады не адчуваю боязi, а, наадварот, наўмысна чакаю сустрэчы, хачу схапiць яго i больш нiколi не выпусцiць… Нiколi!

1988 г.

Хто наступны?

Вячэрнi змрок хутка наступаў на Заблудную лукавiну. Некалькi хвiлiн таму вершалiны векавых дубоў яшчэ iскрылiся жаўтаватым жнiвеньскiм лiсцем у сонечных промнях, i вось ценi-шчупальцы ад галiнак цягнуцца да зямлi. Кусты, што запаланiлi гэты ўскраек зямлi, пачалi проста на вачах распаўзацца, расплывацца, ператварацца ў зменлiвыя хiсткiя прывiды. З бакоў Заблудную лукавiну ўзяла ў клешчы рака Мнюта. Яе чыстая празрыстая вада адгарадзiла невялiкi лапiк зямлi як нi ад усяго свету, пакiнуўшы толькi вузкi праход у адным месцы.

Пасярод векавых дубоў ураслi ў зямлю два вялiкiя камянi-валуны. Адзiн, што крыху меншы, быў над самым берагам ракi i, падточаны знiзу паводкамi, кожную вясну мог звалiцца ў раку. Другi, большы, падобны на калматага агромнiстага мядзведзя, якi толькi ўзняў морду, каб агледзець наваколле пасля зiмовай спячкi, ды, бы зачараваны, так i застыў на стагоддзi. Камень-мядзведзь – зялёны, з нейкiм бурштынавым адлiвам. Праўда, адзiн бок чорны, але не ад прыроды, а ад дыму вогнiшчаў, што кожны вечар палiлi тут сябры – Вiцька, Цiмка i Пятрусь. Заблудная лукавiна, гэтыя валуны, векавыя дубы, рака – усё было iх месцам, iх маленькiм патаемным куточкам, дзе можна было рабiць усё што хочацца… Сюды нiколi не хадзiлi дарослыя, лiчылi Заблудную лукавiну месцам нядобрым, нават небяспечным.

З надыходам вечара, як толькi знiкала за Замкавай гарой сонца, Заблудная лукавiна ажывала. З боку невялiкага балота, куды сябры нiколi блiзка не падыходзiлi, калi-нiкалi даносiлiся глухiя гукi, бы хтосьцi цяжка ўздыхаў i клiкаў на дапамогу. У гэтыя моманты сябры блiжэй падсоўвалiся да цяпельца, гаварылi толькi шэптам. Часам здавалася, што разам са стогнам сiлiўся ўзняцца на лапы i камень-мядзведзь, але нешта вельмi моцна трымала яго, не адпускала. Сябры ведалi, што гэта стогне багна. Як кажуць старыя з Прагулянкi, тут некалi заблудзiў i ўтапiўся малады хлопец. Раней сябры нiколi не заставалiся да ночы на лукавiне, баялiся. Але ж паляцелi ў космас Гагарын, Цiтоў, а яны баяцца ноччу быць на Заблудцы… Пад вялiкiм сакрэтам вырашылi таксама рыхтаваць сябе да палётаў у космас i перш-наперш выхаваць у сабе смеласць, пазбавiцца ад розных страхаў. Вырашана – зроблена. Апошнi тыдзень хлопцы пад рознымi прычынамi сыходзiлi вечарамi з дому, сустракалiся на ўскрайку вёскi i моўчкi сунулiся да каменя-мядзведзя.

Сёння прыйшлi толькi Вiцька i Цiмка. Яны загадзя падрыхтавалi цяпельца i з паўгадзiны назiралi за апошнiмi сонечнымi промнямi ў вершалiнах дубоў. Сонца знiкала, i ноч апускалася на зямлю, галiнкi-шчупальцы пачалi цягнуцца да зямлi, кусты-прывiды заварушылiся i падыходзiлi ўсё блiжэй i блiжэй. Вiцька чыркнуў запалкай, i ў наступны момант ажыў камень-мядзведзь. Ягоны агромнiсты цень заварушыўся сярод дубоў i знiк дзесьцi на другiм беразе ракi, заварушылася задраная ўгору морда, ценi дрэў, бы нечыя рукi, дакраналiся да яго, iмкнучыся выцягнуць з зямлi. Усё наўкол хiстаецца i танцуе. Раптам з гушчару чуецца працяглы стогн:

– У-у-ух…

Сябры ашалелымi вачыма азiраюцца, туляцца блiжэй адзiн да аднаго.

– А тут ноччу не т-т-так i страшна… – першы кажа Цiмка i чамусьцi заiкаецца.

– Пятрусь сёння не прыйдзе, – неўпапад гаворыць Вiцька i падкiдае ў агонь сухога ламачча.

– Трэнiровак кiдаць нельга, – шэпча Цiмка i напружана сцiскае вусны.

З выгляду сябры зусiм розныя. Цiмка чарнявы, з жорсткiм непаслухмяным чубам, чорнымi вачыма, якiя па-даросламу глядзяць з-пад высокага лба. Вiцька, наадварот, бялявы, нават рыжы. Цяпер на яго вяснушкаватым кiрпаносым твары адбiваецца смутак, блакiтныя вочы поўняцца слязьмi, i немагчыма зразумець чаму, цi то ад дыму цяпельца, цi то ад успамiну пра Петруся…

– Сёння нашыя бацькi занятыя, – азiраецца на кусты Цiмка, – можна ўсю ноч трэнiравацца…

– У-у-ух…

Цяпер стогн чуецца быццам пад самымi нагамi, i адразу агонь паменшаў, ад ракi падзьмуў халодны вятрыска, замiльгацелi, перамяшалiся ў адно кусты-прывiды.

Сябры, не згаворваючыся, кiдаюць ламачча ў агонь.

– А ты верыш пра тапельца? – калi ўсё сцiшылася, шэптам пытаецца Цiмка.

– Веру, мне старая Пачопчыха расказвала, што даўным-даўно, калi на Замкавай гары стаяў панскi маёнтак, туды пан забраў прыгожую маладую сялянку. А ў яе быў жанiх, яны кахалi адно аднаго, але пан вырашыў па-свойму, ён таксама хацеў ажанiцца з прыгажуняй. Ён загадаў спаймаць хлопца, выкалаць яму вочы i пусцiць на ўсе чатыры бакi. Панскiя халуi так i зрабiлi. Але хлопец не мог далёка адысцi, таму, казала Пачопчыха, i кружыў вось тут, дзе мы сядзiм, пакуль не ўвалiўся ў багну.

– Я таксама гэта чуў, – цяжка ўздыхае Цiмка, i зноў сябры кiдаюць назбiраныя ўдзень галiнкi ў агонь.

– А яшчэ я чуў, што той хлопец i па сённяшнi дзень начамi выходзiць з багны i блукае па Заблудцы, шукае сваю каханую.

Раптам з кустоў чуецца трэск галiнак, шамаценне лiсця, хтосьцi iдзе. Вiцька i Цiмка са страхам глядзяць на кусты i не могуць вымавiць нi слова. Яны падхоплiваюцца на ногi, гатовыя ў любы момант задаць лататы, але iх стрымлiвае толькi адно: нiхто не хоча кiнуцца наўцёкi першы. Шамаценне наблiжаецца, Вiцька не вытрымлiвае, хапае з вогнiшча вялiкую, як узяць у руку, галавешку, Цiмка – таксама. У наступны момант святло вогнiшча выхоплiвае з цемры Петруся. Некалькi хвiлiн усе стаяць моўчкi, Вiцька i Цiмка не могуць паверыць сваiм вачам, але Пятрусь разагнаў апошнiя сумненнi:

– Я прыйшоў сказаць, што не буду больш трэнiравацца ў касманаўты…

– Ты прайшоў праз усю лукавiну наўпрасткi? – здзiўлена ўскрыкнуў Цiмка.

– Я больш Заблудкi ноччу не баюся, – сядаючы ля цяпельца, абыякава адказвае Пятрусь, i ягоныя вочы напаўняюцца слязьмi. – Я больш нiчога i нiкога не баюся! – крычыць на ўсю моц Пятрусь i, уткнуўшыся галавой у каленi, горка, наўзрыд плача.

Петрусю iшоў дванаццаты год, сябры былi аднагодкамi, але сёння ля вогнiшча Вiцька i Цiмка ўбачылi невядомага дагэтуль хлопца. Вонкава ён быў такi ж: бялявы, гэткi ж падстрыжаны модна, пад «бокс». Але хлопцы раптам адчулi, што iх сябра Пятрусь за апошнiя днi стаў iншым, маленькiмi сэрцамi зразумелi, што ўжо не будзе ў iх ранейшых адносiн. Яны глядзелi на яго, як на дарослага, а сябра плакаў i некаму невядомаму пагражаў:

– Я адпомшчу!.. Я адпомшчу!..

Хлопцы стаялi каля Петруся, i iм таксама не было страшна, з ягоным прыходам кудысьцi прапалi жахлiвыя стогны i прывiды. Вiцька i Цiмка маўчалi, яны не ведалi, што трэба рабiць у такiх выпадках, як дапамагчы сябру.

Няшчасце здарылася два днi таму. Сябры вярталiся з Заблуднай лукавiны, дзе ўдзень назбiралi сухога хмызняку для сваiх вячэрнiх трэнiровак, i, ужо стоячы ля старой закiнутай кузнi, раптам убачылi Iванiху, далёкую Петрусёву сваячку. Старая бегла па вулiцы i галасiла. Што яна крычала, хлопцы не разабралi, але па тым, як яна шпарка забегла ў Петрусёву хату, па тым, як адразу выбегла на вулiцу ў расхрыстаным халаце ягоная мацi i кiнулася да ракi, зразумелi, што здарылася нешта благое. Пятрусь з усiх ног пабег наўздагон мацi, Вiцька з Цiмкам пераглянулiся i таксама рванулi за Петрусём. Яны не дабеглi да ракi метраў дваццаць, як заўважылi купку вяскоўцаў. Мужчыны панура смалiлi цыгаркi, бабы, убачыўшы Петрусёву мацi, моўчкi, прыцiскаючы да вачэй ражкi хусцiнак, саступiлi ёй дарогу. Праз хвіліну ад ракi пачуўся жахлiвы жаночы крык…

Там, куды праз некалькi хвiлiн працiснулiся Цiмка з Вiцькам, раскiнуўшы рукi, ляжаў Петрусёў бацька. Вакол яго зямля была перакапаная, быццам дзiрванне рвалi рукамi. Калi хлопцы глянулi на рукi дзядзькi Пятра, то зразумелi, што так яно i было. Хутчэй за ўсё ён, перасiльваючы невыносны боль, чапляўся за зямлю, на пальцах, крывава-сiнiх, пазногцi былi садраныя. Яны былi больш падобныя да кiпцюроў каршуна, якi ўпаляваў здабычу… Учарнелы дзядзька Пятро вялiзнымi чырвонымi вачыма мёртва глядзеў у адну кропку, туды, дзе валялася пустая бутэлька…

Цётка Марыя дрыготкiмi рукамi абхапiла мужаву галаву, паклала сабе на каленi i, кiваючыся з боку ў бок, загаласiла. Каля яе моўчкi стаяў збялелы, як снег, Пятрусь. Хтосьцi з мужчын нарэшце прагаварыў:

– Фельчара трэба было б паклiкаць…

– Ужо паклiкалi, – адказаў другi голас.

– Страшна памёр Пятро, – са скрухаю прагаварыў першы голас.

– Згарэў ад гарэлкi, – усхлiпнула Пачопчыха i, крыху счакаўшы, дадала: – Не было блiзка чалавека, можна было б выратаваць…

– А ўсё праз гэты спiрт кляты, – загаласiла старая Iванiха, – ён на нашу галаву…

Старая не дагаварыла. На яе голас азiрнуўся Пятрусь.

– Як гэта згарэў? – дрыготкiмi вуснамi прашаптаў хлопец. – Хiба ж можна згарэць без агню?

– Агонь быў усярэдзiне твайго бацькi, мая ты сiрацiначка, – старая пацягнулася зморшчанымi, счарнелымi рукамi да Петруся.

У гэты момант на другiм беразе ракi радасна, бы святкуючы перамогу, загудзеў заводскi гудок i з вялiкага, складзенага з чырвонай цэглы комiна вырвалiся чорныя клубы дыму. Вецер гнаў iх сюды, на гэты бераг, дзе ляжаў дзядзька Пятро.

Пятрусь адпiхнуў Iванiху, падбег да бацькi i, ухапiўшы за руку, пацягнуў.

– Татачка, родненькi, уставай! – душачыся слязьмi, крычаў ён. – Гэта няпраўда, ты не мог згарэць, гэта ж не пажар…

– Ды забярыце вы дзiця, мужчыны, – не вытрымала цётка Фрося, – адвядзiце дадому.

Дзядзька Коля, Цiмкаў сусед, кiнуў у раку недакурак i паклаў цяжкую, парослую чорнымi валасамi руку на плячо хлопцу:

– Пойдзем са мной, Пеця, што ўжо зробiш, калi так выйшла…

Пятрусь так i не змог адарваць бацькаву руку ад дзiрвану, гэтак моцна ўчапiлiся пальцы ў зямлю. Ён узняў невiдушчыя, поўныя слёз вочы на дзядзьку Колю:

– Дзядзечка, скажыце хоць вы, што гэта няпраўда, быццам бацька згарэў агнём з сярэдзiны, скажыце!..

– Вядома, няпраўда, сынок, бабам абы плявузгаць. Пойдзем ужо.

З таго дня сябры не сустракалiся. Вядома, Цiмка з Вiцькам былi сёння на могiлках i здалёк бачылi Петруся, але гаварыць не давялося, дый, папраўдзе, не ведалi, як суцешыць сябра. Вось i цяпер iм вельмi шкада Петруся. Вiцька таксама плача, Цiмка трымаецца яшчэ хвiлiну-другую i не вытрымлiвае, плюхаецца ля цяпельца, закрывае вочы далонямi, i толькi ўздрыгваюць ва ўсiх трох худзенькiя плечы. Першы супакойваецца Пятрусь.

– Я ўсё роўна адпомшчу! – рашуча рассякае ён рукой паветра.

Вiцька, яшчэ ўсхлiпваючы, падкiдвае дроў у цяпельца.

– Каму ты будзеш помсцiць i за што? – узняў Цiмка заплаканыя вочы.

– Спiртзаводу! – у Петрусёвых вачах з’явiўся гнеў. – Гэта праз спiрт бацька памёр, ад сырцу… Я чуў, дарослыя так казалi. I яшчэ дзядзька Коля казаў, што татка не першы, з Прагулянкi кожны год хтосьцi гiне праз той сырэц.

– А чаму спiрт называюць сырцом? – падаў голас Вiцька.

Пятрусь з Цiмкам пацiснулi плячыма.

– Мо ад таго, што ядавiты, людзi памiраюць? – нарэшце азваўся Цiмка i са скрухай у голасе дадаў: – Вось каб гранату туды кiнуць!

– Гранату, канешне, добра, але ж дзе ўзяць, – горка ўздыхнуў Пятрусь. – Я ўжо вырашыў: спалю завод, хай згарыць гэты чортаў сырэц!

Вiцька з Цiмкам пераглянулiся.

– Чаму ты? – паглядзеў Вiцька ў вочы Петрусю. – Мы ж сябры i павiнны ўсё рабiць утрох.

Наступныя тры днi сябры быццам забылiся пра лукавiну, пра начныя стогны, што чулiся з багны, пра свае трэнiроўкi. Усе днi яны сядзяць з вудамi супраць спiртзавода i вывучаюць становiшча. Гэта Цiмка настаяў не лезцi няведама куды, на злом галавы, а агледзецца, усё вывучыць, а потым дзейнiчаць, як партызаны, беспамылкова. Але за гэтыя днi нiчога надзвычайнага хлопцам у вочы не кiнулася. На тым беразе ракi, за старым, метры тры вышынёй, плотам iшло сваё, невядомае iм жыццё. Чулiся крыкi, ездзiлi машыны, рабочыя смяялiся. Сябры як нi кожную гадзiну купалiся, вывучалi рачное дно. Канешне, месца тут не для адпачынку, тым больш не для таго, каб нырца даваць – адны карчы, – але ж калi сярэдзiну пераплыць, то ў адным месцы можна зусiм блiзка падабрацца да плота, за якiм нейкая вялiкая будынiна. Паўз плот такiх будынiн некалькi, але ж толькi адна драўляная. I менавiта супроць яе рачны бераг быў настолькi размыты вадой, што пад плотам мог пралезцi не толькi хлапчук, але i дарослы. На ўсялякi выпадак Цiмка прынёс рыдлёўку, яшчэ больш пашырыў лаз i завалiў яго ламаччам, каб не кiдаўся ў вочы. Цяпер засталося толькi пачакаць спрыяльнага моманту.

Спярша сябры вырашылi, што лепш падпалiць спiртзавод на досвiтку, калi ўсе спяць, менш падазрэнняў, i бацькам маглi б сказаць, што пайшлi на рыбу. Але само жыццё памяняла iх планы, ды так, што лепшага i жадаць не выпадала. Ванька-марак, так звалi сына дзядзькi Антося, вясковага каваля, жанiўся, i на суботу было прызначана вяселле. Вядома, там будзе ўся вёска, акрамя Петрусёвай раднi. Пятрусь так i сказаў, што ягоныя ўсе будуць дома i ўвечары з хаты не выпусцяць.

– Дык мы i без цябе справiмся, – адразу знайшоў выйсце Вiцька.

– Правiльна, – падтрымаў сябрука Цiмка, – нават добра, што ты застанешся дома, меней будзе розных падазрэнняў.

– Не, я сам хачу за татку адпомсцiць! – абурыўся Пятрусь. – Урэшце, гэта я прыдумаў…

– Тады трэба, каб цётка Марыя адпусцiла цябе начаваць да мяне цi да Цiмкi, – памяркоўна прагаварыў Вiцька. – Папрасiся, не першы ж раз.

Цётка Марыя не працiвiлася, каб Пятрусь начаваў у Цiмкi. У суботу а адзiнаццатай гадзiне, калi на другiм канцы вёскi вяселле было ў самым разгары, чулася музыка, песнi, хтосьцi нават запусцiў некалькi сiгнальных ракет, ля старой кузнi, пад вялiзнай чаромхай сустрэлiся Цiмка, Пятрусь i Вiцька.

– Во даюць! – узрушана прагаварыў Вiцька.

– Iм весела, ракеты нават запускаюць… – сцiшана дадаў Цiмка. – Цiкава, у каго яны ёсць?

– Вядома, у жанiха, у Ванькi-марака, – азваўся Пятрусь. – Ён, калi з войска вярнуўся, вечарамi ўсё запускаў iх у неба.

– Вось каб нам хоць адну! – з зайздрасцю ў голасе прашаптаў Вiцька. – Мы б бензiнам завод аблiлi, а потым нацэлiлiся з ракетнiцы, i ба-ба-бах!..

– Запраста можна i прамазаць, – вытрасаючы пясок з сандалета, прашаптаў Цiмка: – Запалкамi надзейней.

Сябры замаўчалi i яшчэ некалькi хвiлiн глядзелi ў бок кавалёвай хаты.

– Мабыць, i заводскае начальства на вяселлi, – уздыхнуў Вiцька.

– То й добра, хай п’юць, хай гуляюць, а мы тым часам iхняе пiтво, сырэц гэты кляты, дымам пусцiм!.. – зласлiва прагаварыў Пятрусь i патрос запалкамi.

– Добра, хопiць балбатаць, – узяў на сябе кiраўнiцтва Цiмка i начальнiцкiм голасам дадаў: – Паўторым яшчэ раз, хто што будзе рабiць. Давай ты, Пятрусь.

– Сто разоў казаў, што я адказваю за запалкi, iх павiнен даставiць на той бераг сухiмi, – абурыўся Пятрусь.

Цiмка, не зважаючы на гэтае абурэнне, дапытваўся:

– Як ты будзеш запалкi перапраўляць цераз раку?

– Вось, – Пятрусь задраў кашулю, – там у мяне другi карабок, укручаны ў цэлафан, мяшэчак правяраў, вады не прапускае. А з гэтым паплыву, буду трымаць у руцэ над галавой, калi раптам вымакне, дастану з цэлафану запасны.

– Добра, – задаволена буркнуў Цiмка, – а на мяне не злуй, жэрабя цягнулi ўсе, я невiнаваты, што мне выпала быць за камандзiра.

– Я павiнен прывязаць канiстру з бензiнам да дошак i плыць побач, прытрымлiваць рукой, каб канiстра не перакулiлася, – шэптам адрапартаваў Вiцька. – Бензiн i дошкi на месцы, сёння правяраў.

– Ты што, адзiн хадзiў? – утаропiўся ў сябра Цiмка.

Вiцька засунуў рукi ў кiшэнi караткаватых штаноў i нехаця адказаў:

– Ну, адзiн. Я загадзя прывязаў канiстру, паспрабуй гэта зрабiць ноччу.

– Ладна, – махнуў рукой Цiмка, – разбярэмся заўтра, а цяпер нагадаю ўвесь план аперацыi…

Сябры, як было задумана, распранулiся на беразе ракi, апратку схавалi пад тоўстым паваленым i напалову спарахнелым дрэвам. Подбегам, толькi мiльгалi ўначы iх белыя, не кранутыя сонцам ногi, дабралiся да месца, дзе быў прыхаваны невялiкi плыт, раскiдалi ламачча, якiм ён быў прыкрыты ад старонняга вока, i спусцiлi на ваду.

Пачаў накрапваць невялiкi дожджык. Другi бераг здаваўся чорнай непрыступнай сцяной-крэпасцю. Далекавата, недзе ў сярэдзiне заводскай тэрыторыi, мiльгацелi некалькi лiхтароў, але будынiна, якую мелiся падпалiць сябры, надзейна прыкрывала месца высадкi «дэсанту». Цiмка, цi то ад хвалявання, цi ад холаду, пачаў заiкацца.

– Пятрусь, п-плывi п-першы, – падштурхнуў ён у плячо сябра i па шыю прысеў у ваду.

Вiцька таксама акунуўся. Вада была халодная, адчувалася, што адыходзяць апошнiя цёплыя летнiя днi, i ўсё ж у ёй было цяплей, чым пад дажджом. Петруся не вiдаць, толькi лёгкi плёскат чуецца недзе ля другога берага, каля самага плота. Нарэшце некалькi разоў кракае качка, гэта Пятрусь падае знак: можна плысцi, i Вiцька з Цiмкам разам штурхаюць плыт уперад. Цячэнне iх зносiць, але недалёка, усяго метраў на пятнаццаць нiжэй патрэбнага месца. Вiцька адвязвае канiстру, перадае яе Цiмку, а сам з усёй моцы нагой пiхае плыт далей ад берага, каб яго падхапiла цячэнне i панесла ўнiз па рацэ, ён саслужыў сваю службу i больш не патрэбны.

Чуецца шамаценне, гэта Пятрусь раскiдае ламачча, што закрывае ўваход у лаз. Сябры адзiн за адным пралазяць на тэрыторыю завода. Дождж пагусцеў, але хлопцы гэтаму толькi радыя – менш застанецца слядоў. Цiмка дакранаецца рукой да Вiцькавага пляча, i яны ўдвух, прыгiнаючыся, бягуць да будынiны, што чорнай зданню навiсла над плотам, над ракой. Праз хвiлiну Пятрусь чуе рэзкi пах бензiну, i адразу ля лаза з’яўляецца Цiмка, за iм Вiцька з пустой канiстрай у руках.

– Аблiлi блiжэйшы вугал, – шэпча Вiцька Петрусю ў самае вуха.

Пятрусь не адказвае. Ён рашуча падхоплiваецца, сiгае да будынiны, i адразу начная цемра праглынае яго. Сябры кладуцца на зямлю і чакаюць… Раптам вялiзны слуп агню разрывае цемру, i адразу на Вiцьку i Цiмку аднекуль збоку наляцеў Пятрусь.

– Бяжым! – крычыць ён i першы нырае ў лаз.

Сябры пераплывюць раку, апранаюцца i бягуць да кузнi.

Агонь шугае ўсё вышэй i вышэй, на вадзе мiльгаюць вялiзныя ценi, ноч быццам адступiла, усё наўкол вiдаць, як удзень. Сябры чакаюць, што вось загудуць пажарныя сiрэны, пачуюцца крыкi, але нiчога такога не адбылося, толькi над кавалёвай хатай зноў рознакаляровым феерверкам сыпанула з паднябесся, паволi паплылi да зямлi агнi ракеты. Хлопцы беглi i ўсё чакалi, што вось-вось пачнуць узрывацца цыстэрны са спiртам, але нiякiх выбухаў не было, толькi зарнiца над заводам асвятляла вялiзныя лiпы, што раслi паўз дарогу над ракой. Калi ўжо былi дома, ад месца пажару пачулiся звонкiя ўдары аб чыгуначную рэйку…

На другi дзень стала вядома: на спiртзаводзе ноччу, хутчэй за ўсё ад праводкi, загарэлася старая заводская канюшня. Яе даўно збiралiся зламаць – i вось сама згарэла. Дырэктар загадаў, каб мiлiцыю не выклiкалi i нiякага следства не праводзiлi, бо драўляная канюшня была такая старая, што нiякай вартасцi для гаспадаркi не мела.

Вiцька, Цiмка i Пятрусь узлезлi на старую чаромху ля кузнi i моўчкi пазiралi на чырвоны заводскi комiн, з якога высока ў неба поўз чорны дым, быццам насмiхаючыся з хлопцаў: маўляў, нiчога вы мне не зробiце, тут я гаспадар…

З тае пары мiнула трыццаць гадоў. Цёплым красавiцкiм днём у Прагулянцы ля хаты старой цёткi Фросi спынiлiся блакiтныя «жыгулi». З машыны выйшаў па-гарадскому апрануты высокi чарнявы мужчына. Ён незадаволена, спадылба агледзеў вулiцу, зачынiў машыну i прайшоў у панадворак. Дзверы ў хату былi замкнёныя, мужчына запусцiў руку ў адтулiну памiж бярвёнамi, выцягнуў стары ржавы ключ, пакруцiў яго ў пальцах, але замка не адмыкаў, паклаў яго на месца. Падышоў да суседняй хаты, там таксама нiкога не было. Па вулiцы тарахцеў «беларус», ззаду матляўся прычэп. Дзверцы трактара былi адарваныя, за рулём сядзеў малады, гадоў сямнаццацi, хлопец. Чарнявы махнуў трактарысту, i трактар, бы нехаця, спынiўся, ледзь не зачапiўшы скасабочаны суседскi плот.

– Добры дзень! – павiтаўся чарнявы.

– Добры, – з цiкаўнасцю разглядаючы незнаёмага, адказаў хлопец.

– Прыехаў у госцi, а вёска бы вымерла, усе хаты на замках, – падыходзячы блiжэй, гучна, каб перасiлiць шум рухавiка, загаварыў мужчына.

– Усе на могiлках, Петруся Каламiцкага хаваюць, – саскочыў на зямлю хлапчук-трактарыст i ледзь не павалiўся.

Чарнявы падтрымаў хлопца за руку i толькi цяпер заўважыў, што той на добрым падпiтку.

– Петруся? – усхвалявана перапытаў чарнявы.

– Яго, гаротнага… Утапiўся дзядзька Пятро, лiшку хапянуў.

– А ты чаму не на могiлках?

– Левы заробак трымае, – у п’янай усмешцы расплыўся твар хлопца. – Пакуль там начальства, я пару прычэпаў гною i закiнуў. Глядзiш – лiтроўку сырцу i зарабiў. А дзядзьку Пятру я ўжо нiчым не дапамагу.

– I чый жа ты будзеш? – дапытваўся чарнявы.

– Я Iвана-марака сын, – палез па цыгарэты трактарыст. – А мо i табе гной трэба, яшчэ прычэп паспею затарабанiць, – прыплюшчыўшы вока, напусцiўшы на сябе самавiтасць, дадаў трактарыст.

– Не, хлопец, не трэба. I табе раю заглушыць трактар i паспаць.

Трактарыст хiстануўся да трактара, залез у кабiну i, ужо ад’язджаючы, нешта злосна крыкнуў чарняваму, але той з-за шуму рухавiка не пачуў. Ён залез у сваю машыну i праз хвiлiну гнаў яе да вясковых могiлак.

Цiмафей Фамiч Дудзiн не паспеў. На паўдарозе сустрэў мацi, якая вярталася ў вёску. Цётка Фрося павiсла на шыi ў сына i доўга стаяла, уткнуўшыся тварам яму ў грудзi.

– Вось, сынок, i твой сябрук Пятрусь пайшоў… – усхлiпнула старая.

– Як гэта здарылася, мама? – пагладзiў Цiмафей Фамiч мацi па плячы.

– Утапiўся Петрусёк якраз супроць таго месца, дзе бацька ягоны памёр. Праўду кажуць людзi, што бяда адна не ходзiць… Вось i Петрусёвага сына Мiколку на лячэнне ў нейкае ЛТП адправiлi, а на другi дзень ён i… Спярша, як выцягнулi з ракi, падумалi, што спiрт на заводзе краў, бо да рукi была прывязана дваццацiлiтровая канiстра. Участковага паклiкалi. А ў ёй – хто б мог падумаць? – бензiн. Яна, тая канiстра, i ўтапiла Петруся, так бы выкараскаўся. Нiхто зразумець не можа, навошта ён палез у раку з бензiнам…

На вачах у Цiмафея Фамiча з’явiлiся слёзы. У адно iмгненне згадалася тая ноч, калi яны, Вiцька, Цiмка i Пятрусь, помсцiлi спiртзаводу…

Цiмафей Фамiч мiжволi азiрнуўся i ўбачыў заводскi чырвоны комiн, з якога высока ў неба падымаўся чорны дым. Там, у самым паднябессi, вецер калашмацiў яго, спрабаваў развеяць, але дым не паддаваўся, ён цягнуўся шлейфам да самага гарызонту, i Цiмафей Фамiч раптам прачытаў на гэтым шлейфе словы: «Хто наступны?..» Гэта было так нечакана, што Цiмафей Фамiч заплюшчыў вочы i страсянуў галавой, не верачы ўбачанаму. Калi зноў зiрнуў на дымавы шлейф, насланнё знiкла, нiякiх слоў на небе не было.

«Здалося», – падумаў ён i, абняўшы мацi за плечы, павёў да машыны.

1987 г.

Бездань

– Мацi, цi атрымала ты грошы? – пачула старая Лявонiха сiпаты сынаў голас.

Надрывiста скуголiла электрычная брытва, якой галiўся Васiль, з ваннай даносiлася плюсканне вады. Лявонiха яму не адказала, зрабiла выгляд, што не чуе. Але пытанне закранула за жывое. На душы адразу стала пагана, сэрца млява заныла, i жанчына, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, села на канапу. Яна добра ведала, што размова з сынам толькi пачынаецца. Яшчэ ўчора, калi ўбачыла паравернутыя рэчы ў шафе, развернуты ложак, здагадалася, чаго шукае Васiль. Ды як не здагадацца, калi апошнi час паўтараецца адно i тое – сын прапiвае яе невялiкую пенсiю.

Спачатку ён прасiў у яе грошай, а калi Лявонiха ўбачыла, на што сын iх трацiць, ды не стала даваць, – Васiль пачаў ад яе iмя пазычаць у знаёмых. Ёй жа прыходзiлася вяртаць сынавы даўгi. Лявонiсе было брыдка, але цярпела, нiкому не скардзілася. Суседзі зразумелi Васiлёвы хiтрыкi i сталi прыдумваць розныя прычыны, каб не пазычаць грошай. Яны бачылi, што робiць Васiль, але ў душу да Лявонiхi не лезлi, не назалялi роспытамi. Жыхары дома адносiлiся да яго так сабе, а калi суседка, сяброўка Лявонiхi Палiкарпаўна, расказала ўсiм, як Васіль купляў смятану, i зусiм перасталi паважаць.

Было гэта летась зiмой. Лявонiха хварэла, i ў краму па прадукты хадзiў Васiль. Яна кожны раз выдавала грошы на пакупку – нi больш нi менш. Васiль схадзiў колькi разоў i пачаў скардзiцца, што яму да чорцiкаў абрыдла кожны дзень соўгацца ў краму, што харчы трэба купляць на цэлы тыдзень. Якраз трэба была смятана, i мацi, згадзiўшыся, каб Васiль купiў адразу трохлiтровы слоiк, адлiчыла яму грошы. Праз паўгадзiны сын вярнуўся. Ён быў усхваляваны, нават сярдзiты i сказаў, што паслiзнуўся на прыступках, як выходзiў з магазiна. Слоiк з рук выпаў i разбiўся. Ён доўга дакараў сябе за нязграбнасць, абураўся на дворнiкаў, што не пасыпаюць пяском лёд. Убачыўшы сынавы пакуты, Лявонiха пачала яго супакойваць, а ў душы была рада, што Васiль становiцца гаспадарлiвы, турбуецца, нават не выкiнуў з пабiтым слоiкам капронавай накрыўкi, а прынёс дадому. Мацi пахвалiла яго за гэта. Накрыўка была ўся ў смятане, i старая сама абмыла яе.

А ўвечары адведаць хворую прыйшла Палiкарпаўна. Лявонiха расказала, як не пашанцавала Васiлю ў магазiне. Суседка быццам толькi i чакала, калi пра гэта пойдзе гаворка.

– Ой, хлусiць табе Васiль, хоча ў лапцi абуць, – загаманiла яна. – Не купляў ён нiякага трохлiтровага слоiка смятаны. Сама бачыла, на свае вочы, што купляў Васiль смятану, але не тры кiлаграмы, нават не паўкiло, а ўсяго дваццаць грамаў… Я разам з iм была сёння ў краме i ўсё бачыла. Гляджу i вачам не веру. Купiў твой Васiль дваццаць грамаў смятаны i адразу размазаў яе па накрыўцы. Грэх ёсць, спачатку падумала, што ён на падпiтку, аж прыгледзелася – не, цвярозы, стаiць як цвiк, не пахiснецца. Цiкава мне стала, навошта Васiль гэта робiць. I ведаеш – нiякага дзiва. Проста твой сын зрабiў так, каб падмануць цябе. Смятану па накрыўцы размазаў i паказаў табе, каб ты паверыла, што купляў. А на тыя грошы купiў дзве бутэлькi вiна. Вось якi хiтрун твой Васiль!

Пра ўсё, аб чым даведалася ад суседкi, Лявонiха сказала сыну. Васiль жа аблаяў яе i з гэтага часу хлусiць ды выпрошваць грошы перастаў. Ён проста ў дзень пенсii пачаў iх забiраць, i жыццё Лявонiхi стала яшчэ горшае.

Але яна маўчыць, нiкому не скардзiцца, чакае, што Васiль зразумее, куды коцiцца, возьмецца за розум. Цяпер яна таксама штодзень яго ўгаворвае, просiць не пiць, нават пагражае мiлiцыяй. Але ўсё дарэмна. Сын на яе ўгаворы не зважае, нават вiнавацiць, што праз яе ён i п’е, маўляў, ад таго, што дарэмна прыдзiралася да яго жонкi, i развалiлася iх сям’я, а ён залiвае, глушыць душэўны боль гарэлкай.

А Лявонiха, як i кожная мацi, дабра жадала свайму Васiльку. Гэта праўда, усякае было ў iх з нявесткай, здаралася, што i раўнавала сына да Марыi. Што нi кажы, а яна жыццё паклала на яго: без мужа гадавала, вучыла, даглядала, пакуль магла, працавала на трох работах, абы сын жыў па-людску, не меў патрэбы нi ў чым, не зазнаў столькi лiха ды гора, колькi яна.

Нярэдка звады памiж Васiлём i Марыяй адбывалiся з-за таго, што ўжо тады ён пачаў уцягвацца ў гарэлку. Лявонiха думала, што гэта адна забава, дробязь, на тое i мужчына, каб мог выпiць чарку-другую, пазней затрымацца на працы цi пасядзець з сябрамi ў рэстаране. Тады яна заступалася за сына.

Быў час, калi Васiль амаль не зазiраў у чарку, толькi зрэдку, святам; увесь вольны час аддаваў сям’i ды любiмай рабоце. Ён надумаў палепшыць канструкцыю станка, каб зрабiць яго больш дасканалым i надзейным. I вось, калi справа цэлага года была скончана i ён прынёс чарцяжы на прагляд галоўнаму iнжынеру, той прачытаў толькi тытульны лiст. «Ты, Лiпень, надта малады i шмат чаго ў жыццi не паспеў зразумець, – сказаў начальнiк, – навукай у нас займаюцца iнстытуты, а мы павiнны рабiць план. Няўжо ты думаеш, што там працуюць горшыя цi дурнейшыя людзi за нас? Не, хлопец, там таксама недарма грошы атрымоўваюць, дык давай будзем працаваць кожны на сваiм месцы i рабiць тое, што ад нас патрабуюць».

Васiль быў чалавек мяккi, спрачацца, асаблiва з начальствам, не любiў. Пасля гэтай размовы ў яго прапаў настрой, апусцiлiся рукi. Ён зразумеў, што яго веды i рацыяналiзатарства тут зусiм непатрэбныя. Ён быў упэўнены ў сваёй праўдзе, але на канфлiкт з галоўным iнжынерам не пайшоў, не хапiла рашучасцi. З гэтага часу ён часцей i часцей пачаў наведвацца туды, дзе можна было залiць гора. Там ён даказваў выпадковым знаёмым сваю праўду.

Марыя не вытрымала такога жыцця, i яны разышлiся. Васiль зноў вярнуўся да мацi, i толькi цяпер, пажыўшы разам, Лявонiха ўбачыла, што i праўда сын п’е надта часта. Яна кiнулася ратаваць Васiля, але было ўжо позна – кiнуць пiць ён не мог, а хваробу лячыць не хацеў. Лiчыў сябе здаровым, хоць заўсёды ранiцай галава балела так, што слёзы самi лiлiся з вачэй, рукi трэслiся, нутро быццам полымем пякло. Васiль не меў моцы змагацца з нясцерпнаю смагаю, бы магнiтам цягнула да чаркi, i ён пахмяляўся.

П’янаму ж i мора па калена. Ён рабiўся зласлiвы i, калi што выходзiла не так, не па яго – да трох не гавары, – кiдаўся з кулакамi на крыўдзiцеля. На падпiтку Васiль быў фанабэрысты, чапляўся да ўсiх, але больш клопату з iм было ў мацi. Угаворамi ды ласкаю яна супакойвала сына, прыбiрала, калi яго ванiтавала, як маленькага, укладвала ў ложак. А сын куражыўся, нават выганяў мацi з кватэры. Дзе толькi не начавала старая Лявонiха, куды толькi не ўцякала. Але прыходзiла ранiца, i яна, быццам нiчога не здарылася, вярталася дахаты, гатавала Васiлю снеданне. Сын часцей за ўсё не памятаў таго, што было ўчора, а можа, i не хацеў успамiнаць.

Так яны апошнi час i жылi. Скардзiцца на бясконцыя здзекi Васiля Лявонiха не хацела. Баялася сораму, ганьбы. Моўчкi несла свой крыж. Яна чакала, спадзявалася, што Васiль возьме сябе ў рукi i жыццё стане лепшым.

Гадзiннiк, якi вiсеў на сцяне побач з фотаздымкам мужа, якi загiнуў на вайне, сцiшана пачаў адбiваць гадзiны. Жанчына здрыганулася, паволi ўзняла галаву i доўга ўглядалася ў шэры цыферблат, нiбы не верачы вачам, – ажно сем гадзiн! Лявонiха перавяла позiрк стомленых вачэй на фотаздымак. Муж ласкава глядзеў на яе i, здавалася, усмiхаўся. Лявонiха паволi ўстала з канапы i падышла блiжэй. Яе Лявон быў сфатаграфаваны дваццацiгадовым юнаком, такiм застаўся ў памяцi. Цяпер яго сын, Васiль, больш чым у два разы старэйшы. Лявонiха з трывогай у голасе i пачуццём вiны перад мужам прагаварыла:

– Вось, Лявоначка, гаруем мы без цябе, – шаптала яна, – сын твой i без вайны гiне. Зусiм розум страцiў… П’е клятую гарэлку кожны дзень, мяне зусiм не шануе, не паважае. Чужы нейкi стаў, бязлiтасны. А быў жа, як i ты, ласкавы ды сарамлiвы. Сэрцам, Лявонка, чую, што сустрэнемся мы з табой хутка… Толькi цi пазнаеш ты мяне там… Ты ж i застаўся малады ды прыгожы, а я хворая зусiм ды старая…

– Зноў ты лазара пяеш, няшчаснай прыкiдваешся, – пачула Лявонiха за спiнай голас сына, якi нячутна зайшоў у пакой. – Не малiлася б, а лепш схадзiла ў выканкам, мо далi б якую дапамогу як удаве, а то надта сарамлiвая. Вунь сусед з пятнаццатай кватэры, Барыс Мiхайлавiч, i ваяваў недзе ў абозе, а сораму меней мае. На днях зноў атрымоўвае кватэру, мо пятую за дзесяць гадоў. А гэтую, у якой жыве, пакiдае ўнучцы. Усiх забяспечыў кватэрамi, i сыноў, i дачок, а калi яшчэ пажыве гадоў з дзесяць, i ўнукi ўсе будуць мець. Розныя дэфiцыты ў магазiнах бярэ без чаргi, i зноў жа не сабе, а нашчадкам. На тым тыднi бачу, нясуць яму ў кватэру электрычную швейную машыну. Я i пытаюся: «Навошта табе, Мiхайлавiч, машынка? Цi ў семдзесят год краўцом вырашыў стаць? А можа, пачнеш займацца iндывiдуальнай працоўнай дзейнасцю?» I што ты думаеш? Не пра сябе сусед наш клапоцiцца, ён пляменнiцы машынку па льготнай чарзе купiў, – Васiль шумна хадзiў па кватэры i выцiраў ручнiком мокры твар; раптам ён спынiўся супраць вялiкага люстэрка i, разглядаючы сябе, працягваў: – А чым жа мы горшыя за яго пляменнiкаў ды пляменнiц?.. Мо тым, што мой бацька не дажыў да Перамогi, загiнуў, i няма каму ў нас стаяць на льготнай чарзе?..

– Не ўсе такiя, як Мiхайлавiч, – перабiла сына Лявонiха, – ты ўспомнi бацькавых сяброў, з якiмi ён ваяваў. Хiба яны хапугi? А колькi нам дабра зрабiлi?..

– Ну, хопiць, хопiць, – незадаволена буркнуў Васiль. – Ведаю сам, што яны добрыя людзi, а ты ўсё ж схадзi ў выканкам, няхай выпiшуць што, як кажуць, «на беднасць».

– А мне нiчога i не трэба, слава Богу, усё ёсць, – горка прамовiла Лявонiха.

– Ну, калi ёсць, то i мне дай дваццаць рублёў, бо вельмi яны мне сёння трэба…

Лявонiха неяк адразу ссутулiлася i, нiчога не адказаўшы сыну, хацела пайсцi на кухню, але ён ступiў напярэймы.

– Што, не хочаш грошай на гарэлку даваць? – са злосцю ў голасе дапытваўся Васiль. – Не хочаш свае грошы аддаваць, дык i не трэба! – ускрыкнуў ён. – Тады схадзi ў выканкам ды папрасi «наркомаўскiя» сто грамаў, што бацька недапiў за два гады да канца вайны. Няхай мне аддадуць, бо не да твару сыну франтавiка пiць чарнiла i адэкалон.

– Сцiхнi ты… – гнеўна прашаптала Лявонiха, i на яе вачах нагарнулiся слёзы. – Не глумiся над памяццю бацькi, не сын ты яму, калi язык паварочваецца такое плявузгаць!

Кроў адхлынула ад твару старой, бляклыя вусны дрыжэлi, даўкi камяк падкацiў да горла, дыхаць стала цяжка, у грудзях балюча аддаваўся кожны ўдар сэрца. Раптам ёй нясцерпна захацелася ўчапiцца ў мутныя, бессаромныя сынавы вочы i лупiць яго, лупіць…

– А-а, значыцца, я яму не сын?! Можа, ты мяне нагуляла з кiм іншым у вайну?.. Можа, я i табе далёкая радня?..

Кроў шыбанула ў скронi Лявонiсе. Востры халадок жалю да сябе ахiнуў яе стомленую душу. Пачуўшы ад роднага сына такiя словы, яна неяк раптам сцiшылася, уцягнула галаву ў плечы, стала быццам меншая ростам. Невыразны загадкавы страх неспакойна ўзрушваў. Яна шмат цярпела ад Васiля, даравала бяздушнасць i здзекi, але такога не чакала. Яна хацела сказаць сыну нешта абразлiвае i гнеўнае, але вусны толькi прашапталi:

– Не сын ты мне больш!..

У вачах Лявоніхі пацямнела, сынаў твар пачаў расплывацца ў нейкую бясформенную чырвоную пляму. Яна добра бачыла толькi яго рот, якi нешта крычаў, выскаляючы жоўтыя зубы, але што крычаў, не чула i не разумела. Потым усё знiкла.

Лявонiха не ведала, колькi часу праляжала непрытомная. Толькi раптам аднекуль здалёк зноў пачула бой гадзiннiка, свядомасць пацiху вярталася да яе. Цела было чужое, непаслухмянае, i старая з цяжкасцю ўзнялася на ногi. Галава кружылася, але ў памяцi неяк разам усплыла гаворка з сынам, i на душы стала моташна, пагана. Непадалёк на падлозе валялася насоўка. Лявонiха абыякава паглядзела на яе, памацала кiшэню халата – так i ёсць, Васiль забраў грошы, якiя былi ўвязаны ў гэты лапiк каляровай матэрыi. Лявонiха падняла насоўку i, выцiраючы слёзы на вачах, пасунулася ў свой пакойчык, не распранаючыся лягла ў ложак.

А на дварэ пачыналася завiруха. Вецер шкуматаў вывешаную на балконе бялiзну, рваў заледзянелую, адубелую матэрыю, гулка бiў ёю па балконных дзвярах. Пад завыванне ветру Лявонiха i не заўважыла, як заснула.

Ёй часта, асаблiва апошнiм часам, снiўся муж. I цяпер убачыла яго. Вось яны разам на сенажацi. Свецiць сонца, спяваюць птушкi, i раптам наляцеў вецер, загуло наваколле, пачалася навальнiца. Схаваць ад дажджу малога Васiля няма дзе. Лявонiха хапае плашч i захiнае iм сына, муж памагае, глядзiць, каб вада не залiла дзiця, не парушыла яго сон. А Васiль у сне цмокае вуснамi, раз-пораз ускiдае ўгору пульхныя ручкi. Яны з мужам прамоклi да нiткi, але радасна ўсмiхаюцца адно аднаму, шчаслiвымi вачыма глядзяць на дзiця… Раптам твар у малога пачынае павялiчвацца, расце… I вось на Лявонiху ўжо глядзяць п’яныя, мутныя вочы дарослага сына. Яго дрыготкiя рукi цягнуцца да яе, хапаюць за валасы i тузаюць з боку ў бок, балюча трасуць. Яна хоча закрычаць i не можа, не хапае паветра, яна задыхаецца. Муж няўцямна глядзiць на жонку, на сына, кiдае плашч на зямлю i паволi iдзе ў поле. Лявонiха хоча пайсцi следам i не можа, Васiль не адпускае, моцна трымае за валасы, яна толькi чуе мужаў шэпт: «Уцякай ад яго хутчэй… Мы памылiлiся, гэта не наш сын…» А дождж усё мацнее i мацнее, халодныя кроплi цякуць па твары, за каўнер, замiнаюць добра бачыць Лявона. Страх жудасным болем упiваецца ў душу, пакутлiва ные сэрца. Лявонiха хоча вырвацца, кiдае плашч, адпiхае ад сябе сынавы рукi, а ён п’яна рагоча, скалiць зубы i балюча цягне за валасы…

Старая прачнулася і не можа зразумець, дзе яна i што з ёй. Побач, хiстаючыся, стаiць п’яны Васiль.

– Чый жа я сын? Я хачу ведаць, хто мой бацька! – крычыць ён. – Ты ўвечары скапыцілася i не адказала.

Лявонiха маўчала. Гаварыць з Васiлём, бачыць яго п’яны, брыдкi твар не хацелася. Яна села на край ложка i пасоўгала нагамi па падлозе. На звычайным месцы тапак не было. Абмiнуўшы сына, яна босая пайшла на кухню, а ён, цяжка тупаючы нагамi па падлозе, пасунуўся следам.

– Што маўчыш? – дапытваўся Васiль. – Адказвай, сын я свайму бацьку цi не?

Лявонiха рэзка павярнулася i ўважліва паглядзела яму ў твар. Яна шукала родныя рысы, шукала таго Васiлька, якi жыў у яе сэрцы, i не знаходзiла. Брыдкi пунсова-азызлы твар з халоднымi, як у рыбiны, вачыма нават i не нагадваў сына.

– Ты страшны чалавек, – гледзячы ў вочы сыну, прамовiла яна. – А можа, i зусiм не чалавек?..

Нервовая ўзбуджанасць нечакана ахапiла Лявонiху.

– Мне сорамна перад людзьмi, што нарадзiла i выгадавала нiкчэмнага чалавека.

– А-а! – азвярэла закрычаў Васiль. – Вось як ты загаманiла! Вiдаць, на старасцi гадоў зусiм з глузду з’ехала! – ён нервова забегаў па пакоi. – Але я цябе правучу, мо паразумнееш!

Васiль схапiў мацi за руку i пацягнуў у залу. Не паспела яна апамятацца, як ён выштурхнуў яе на балкон. Потым зашчапiў дзверы на кручок i п’яна замiтусiўся па пакоi, махаючы рукамi ды нешта гаворачы сам сабе.

Аб чым ён гаварыў, Лявонiха не чула, яна не прасiла сына, каб пусцiў яе ў кватэру, не стукала ў дзверы. Шквальны вецер шкуматаў лёгкую сукенку, раскудлацiў валасы, калючым, халодным снегам бiў па твары. Сцюдзёныя колiкi раптам працялi цела, дыхаць не было чым. Лявонiха села на нешта цвёрдае, засыпанае снегам, падцягнула каленi да грудзей, заплюшчыла вочы i сцiшылася.

Раптам аднекуль здалёк да яе даляцеў да болю ў сэрцы знаёмы голас: «Алеся, Алесечка…» Лявонiха расплюшчыла вочы i падняла галаву. Ёй здалося, што гэта сын клiча яе. Жанчына азiрнулася на дзверы. Праз шызае ад марозу шкло ўбачыла, што Васiль, выцягнуўшы доўгiя ногi, спiць у крэсле супраць балкона. «Не, не ён, – пранеслася ў думках. – Яму я даўно не патрэбная. Хто ж тады так ласкава клiкаў мяне, хто назваў амаль забытае iмя?» Яна заплюшчыла вочы i праз некалькi хвiлiн зноў пачула той самы голас, якi ласкава шаптаў: «Алеся, дзе ж ты так доўга была? Iдзi хутчэй, я чакаю цябе…»

«Гэта ж Лявон, мой любы Лявонка, ён клiча мяне, ён чакае мяне, адзiны на ўсiм свеце, толькi яму я патрэбная. Чаму я тут, а не з iм? Чаго я чакаю? Хутчэй да яго, хутчэй…» – праз заслону туману, якi агортваў усю iстоту, мiльганула ў думках.

Холаду Лявонiха больш не адчувала, па целе пачала расцякацца прыемная гарачыня. Ёй стала ўтульна i добра, пачуццё мiжвольнага страху знiкла. Заслона туману пачала развейвацца, i Лявонiха ўбачыла мужа, якi стаiць на ўскрайку поля ля дубровы i клiча, клiча сваю Алесю. А яна, маладая i шчаслiвая, бяжыць насустрач i весела смяецца. Лявон кiдаецца да яе, падхоплiвае на рукi i кружыць, кружыць вакол сябе. I вось яны ўжо iдуць разам па мяккай зялёнай траве, iм радасна i лёгка, яны iдуць насустрач зыркаму сонцу, якое запалiла ўвесь небасхiл цёплымi промнямi, песцiць i абараняе iх ад усяго благога…

Праз тры днi суседзi хавалi Лявонiху. Яна ляжала ў труне ў чорнай сукенцы, на галаве белая хусцiнка, у нагах вялiкi букет чырвоных i белых кветак. Смерць амаладзiла яе, на спакойным твары не вiдаць было зморшчын. Чорныя, зусiм не сiвыя бровы i доўгiя вейкi як бы падкрэслiвалi былую прыгажосць. Вусны былi крыху прыадкрытыя, i здавалася, што нябожчыца сiлiцца нешта сказаць, быццам не хоча, каб яе таямнiцу пахавалi разам, бо тое, што стала вядома ёй у апошнiя хвiлiны, павiнны ведаць i жывыя.

Калi труну вынеслi на вулiцу, да Палiкарпаўны падышла незнаёмая жанчына.

– Каго хаваеце? – шэптам запыталася яна.

– Гаротнiцу, – сцiшана адказала старая.

– Што, цяжка хварэла? – дапытвалася жанчына.

– Не, не хварэла. Сын хварэе, а памерла яна…

1985 г.

Помста

1

Кацярына цяжка, ледзь перастаўляючы непаслухмяныя ватныя ногi, паволi сунецца па прыступках у сваю аднапакаёўку. Праз кожныя пяць крокаў яна прыпыняецца, прыхiляецца спiнай i патылiцай да халоднай сцяны i сцiшваецца, прыслухоўваючыся да сэрца, якое лiхаманкава калоцiцца ў грудзях. Кацярына кляне ўсiх на свеце: i суседзяў, што заставiлi пад’езд драўлянымi скрынкамi, за якiя яна раз-пораз чапляецца, i электрыкаў, што рамантавалi лiфт i кiнулi, не дарабiўшы, i праз гэта ёй трэба пешшу падымацца на сёмы паверх, i чорнага ката, якi зiмуе ў пад’ездзе, а цяпер неадчэпна, цiха мяўкаючы, iдзе следам, просiць есцi. А што яна яму дасць – сама не памятае, калi нешта ела… Пiць пiла, а на закуску грошай не хапiла… Гэтае жалобнае мяўканне i блiскучыя зялёныя вочы нешта нагадваюць, але Кацярына не можа прыпомнiць што, яна моўчкi глядзiць п’янымi мутнаватымi вачыма на ката i не мае сiлы нават прагнаць яго. Калi спыняецца, спыняецца i кот, уладкоўваецца нiжэй на прыступцы, падцiскае кароткi хвост, мабыць, адкушаны сабакам, i, не мiргаючы, глядзiць у вочы. Кацярына спрабуе прагнаць ката, замахваецца цэлафанавым пакетам, але той, мабыць, адчуваючы, што жанчына нiчога благога яму не зробiць, не зважае на гэта. Кацярына з дзяцiнства не любiць катоў. Калi яна была першакласнiцай i садзiлася рабiць урокi, на стале побач заўсёды ўладкоўваўся шэры Васька. Ён, бы строгi настаўнiк, назiраў за тым, што яна робiць, але як толькi Кацярына даставала чарнiлiцу, кот усё пачынаў успрымаць як гульню. Вось яна абмакнула ручку ў чарнiла i старанна выводзiць лiтары. Раптоўна Васька лапай шморгае па непрасохлым радку, i замест роўных, крыху пузатых лiтар у сшытку з’яўляецца сiняя раскоўзаная пляма. Кацярына плача, але дома нiкога няма, нiхто не дапаможа, мацi на ферме, а бацька, як сказала суседка, старая баба Марыля, сабакам сена косiць… Яна вырывае са сшытка сапсаваны лiст, праганяе ката на вулiцу i зноў садзiцца за работу, старанна выводзiць лiтары. Невядома адкуль зноў бярэцца Васька, скача на стол, б’е лапай па ручцы i, уцякаючы, чапляецца за чарнiлiцу. Брудная сiняя пляма iмгненна расцякаецца па стале, сшытак сапсаваны, абрус таксама. Кацярына ведае, што мацi задасць лупцоўку, бо не паверыць нiводнаму слову пра ката…

Вельмi хочацца спаць, здаецца, прысела б на прыступках i заснула, але Кацярыну палохае гэты вялiзны чорны кот, ягоныя прамянiстыя дзiкаватыя вочы, а яшчэ больш яна баiцца трапiць у выцвярэзнiк. Тыдзень таму яна заснула ў пад’ездзе, i хтосьцi з суседзяў выклiкаў мiлiцыю. Яна плакала, прасiлася ў мiлiцыянера, апранутага неяк незвычайна, па-новаму, у зялёную форму, сiлiлася разгледзець твар, зiрнуць яму ў вочы, выклiкаць да сябе спачуванне i не змагла, доўгi казырок фуражкi прыкрываў твар. Яе забралi ад самых дзвярэй кватэры, мiлiцыянер мог бы пакiнуць яе дома, але ўсё ж зрабiў па-свойму, завёз у выцвярэзнiк. Туды яна больш не хоча, не жадае «спаць на белых прасцiнах», занадта яны дарагiя.

Кацярына адхiснулася ад сцяны, зрабiла некалькi крокаў, ускiнула галаву, прыжмурылася, сiлячыся разгледзець лесвiчную пляцоўку, i раптам зразумела, што прыйшла. Вось насупраць яе блакiтныя дзверы, пад столлю цьмяна зiхацiць залiты бялiламi лiхтар.

«А ўсё ж добра, што пафарбавала дзверы на свой капыл, – зларадна падумала Кацярына. – Усiм дзверы паквэцалi брудна-карычневай фарбай, а мае вунь якiя прыгожыя!»

Яна, хiстаючыся, доўга корпалася ў паласатым цэлафанавым пакеце, шукаючы ключы. Пакуль адмыкала дзверы, сцiшана мармытала праклёны чалавеку, якi гадзiну таму каля рэстарана абазваў яе старой торбай. Замок, як заўсёды, доўга не паддаваўся, нешта заела ўсярэдзiне, і, калi нарэшце Кацярына ўвалiлася ў кватэру, яна зусiм знясiлела, спiнай зачынiла дзверы i паволi ссунулася на падлогу, з асалодай выцягнула здранцвелыя хворыя ногi, заплюшчыла вочы. Апошняе, што даляцела да слыху, – гэта бразгатанне шкла, нешта каля ступакоў дзынкнула, па ўсiм, пустыя бутэлькi, i Кацярына правалiлася ў страшны, нервова-цяжкi сон.

2

Апошнiм часам ёй снiўся адзiн i той жа сон: быццам яны з Мiколам толькi пажанiлiся i яна ў белай сукенцы кружыцца ў вальсе. Ён моцна трымае Кацярыну ў сваiх абдымках, шчаслiва смяецца, хiлiцца, каб пацалаваць, i раптам Кацярына бачыць, як мужаў твар выцягваецца, нос большае, вочы робяцца маленькiмi, бровы высыпаюцца, нервова ўздрыгваюць вусы-шчупальцы, i да яе ўжо хiлiцца не прыгажун Мiкола, а агiдная пацучыная морда. Вялiзныя зубы цягнуцца да шыi, яна з усёй моцы адпiхвае агiдную морду, хоча вырвацца, але не хапае сiлы. Кацярына крычыць, клiча на дапамогу, але нiхто не чуе: на вяселлi нiводнай чалавечай душы, яны ўдваiх кружацца ў вальсе, а на сталах жыруюць пацукi. Робiцца цяжка дыхаць, яна фiзiчна адчувае, як пацучыныя зубы пракусваюць на шыi скуру, бачыць драпежную морду, запэцканую крывёй…

Кацярына падхоплiваецца ад свайго крыку. Твар, шыя, спiна мокрыя ад поту, скронi быццам раскалолiся напалам ад болю, у грудзях нешта хрыпiць i булькае. Яна нейкi час сядзiць, баючыся паварушыцца, ведае, што ад гэтага боль можа павялiчыцца. Да слыху далятае з калiдора голас суседкi: «Зноў Кацька крычыць! Хто навядзе парадак у доме? Няма як жыць!..» Кацярына чуе кацiнае мяўканне i зноў хрыпаты голас, цяпер суседаў: «Трэба калектыўную скаргу напiсаць, няхай адправяць алкагалiчку лячыцца…» Бразнулi дзверы, i ў калiдоры ўсталявалася цiшыня.

Кацярына паволi паднялася на ногi i, трымаючыся сцяны, пасунулася ў залу, адтуль на балкон. Халодны пранiзлiвы вецер расшкуматаў валасы, балюча сцебануў па твары, па голых нагах, але Кацярына не зважала на гэта. Яна да болю ў пальцах учапiлася за жалезны балконны парапет i нiзка схiлiла галаву, так дыхалася лягчэй. Праз некалькi хвiлiн хрыпы знiклi, але грудзi пачаў раздзiраць балючы сухi кашаль. Кацярына кашляла доўга, з надрывам, з вачэй лiлiся слёзы, яе нудзiла да колiкаў у жываце. Бразнулi дзверы, i на балкон вывалiўся сусед у накiнутым наапашкi палiто. Яго вялiзны жывот неяк сутаргавата тузануўся, i чалавек, стараючыся перасiлiць пранiзлiвы вецер, крыкнуў:

– Ты, сука, калi дасi спакойна жыць?!

Кацярына наперад ведала, што будзе далей, таму, прыкрыўшы далоняй рот, пайшла ў пакой, шчыльна зачынiла дзверы, шчоўкнула выключальнiкам i, калi лямпачка не загарэлася, прыгадала, што два днi таму за няплату адключылi электрычнасць. У прыцемках намацала на стале запалкi, запалiла свечку.

Дыхаць стала лягчэй, сутаргавы кашаль суняўся, i толькi рэзкi боль у грудзях не праходзiў. Яна ведала, што ён не ацiхне, пакуль не вып’еш гарэлкi, але ж дзе яе ўзяць? Позiрк затрымаўся на запыленых пустых бутэльках. Кацярына праглынула слiну, яна наперад ведала, што ў бутэльках няма нi кроплi, усё, што было, яшчэ ранiцай выпiла.

«Няўдалы сёння дзень, – падумала жанчына, – быў час, калi гарэлка не пераводзiлася, i Федзька таўстапузы з каньяком сустракаў у пад’ездзе, падмiргваў сваiмi свiнячымi вочкамi, набiваўся ў госцi. А цяпер, бач, сукай для яго зрабiлася, кабялiна пракляты… Прамяняў на вiрлавокую плоскую Вальку! Але пайшоў ён к чорту, няхай крычыць што хоча, мне каб выпiць грамульку, суняць гэты нясцерпны, пякучы боль».

Кацярына не вытрымала, узяла ў руку свечку, села на падлогу i перагледзела бутэлькi, але нiводная кропля ў рот так i не адарвалася, нават гарэлкай у iх не смярдзела. Жанчына доўга сядзела, не зважаючы, што свечка дагарала i пякучы расталы воск заляпiў далонь. Яна абыякава ўзiралася ў невялiчкi агеньчык i нi пра што не думала, толькi боль у грудзях нагадваў, што яна яшчэ жывая… Раптам у Кацярынiных вачах мiльгануў жывы радасны агеньчык: яна прыгадала флакон з валяр’янавымi каплямi, што тыдзень таму схавала ад «чокнутай» Танькi. Кацярына ўстала, падышла да тумбы з адламанай дзверыной, на якой калiсьцi стаяў тэлевiзар, i лiхаманкава пачала ўсё скiдваць з яе, яна памятала, што сюды, у гэта бруднае рыззё, хавала каплi. Дрыготкiя пальцы наткнулiся на бутэлечку, i Кацярына ўвiшна крутнулася да стала, усунула свечку ў брудную шклянку, у другую вытрасла валяр’янку. Пакой напоўнiўся рэзкiм прытарным пахам, непрыемна заказытала ў носе, нервова тузануўся ў спазмах галодны страўнiк. Кацярына сквапна перакулiла цёмную пахучую вадкасць у рот i, каб не званiтавала, паспешлiва лягла на зашмальцаваную, месцамi парваную да ржавых спружын канапу, заплюшчыла вочы.

I сапраўды, праз некалькi хвiлiн боль у грудзях пачаў ацiхаць, думкi праяснiлiся, цела расслабiлася, страўнiк напоўнiўся прыемнай цеплынёй. Захацелася есцi, але Кацярына ведала, што ў хаце нiчога няма, нават халадзiльнiк быў непатрэбны, прадала. «Вось каб так заўсёды, – падумала жанчына, – каб нiколi нiчога не балела…»

У такiя хвiлiны Кацярына магла думаць разважлiва i спакойна. Калi не была п’яная, не пакутавала з пахмелля, яна заўсёды шкадавала сябе, сваё паламанае жыццё. З-пад прыпухлых павек вылузнулiся дзве буйныя пакутныя слязiнкi i пакацiлiся па твары, пакiдаючы за сабой мокрую дарожку…

3

Пасля дзесяцiгодкi Кацярына прыехала ў Мiнск i паступiла вучыцца ў тэхнiкум. Высокая, стройная, з прыгожым тварам, яна выгадна вылучалася сярод сябровак. Яна нiколi не падмалёўвала нi бровы, нi вейкi, не пудрыла твар. Прырода надарыла яе густымi русымi валасамi, якiя Кацярына заплятала ў тоўстую касу, чорнымi вузкiмi бровамi, аксамiцiстымi доўгiмi вейкамi, з-пад якiх загадкава пазiралi чыстыя блакiтна-iскрыстыя вочы. Кацярына ведала, што прыгожая, але на заляцаннi аднакурснiкаў старалася анiякай увагi не звяртаць, сама сабе вырашыла, што спярша трэба вывучыцца. Але калi на вечарыне да яе падышоў Мiкола, якi на той час вярнуўся з войска i вучыўся ў тэхнiкуме на апошнiм курсе, Кацярынiна сэрца здрыганулася, шчокi запунсавелi, у танцы яна пакорлiва прытулiлася да дужага хлапечага пляча. Яны моўчкi танцавалi адзiн танец, потым другi, трэцi. Кацярыну быццам падмянiлi, яна хвалявалася, на Мiколавы пытаннi адказвала неўпапад. Гэтае хваляванне перадалося i хлопцу. Кацярына, употайкi назiраючы за iм, бачыла, як нервова ўздрыгвалi кончыкi пальцаў з цыгаркай, як Мiкола раўнiва пазiраў на хлопцаў, што падыходзiлi, каб запрасiць яе на танец.

Летам таго ж года згулялi вяселле, i Кацярына з iнтэрната пераехала да мужа, у трохпакаёвую кватэру, дзе ён жыў разам з бацькамi i малодшай сястрой. Упершыню неўсвядомленая трывога халадком ахiнула Кацярынiна сэрца, калi неяк размова зайшла пра дзяцей, i яна без хiтрасцi сказала пры свекрывi, што сям’я без дзяцей – толькi напалову сям’я. Свякроў рэзка перапынiла яе i доўга даводзiла, што яны з Мiкалаем яшчэ маладыя, паспеюць «напладзiць жабракоў», спярша трэба пажыць для сябе, абзавесцiся кватэрай, машынай, дачай. Бадай, з гэтага ўсё i пачалося, цяпер Кацярына не спяшалася раскрываць душу, памiж ёй i свекрывёй пачалася таемная, нябачная барацьба.

Кацярына дамаглася: Мiкола настаяў, каб бацькi размянялi кватэру, i маладыя пераехалi ў аднапакаёўку. У той год яна скончыла вучобу, пайшла працаваць. Толькi не ўсё выходзiла так, як хацелася. Мiкола стаў не такi, як у першыя два гады сумеснага жыцця: часцяком затрымлiваўся на рабоце, вечарамi прыходзiў на падпiтку, закiнуў хатнiя справы, нiчым не цiкавiўся. Кацярына часцей i часцей прыгадвала мацi, якая пры сустрэчах вучыла «мужыка трымаць у руках», каб не скруцiўся. Пачало здавацца, што ў Мiколы ёсць каханка.

Кацярына ўзялася за мужа, вырашыла: калi ён не хоча быць гаспадаром у сям’i, яна будзе гаспадыняй. Яна не прамiнала нiводнага выпадку, калi ён позна прыходзiў з работы, чынiла допыт, у дзень палучкi сустракала ля заводскай прахадной i адшывала ўсiх сабутэльнiкаў. Мiкола спярша абураўся, сварыўся, пагражаў, але Кацярына настойлiва вяла сваю лiнiю, i ён скарыўся. Калi муж захапiўся рыбалкай i ў выхадныя днi ўсхоплiваўся зацемна, спяшаўся на электрычку, Кацярына i тут паказала характар, вуды паламала, а вялiзныя гумовыя рыбацкiя боты выкiнула на сметнiк. Мiкола ў тую ноч упершыню не прыйшоў начаваць, але i тут Кацярына знайшла выйсце: ранiцай пашыбавала проста на завод… Гэта цяпер могуць толькi пасмяяцца з жанчыны, якая скардзiцца начальству на нявернасць мужа, а ў тыя, як iх цяпер называюць, застойныя часы маладога камунiста адразу выклiкалi ў парткам i пры жонцы ўсыпалi ў хвост i ў грыву. Ён нават захварэў i тыдзень прабыў на бальнiчным. Толькi не дапамог Кацярыне паход да начальства, бо Мiкола звольнiўся з работы i пачаў пiць кожны дзень. З кватэры знiкалi крышталь, кнiгi, не стала яе залатога пярсцёнка, але яна i ў гэтай сiтуацыi вытрымала характар: на дапамогу прыйшоў участковы iнспектар, а iх сям’я адразу стала лiчыцца неблаганадзейнай, а Мiкола – дармаедам i бытавым скандалiстам…

Iншым разам Кацярыне здавалася, што муж наўмысна п’е гарэлку, не начуе дома, каб дапячы ёй, адпомсцiць, толькi не магла зразумець, за што… I ўсё ж бывалi днi, калi спакой прыходзiў у сям’ю, Мiкола зноў рабiўся ранейшым, Кацярына ўнутрана сцiшвалася, станавiлася маўклiвай i ласкавай, хацелася вярнуць той час, калi яны не маглi i дня пражыць адно без аднаго. Толькi трывога ўсё ж не пакiдала: Кацярына адчувала, што перамiр’е часовае, што муж праз тыдзень зноў знiкне на некалькi дзён. Гэта цяпер яна разважае iнакш, кляне сябе маладую, што не скасавала шлюб, не пачала новага жыцця, дачакалася горшага.

Неяк у хату завiтаў участковы i паказаў паперу, дзе яе прымусова выклiкалi ў венерычны дыспансер. Пакуль ехалi, цешыла сябе надзеяй, што выйшла памылка, мо нехта пажартаваў, але пасля экспрэс-аналiзу iлюзii рассыпалiся, яна была хворая. Кацярына ў кабiнеце доктара страцiла прытомнасць, не магла паверыць, што прыйдзецца лячыцца тут, сярод людзей, што глядзяць на паганую хваробу, як на катар. Кацярына замкнулася ў сабе, хадзiла, бы ў ваду апушчаная, усе непрыемнасцi, што былi ў жыццi раней, здалiся дробяззю, яна адчувала сябе абражанай, растаптанай. Толькi жаданне адпомсцiць надавала сiлы, напаўняла сэнсам жыццё. Мiкалай таксама быў тут, ён хадзiў за Кацярынай па пятах, вiнавацiўся, кляўся, што зменiцца, але яна абяцаннi прапускала мiма вушэй i толькi зларадна ўсмiхалася, пазiраючы на мужа, ведала, як будзе помсцiць. Калi выпiсалi з дыспансера, першае, што яна зрабiла, – гэта пазбавiлася ад дзiцяцi. Мiкола плакаў, стаяў на каленях, прасiў не рабiць аборту, але толькi злая ўсмешка крывiла Кацярынiн твар, яна была няўмольная. З мужам не размаўляла, хоць i цяпер жылi разам, у адной кватэры. Мiкола запiў, а Кацярына доўгiмi вечарамi ляжала на канапе i, не мiргаючы, глядзела ў столь. Яна думала пра тое, як адпомсцiць мужу, суцяшэння не было, адзiн за адным узнiкалi планы помсты. Цяпер Кацярына толькi гэтым i жыла.

4

Нарэшце Кацярына наважылася: ёй трэба займець палюбоўнiка. Не, яна не збiралася хавацца, цiшком сустракацца з кiмсьцi, гэта па-ейнаму выходзiла не помста, а так, гульня, хацелася, каб пра гэта ведалi ўсе, i муж таксама.

З расказаў знаёмых Кацярына ведала, што лепш знаёмiцца на танцах, у розных клубах па iнтарэсах, але яна абрала рэстаран, нават прыгледзела невялiчкi, з аркестрам, i галоўнае, там заўсёды былi вайскоўцы. Апошняе найбольш падыходзiла, Кацярына разумела, што людзi ў пагонах паднявольныя, сёння тут, а заўтра за тысячу кiламетраў, жыццё, як кажуць, на колах. А калi так – нiякiх хваляванняў, пабачылiся i разляцелiся, забылiся адно на аднаго… Кацярына не хацела, каб у яе быў хтосьцi пастаянны, вырашыла, што сапраўды адпомсцiць толькi тады, калi як мага часцей будзе мяняць кавалераў. I потым, ёй зусiм не хацелася зноў, як калiсьцi ў Мiколу, закахацца.

Кацярына заказала столiк у дальнiм куточку рэстарана, вырашыла першы раз агледзецца, пабачыць людзей, пазнаёмiцца са звычкамi тых, хто тут адпачывае. Але не паспела афiцыянтка прынесцi ёй заказаныя каву i сто грамаў каньяку, як да яе падышоў малады статны капiтан. Ён прыязна ўсмiхнуўся i, хiтравата прыплюснуўшы чорныя вочы, запрасiў на танга.

Чарнавокага танкiста не прыйшлося запрашаць «на кубачак кавы», ён увесь вечар нi на крок не адышоў ад Кацярыны. Але калi капiтан убачыў у кватэры Мiколу, якi спаў у ложку, i, агледзеўшыся, зразумеў, што пакой адзiн, ён спахмурнеў, заспяшаўся дадому. Кацярына ледзь стрымалася, каб не заплакаць, яна ў думках намалявала капiтанаў рыцарскi вобраз, ён ёй падыходзiў, i галоўнае – танкiст быў падобны да Мiкалая: такая ж чарнявая непаслухмяная чупрына, добрыя вочы, мяккiя, спакуслiвыя вусны… Кацярына цалавалася з капiтанам у пад’ездзе i неяк унутрана падрыхтавала сябе да фiзiчнай блiзкасцi. Яна ледзь выцiснула з сябе, што гэта спiць яе п’яны брат, якi не прачнецца да ранiцы, але калi капiтан хоча iсцi, яна не супраць, толькi добра было б на дарожку прапусцiць па чарачцы за знаёмства…

Мабыць, тых дзвюх чарак, што выпiў танкiст, яму i не хапала, каб забыцца на ўсе праблемы. Ён бачыў перад сабой толькi маладую вабную жанчыну з блакiтнымi, вiльготнымi, надта прыгожымi выразнымi вачыма, не мог адвесцi позiрку ад пышных Кацярынiных грудзей…

Яны займалiся каханнем на канапе, а насупраць, цяжка дыхаючы, спаў Мiкола. Перажываннi вельмi стамiлi Кацярыну, яна фiзiчна ўжо не магла адказаць капiтану на ласкi, на ягоныя гарачыя жаданнi, не магла расслабiцца, забыцца. Яна была занятая набалелым, сваёй незвычайнай помстай, якая нарэшце спраўдзiлася. Кацярына машынальна, але спакуслiва выгiналася, моцна прыцiскалася да палюбоўнiка, упiвалася ў гарачыя вусны, мяккiя i гаркавыя ад табакi, а думкi былi далёка, душа трыумфавала, поўнiлася нейкай злараднай радасцю. Яна паўглядалася ў цемру, туды, дзе спаў Мiкола, уявiла абрыдлую п’яную морду i ўсмiхнулася. I сапраўды, з душы бы камень звалiўся, стала лёгка, проста i радасна, тое, што хвалявала, бударажыла, не давала спакою па начах, знiкла, упершыню за апошнi час Кацярына адчула сябе жанчынай, патрэбнай, каханай, хоць бы i на ноч… Але ўсё ж у нейкi момант у глыбiнi душы варухнулася пачуццё гiдлiвасцi да сябе, да таго, што робiць.

Потым быў маёр-дэсантнiк, якi, даведаўшыся пра «п’янага брата», трос таго за плечы i роў на ўсё горла: «Встать!.. Смирно!..» Мiкола толькi невiдушча глядзеў асалавелымi вачыма, бурчэў нешта незразумелае i цягнуў на сябе коўдру.

Цяпер Кацярына больш не звяртала на мужа ўвагi. Як толькi ён п’яны ўвальваўся ў кватэру, яна апраналася па-святочнаму, чапурылася i, выпiўшы кiлiшак гарэлкi, бы на працу, iшла ў рэстаран. З пэўнага часу згрызоты сумлення больш не дакучалi, наадварот, яна ганiла сябе, што гэтулькi гадоў «марынавала» сваю прыгажосць, хавалася ад людзей, не ведала, што ёсць вольнае, бесклапотнае жыццё.

Суседзi, асаблiва жанчыны, непрыязна пазiралi на яе, але Кацярына не зважала на гэта, хадзiла з высока паднятай галавой, лiчыла, што ёй няма чаго саромецца, няма ад каго хавацца. Яна была ўпэўнена ў сваёй праўдзе.

Неяк у цёмным пад’ездзе не размiнулася з суседам. Таўстун Федзька прыцiснуў мяккiм жыватом да сцяны i, лапаючы кароткiмi рукамi, пырскаючы слiнай, яхiдна працадзiў:

– Кацька, зайду вечарком, калi Мiкола засне, – i, каб не паспела адмовiць, выскалiўся: – Iнакш напiшу мацi пра твае шашнi.

Ведаў паразiт, чым можна яе шантажыраваць.

– Сто рублёў! – цвёрда рубанула ў адказ Кацярына, ведаючы, якi сквапны Федзька.

– Пабойся Бога! – узмалiўся потны кавалер. – Дзе ж я знайду столькi?

– Як знойдзеш, прыходзь! – Кацярына рашуча пiхнула таўстуна ў пуза.

Праз некалькi дзён Федзька прыйшоў…

З гэтага часу Кацярына не саромелася, стомлена глядзела чарговаму кавалеру ў вочы i называла лiчбу. Яна адчула смак тых рублёў i толькi зрэдку, мiмаходзь згадвала сваю помсту, мужава прысутнасць цяпер больш перашкаджала: клiенты не спяшалiся аддаваць грошы, калi бачылi «брата».

5

Як адзiн дзень мiнула некалькi месяцаў. Кацярына практычна, прафесiйна аглядае з-пад апушчаных век кожнага мужчыну, якi ўваходзiць у рэстаран, з першага погляду распазнае чалавека, якi на апошнiя капейкi прыйшоў сюды, i таго, хто хоча атрымаць ад вечара асалоду, прыйшоў павесялiцца, пазаляцацца на ноч да вабнай маладзiцы. Яна адразу прыкмецiла чарнявага прышчаватага каўказца. Той доўга, прыдзiрлiва аглядаў Кацярыну, пакуль з-пад навiслых вусоў не вылецела: «Сколько бэрош за ноч?» Кацярына ведала, што гэтыя хлопцы грошай не шкадуюць, але i сквапных жанчын не любяць, таму як магла абыякава прагаварыла:

– Сто…

– Нэ жадная, красыва, даю пяцьсот! – крактануў каўказец, i ягоныя вочы заiскрылiся непрыхаваным жаданнем.

У Кацярыны варухнулася сумненне, яна не любiла нецярплiвых, тых, хто абяцаў залатыя горы. Прышчаваты да таго ж выглядаў падазрона, увесь час азiраўся, быццам кагосьцi баючыся, але ж пяцьсот рублёў… Кацярына набралася смеласцi i вырашыла адразу папярэдзiць, што ў яе аднапакаёўка, у якой яна вымушана тулiцца з братам, толькi той заўсёды п’яны i моцна спiць. Ужо не адзiн клiент, даведаўшыся пра старонняга, адмаўляўся плацiць грошы, якiя абяцаў, даваў палову. Каўказец хiтра прыплюснуў правае вока, узяў яе далонь у свае маленькiя сухiя рукi.

– Мы встрэтимся в другое место, гдэ никто нэ помешает.

– Не, не, – паспешлiва адказала Кацярына, – толькi ў мяне дома…

Нейкае, як людзi кажуць, сёмае пачуццё падказвала ёй, каб не звязвалася з гэтым чалавекам, але каўказец абыякава ўсунуў ёй у руку грошы i гэтым адрэзаў шлях да адступлення: «Плачу впэрод, чтоб нэ думала плохо». На вулiцы iх чакала таксi, i каўказец, паляпаўшы шафёра па плячы, паблажлiва кiнуў: «Поехали». Кацярына назвала адрас, i праз пяць хвiлiн яны былi на месцы.

Прадбачлiвы Ашот, так назваў сябе каўказец, прывёз з сабой вялiзную сумку рознай яды, вiна, каньяку. Кацярына хацела выпiць вiна, але Ашот настаяў на каньяку, i пасля другой чаркi перад вачыма ўсё паплыло. Прагны да кахання каўказец авалодаў ёй проста на кухнi. Потым яны зноў пiлi каньяк, не тоячыся, пад музыку займалiся каханнем, смяялiся, гаманiлi… Ашот, здавалася, i не п’янеў, толькi ў вачах з’явiлiся сцюдзёныя агеньчыкi.

Калi хтосьцi пазванiў у дзверы, ён першы пачуў i, быццам кагосьцi чакаў, не пытаючыся дазволу, кляцнуў замком. У кватэру ўвалiлiся трое падобных адзiн да аднаго кучаравых каўказцаў. Яны нешта сказалi Ашоту на незразумелай Кацярыне мове, распранулiся i, быццам у сябе дома, прайшлi ў пакой. Ад выпiтага каньяку Кацярына мала што разумела, але калi няпрошаныя госцi скiнулi п’янага мужа з ложка, яна, хiстаючыся, учапiлася аднаму з iх за руку.

– Не чапайце! – ускрыкнула яна. – Ён павiнен спаць, хто вы такiя?

– Ашот, ты не сказал бели женщин, кто я? – засмяяўся чарнявы. – Придетца знакомитца.

Каўказец адпiхнуў Мiколу, а Кацярыну, ухапiўшы за валасы на патылiцы, балюча тузануў да сябе, другой рукой iрвануў на грудзях халат. У розныя бакi пырснулi гузiкi, Кацярына засталася стаяць голая i безабаронная. Яна адразу працверазела, жах скаваў цела, збялелы твар знерухомеў, сэрца сцялася ў трывозе, у прадчуваннi чагосьцi нядобрага.

Кацярына спалохана адхiснулася ад каўказца, поўнымi горычы i бездапаможнасцi вачыма паглядзела на нядаўняга свайго палюбоўнiка Ашота, але, наткнуўшыся на недаступна жорсткi, сцюдзёны позiрк, зразумела, што ён не дапаможа. У гэты момант, п’яна мармычучы нешта незразумелае, на падлозе заварушыўся Мiкола. Ён, хiстаючыся, сеў i асалавелымi вачыма агледзеў прысутных. Убачыўшы голую Кацярыну, Мiкалай трасянуў галавой, часта замiргаў, быццам не верачы ўбачанаму.

– Каця, што тут такое, чаму ты голая, што за людзi? – прагаварыў ён i зноў паглядзеў на каўказцаў.

– Кто этот слизняк? – тузануў Кацярыну за валасы чарнявы.

– Як хто! – устаючы на ногi, цверазеючы, рашуча ўскрыкнуў Мiкола i стукнуў сябе кулаком у грудзi. – Я муж, а вось ты хто?

На нейкi момант у пакоi ўсталявалася цiшыня, было чуваць, як на кухнi мерна цiкаў гадзiннiк, каўказцы, што прыйшлi пазней, раптам утаропiлiся ў Ашота. Той, што трымаў Кацярыну, па ўсiм, галоўны, злосна закрычаў нешта незразумелае. Прышчаваты Ашот, вiнавацячыся, нешта буркнуў у адказ i рэзкiм ударам нагi спынiў Мiкалая, калi той хацеў адштурхнуць ад Кацярыны незнаёмца, у якога на правай шчацэ змяёй заварушыўся барвяны шнар. Не звяртаючы ўвагi на Мiкалая, якi як нежывы павалiўся на падлогу, той пагрозлiва прашаптаў ёй у твар:

– Ты нас обманула, сука, дэньги взяла и привела к мужу. Мы так просто нэ платим, отработаешь, а муж будэт на тебя смотреть, пусть знает твой промысел…

Ён яшчэ нешта сказаў, i адразу двое, што з iм прыйшлi, замiтусiлiся, падхапiлi Мiкалая пад рукi, усадзiлi ў крэсла насупраць ложка. Ашот прынёс вады i плюхнуў яму ў твар. Калi Мiкалай ачомаўся, яму закруцiлi рукi за спiнай i моцна прывязалi да крэсла. Той, што трымаў Кацярыну, задаволена ўсмiхнуўся:

– Теперь посмотрим, что ты умеешь…

Гэтая ноч для Кацярыны ператварылася ў кашмарны сон. Напачатку яна спрабавала супрацiўляцца, але сiлы былi няроўныя, i праз некалькi хвiлiн, зняможаная, заплакала, час для яе спынiўся…

П’яная оргiя працягвалася да самай ранiцы. Кацярыне сiлком залiвалi ў рот гарэлку, аблiвалi шампанскiм, прымушалi танцаваць, бiлi, калi яна спрабавала адмаўляцца рабiць тое, што ад яе патрабавалi… Калi Мiкалай стаў крычаць, яму кляпам заткнулi рот, падсунулi з крэслам да ацяпляльнай батарэi i прывязалi за шыю да трубы. Яны хацелi, каб ён усё бачыў, калi, унiкаючы глядзець на жонку, ён заплюшчыў вочы, яму ў iх уставiлi запалкi. Так да самай ранiцы ён нерухома i адседзеў. Пакiдаючы кватэру, каўказцы зрабiлi Кацярыне нейкi ўкол. Яна страцiла прытомнасць i ачомалася толькi праз два днi ў бальнiцы.

Сваiм выратаваннем Кацярына абавязана была Мiкалаю. Яму, як i ёй, увялi вялiкую дозу наркотыку i, каб не пакiдаць слядоў гвалту, развязалi, паклалi ў ложак побач з жонкай, але Мiкалай пад наркатычным уздзеяннем скокнуў з балкона. Калi мiлiцыянеры выламалi дзверы ў кватэру, знайшлi Кацярыну, i дактары, як кажуць, выцягнулi яе за вушы з таго свету…

Потым было следства. Кацярына нiчога не ўтойвала, расказала, як было. Яе некалькi разоў выклiкалi ў пракуратуру, задавалi блытаныя пытаннi, не маглi паверыць, што яна так помсцiла мужу, але Кацярына стаяла на сваiм, i дзесьцi праз паўгода пра яе забылiся. Часцяком пачаў наведвацца сусед Федзька. Яна не працiвiлася: ён прыносiў вiно, i пасля некалькiх кiлiшкаў Кацярына забывалася пра ўсё. Потым пачалi заходзiць i iншыя, Кацярыне было ўсё роўна, абы прыносiлi гарэлку…

Кацярына прачнулася з адчуваннем, што яна не адна ў пакоi. Яна села i трывожна агледзелася. У гэты момант у акно з-за чорнага воблака сарамлiва зазiрнула поўня, i адразу на сцяне заварушылiся ценi. Кацярына сцялася, адчула, як па целе прабеглi нервовыя дрыжыкi, i ў наступны момант убачыла Ашота. На ягонай галаве тырчалi вялiзныя, чырвоныя, iскрыстыя рогi, прышчаватая морда свяцiлася сiнiм светам. Ён, заклаўшы рукi за спiну, хiтравата пазiраючы на Кацярыну, прайшоўся ўзад-уперад па сцяне, падмiргнуў чырвоным вокам, ухапiў сябе за доўгi хвост i какетлiва замахаў iм. Кацярына пацiху, не адводзячы спалоханага позiрку ад Ашота-чорта, прашмыгнула на кухню, але рагаты ўжо хадзiў па падаконнi. Ён лёгка пераскочыў з газавай плiты на стол i, не зважаючы на гаспадыню, прыстукваючы капытамi, пачаў адбiваць чачотку.

– А помнишь, Катька, как ты голая плясала?..

Кацярына, робячы выгляд, што ўважлiва слухае, дрыжачаю рукою ўзяла са стала нож i, калi няпрошаны госць наблiзiўся да яе, з усёй моцы ўдарыла яму ў грудзi… Лязо слiзганула па сцяне, зламалася i паранiла руку.

– Так гостя не встречают! – пачула Кацярына голас над галавой.

Чорт хадзiў па столi i смяяўся. Яна запусцiла ў брыдкую морду пустой бутэлькай, у адказ пачуўся грамавы рогат. Другая бутэлька паляцела ўслед за чортам у акно… Раз’юшаная Кацярына бегала па кватэры, шпурляла чым папала ў чорта, кiдалася са зламаным нажом на сцены i нiяк не магла дагнаць агiдную пачвару…

Калi ўзламалi дзверы, Кацярына кiнулася на «чорта», апранутага ў белы халат, другi «чорт» у мiлiцэйскай форме спрытна закруцiў ёй рукi за спiну…

1989 г.

Шлях да Галгофы

1

Ляшкевiч вось ужо некалькi гадзiн сядзiць на драўлянай лаве ля акна ў невялiкiм душным будынку вакзала i раз-пораз кiдае пiльныя позiркi на вулiцу. Хтосьцi можа падумаць, што хударлявы мужчына ў старой чорнай ватоўцы, картовых, незразумелага колеру штанах i кiрзачах, халявы якiх свецяцца дзiркамi, кагосьцi напружана чакае. Але Ляшкевiча нiчога на вулiцы не цiкавiць, яму проста прыемна сядзець тут, у гэтым душным гаманлiвым памяшканнi, сярод вялiкага гурту людзей, быць такiм, як яны, слухаць грукат колаў цяжкiх цягнiкоў i чакаць. Напачатку, калi сюды ўвайшоў, вакзальнае шматгалоссе збянтэжыла, нават напалохала, здалося, што ўсе прысутныя разглядаюць яго, i сутулаваты Ляшкевiч адчуў сябе на месцы чалавека, якi спазнiўся на нейкае важнае паседжанне i, каб нiкому не перашкаджаць, горбячыся, шпарка крутнуўся на вольнае месца ля акна. Што нi кажы, а два гады няволi наклалi свой адбiтак на характар i паводзiны Ляшкевiча, ён адчуў, што павiнен прывыкнуць да людзей, да людской мiтуснi, занава ўспрыняць звычайныя чалавечыя паводзiны. Прайшоў пэўны час, i былы вязень пацiху супакоiўся, абвыкся i стаў, як усе, пасажырам. А душу перапаўняла пачуццё ўзнёсласцi, вольнасцi, якое драмала да гэтага часу дзесьцi ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i толькi сёння вольнай птушкай вырвалася вонкi, пасля таго як за спiнай злавесна бразнулi замкамi вялiзныя турэмныя дзверы ды знiкла ў канцы вулiцы падобная да павука будынiна з iржавымi кратамi на вокнах.

Ляшкевiч пазiраў у акно i бесклапотна ўсмiхаўся, калi раптам людскую гаману, грукаценне цягнiка бы працяў пiсклява-патрабавальны плач немаўляткi. Ляшкевiча скаланула, рука звыклым рухам мiжволi намацала кiшэню, дзе разам з пiсьмамi, старанна загорнутымi ў цэлафан, ляжаў сынаў фотаздымак. Млява-радасна заныла сэрца, добрая цеплыня падступiла да горла, i Ляшкевiч з замiлаваннем паглядзеў на жанчыну, якая ласкава тулiла дзiця да грудзей i пяшчотна дакраналася вуснамi да шчок, лобiка, вочак, ажно пакуль малы не сцiшыўся.

«Майму Андрэйку хутка споўнiцца два гады», – падумаў Ляшкевiч i адразу ўявiў свой прыезд дадому, як падхопiць на рукi шчаслiвага сына, а да пляча радасна прытулiцца ўсхваляваная Алеся. Не адну ноч ён пра гэта марыў, чакаў сустрэчы, жыў ёю, i вось нарэшце воля!..

– Грамадзянiн! – раптам парушыў успамiны грубы мужчынскi голас. – Прад’явiце вашы дакументы.

Ляшкевiч ад нечаканасцi скалануўся, слiзгануў спалоханым позiркам па наглянцаваных ботах, шэрым шынялi, якi быў падпяразаны новымi рыпучымi рамянямi, i па звычцы хуценька ўскочыў на ногi.

– Вось, грамадзянiн начальнiк, даведка, – паспешлiва выцягнуў паперу Ляшкевiч i засяроджана знерухомеў, узiраючыся ў твар мiлiцыянера, сiлячыся зразумець, чым выклiкана праверка дакументаў.

Невялiкага росту тоўсты старшына задаволена крактануў, неяк стомлена, паволi, усёмагутна-строгiм позiркам агледзеў Ляшкевiча, залу чакання, мажная скiвiца ганарлiва тузанулася ўгору, плечы, жывот быццам сталi шырэйшымi. Усiм выглядам мiлiцыянер паказваў, што i сапраўды ён тут самы вялiкi начальнiк.

– Та-а-ак, значыцца, адкiнуўся? – расцягваючы кожнае слова, урэшце прагаварыў мiлiцыянер, i ў калючых шэрых вочках мiльгануў нядобры агеньчык.

«Адкуль ён звалiўся на маю галаву?» – падумаў Ляшкевiч, а ўслых сцiшана, але цвёрда адказаў:

– Мяне вызвалiлi датэрмiнова за прыкладныя паводзiны…

– У тых мясцiнах твае паводзiны маглi быць i прыкладнымi, – жорстка перапынiў Ляшкевiча старшына, – а на волi даверу датэрмiноўцам няма, яго трэба заслужыць.

– Дык я ж не злодзей, – пакрыўджана запярэчыў Ляшкевiч, – i пакараны быў за iншае…

– Для нас не мае значэння, за што сядзеў, гэта твае праблемы. Важна, што ты быў у «гаспадара»…

Мiлiцыянер грэблiва сунуў даведку ў рукi збянтэжанаму Ляшкевiчу, паволi павярнуўся i, заклаўшы рукi за спiну, з годнасцю пасунуўся да выхаду, але праз некалькi крокаў спынiўся.

– Ты вось што, – непрыязна прагаварыў ён, – каб нiякiх праблем на вакзале не ствараў, лiчы, што я афiцыйна цябе папярэдзiў. Мне добра вядомы ваш брат, не паспее гэткi датэрмiновы з’явiцца, а ўжо зыркае, дзе што дрэнна ляжыць, мяне ж начальства за недагляд прэмiй пазбаўляе…

Ляшкевiч адчуў, як скаланулася сэрца, як знiкла бязмежная радасць, што некалькi хвiлiн таму перапаўняла яго, як пацiху, крадучыся, бы звер, душу запаланiў смутак i боль. Ён разгублена паглядзеў на даведку аб вызваленнi, на каржакаватую постаць мiлiцыянера i не зразумеў, чаму яго так абразiлi. Хiба тэрмiн, адбыты ў калонii, нiчога не значыць? Для чаго ж тады гэтая паперка, калi для мiлiцыянера ён усё роўна застаўся вязнем? Ляшкевiча перапаўняла жаданне дагнаць старшыну i запатрабаваць тлумачэнняў, але ў гэты момант чарга ў буфет заварушылася, пачулiся незадаволеныя крыкi, дзiнькнула бiтае шкло. З дзвярэй вышмыгнула буфетчыца ў рудым халаце, якi быў калiсьцi белым, i, убачыўшы мiлiцыянера, кiнулася да яго.

– Вася, памагай, тут хулiганнё абнаглела, кнiгу скаргаў патрабуюць! – ухапiла яна старшыну за рукаў шыняля.

– Разбяромся! – юрлiва ўсмiхнуўся мiлiцыянер, быццам чакаў, калi буфетчыца звернецца да яго па дапамогу, i, тоячыся староннiх вачэй, ушчыкнуў жанчыну нiжэй спiны.

Ляшкевiч убачыў, як шчокi буфетчыцы запунсавелiся i яна нешта шэптам сказала мiлiцыянеру. Ад яе слоў той задаволена зарагатаў.

«Ну i казёл гэты Вася!» – у думках вылаяўся Ляшкевiч i, схаваўшы даведку ў кiшэню, сеў на сваё месца.

2

Першая сустрэча з Алесяй адбылася за год да таго, як Ляшкевiч трапiў у турму. Тады ў яго, дваццацiсямiгадовага хлопца, нечакана памерла мацi i з усёй раднi засталася толькi цётка Тэкля, стрыечная матчына сястра. Застаўшыся адзiн, Ляшкевiч нечакана для сябе разгубiўся, ён толькi цяпер зразумеў, што ўсё жыццё жыў не разам з мацi, а за яе спiнай. Склалася так, што сяброў у Ляшкевiча не было, пра сям’ю ён нiколi не думаў, бо ўсе хатнiя клопаты ляжалi на матчыных плячах i яго задавальняла такое жыццё. Калi хто-небудзь з суседзяў цiкавiўся, чаму ён не жэнiцца, Ляшкевiч толькi пасмiхаўся: «Што я вам дрэннага зрабiў? Мама ды я – лепшая сям’я!..»

З цёткай Тэкляй сустракалiся рэдка. Невялiкага росту, рухавая, заўсёды ў пуховай шэрай хустцы, яна заходзiла на якое свята, частавала пляменнiка цукеркамi ды заадно пераказвала якую плётку, пачутую на кiрмашы, дзе мела аблюбаваны куточак i гандлявала вязанымi шапачкамi ды вясельнымi капялюшыкамi. Пасля матчынай смерцi цётка Тэкля амаль кожны вечар пачала прыходзiць да Ляшкевiча, мiтусiлася, прыбiраючы кватэру, i безупынку гаманiла. Ён нават здзiўляўся, што пражыў ледзь не трыццаць год у доме i амаль не ведаў суседзяў, а цётка, бы прафесiйны следчы, праз якi тыдзень ужо ведала, што робiцца ў кожнай кватэры. Ад яе Ляшкевiч даведаўся, што Пятровiчы з дзясятай кватэры амаль кожны дзень сварацца, бо Лiдка залавiла свайго з палюбоўнiцай i падала заяву на скасаванне шлюбу. Ён жа цяпер п’е i буянiць. А Дар’я-векавуха з восьмай кватэры зачынiлася i тры днi носа на вулiцу не высоўвала. Бабы нават сваячнiцы званiлi, цi не здарылася чаго, усё ж не маладых гадоў чалавек, а цётка Тэкля ўжо шаптала пляменнiку: «Нiчога з дурнiцай старой не сталася, жывая, а вось розуму Бог не даў. Гэта ж яна трэцяга дня заманiла лiверкай у кватэру сабаку, прафесарскага дога, якога вучоны чалавек, кажуць, ажно з Англii прывёз. Дык яна гэтага кабяля заперла ў ваннай разам са сваёй дварняжкай, надумалася добрую пароду вывесцi…» Ляшкевiч прывык да цёткi i нават сумаваў, калi яна не прыходзiла. Старая падабалася яму сваёй шчырасцю, вясёлым характарам, забаўляла гаворкай. На патэльню яна казала «скаравада», на рыбу – «кех» альбо «мiнталь». Ляшкевiч часцяком кпiў з яе, але цётка не зважала на гэта. Беларускiя, рускiя, украiнскiя, польскiя i, вiдаць, прыдуманыя самой ды перакручаныя словы так i сыпалiся з яе нястомнага языка. «Кiрмашная твая мова, цётка!» – пакеплiваў iншы раз Ляшкевiч, з чым яна хуценька згаджалася: «Твая праўда, пляменнiчак. Але ж так мяне лепш разумеюць на кiрмашы, таму i тавар не залежваецца…»

Неяк увечары цётка завiтала не адна, а з маладой, шыракатварай, бялявай дзяўчынай. Незнаёмка з галавы да пят акiнула Ляшкевiча ўчэпiстым позiркам, потым абышла кватэру, прыдзiрлiва агледзела ўсе пакоi, зазiрнула нават пад ложак, правяла далонню па падаконнi i, убачыўшы брудную ад пылу руку, незадаволена пахiтала галавой. Ляшкевiч адчуваў сябе нiякавата, стаяў сярод пакоя, быццам на кiрмашы. У гэты момант яму здалося, што яго прадаюць, як не надта хадавы тавар, i госця можа, як каню, паглядзець i ў зубы. Ляшкевiч пагрозлiва зiрнуў на незнаёмку i ўжо хацеў абурыцца яе нахабству, але яго апярэдзiла цётка.

– Ты ўжо, Iванка, не крыўдуй на мяне, старую дурнiцу, – паспешлiва загаварыла яна. – Гэта Алеся, дачка маёй даўняй знаёмай. Яна прыехала з вёскi, паступала ў iнстытут, ды правалiлася на ўступах.

Пачуўшы, што размова пра яе, госця спынiлася i з выклiкам паглядзела на Ляшкевiча.

– А мне што за справа? – непрыязна буркнуў Ляшкевiч.

– Вось я i захацела табе, пляменнiчак, дапамагчы, – замiтусiлася цётка Тэкля, узяла ў рукi чамадан, якi прынесла дзяўчына, i перасунула яго да буфета. – Алеся хоча застацца ў горадзе, знайсцi работу, а да працы яна ахвочая, не якая-небудзь лайдачка з чырвонымi кiпцюрамi. А што ў iнстытут не паступiла, дык мо i добра, не ўсiм жа мець тую верхнюю адукацыю. Толькi жыць ёй няма дзе, я i падумала: хай бы ў цябе пабыла нейкi час за кватарантку…

У пакоi ўсталявалася цiшыня. Па вулiцы з сiрэнай пранеслася машына «хуткай дапамогi», у двары хтосьцi апантана выбiваў дыван, i глухiя ўдары рэхам аддавалiся ў пад’ездзе, у суседзяў за сцяной натужлiва рыпала скрыпка, выцiскаючы з сябе «Шэранькага козлiка». Ляшкевiч уявiў сямiгадовага суседа Мiколку, якi заўсёды важна праходзiў па вулiцы, асцярожна трымаючы ў руках футарал са скрыпкай.

– Яна i кватэру прыбярэ, i бялiзну памые, – парушыла маўчанне цётка Тэкля, – бо не табе, хлопцу, гэтым займацца.

Ляшкевiч маўчаў. Ён нават уявiць не мог, што цётка прывядзе кватарантку, i цяпер, зразумеўшы, што старая не жартуе, думаў, як паступiць, што сказаць дзяўчыне. Ён нiколi не жыў з чужымi людзьмi, заўсёды побач была мацi, а калi яе не стала – цётка. Калi б яшчэ хлопец, то ён пагадзiўся б, усё ж весялей, было б з кiм пагаварыць, схадзiць на футбол…

– Я не набiваюся да Вас у кватаранткi, – нечакана прыемным голасам прагаварыла госця. – Гэта цёця Тэкля настояла. Мне лепш было б у iнтэрнаце, чым жыць у адной кватэры з хлопцам. Што людзi скажуць?

– Там лепш, дзе нас няма, – цяжка ўздыхнула цётка Тэкля. – Маладая ты, жыцця не ведаеш, пачакай, свая вош укусiць – не так запяеш!

Госця прамаўчала, толькi незадаволена перасмыкнула плячыма i падышла да ўмывальнiка, прыдзiрлiва агледзела кран, ракавiну.

– Вада што, i гарачая ёсць? – спытала яна i хуценька адкруцiла абодва кранiкi.

У кватэры адразу загуло, ад непамернага цiску вады трубы затрымцелi, у iх нешта затахкала, загiрчэла. Дзяўчына пужлiва адхiлiлася i схавала рукi за спiну.

– Ёсць, дзетачка, усялякая вада, – хiтравата ўсмiхнулася цётка Тэкля, закруцiла кранiкi i, крыху памаўчаўшы, спагадлiва дадала: – А труб гэтых не пужайся, прывыкнеш. Вядома, дом стары, праз год цi два пойдзе на знос, таму i рамонту анiякага не робiцца. А праз гэта i гудзе, i калоцiцца, i трымаецца жалеззе, як людзi кажуць, на адным чэсным слове…

Ляшкевiч разумеў, што трэба рашаць. Ён бачыў, што госця хвалюецца, што яе строгасць напускная, цётка Тэкля таксама кiдала нецярплiвыя позiркi на пляменнiка.

– Цёця, – нарэшце выцiснуў з сябе Ляшкевiч, – хай будзе, як Вы вырашылi.

– Правiльна, Iван, – з палёгкай уздыхнула старая, – ты не пашкадуеш, яшчэ будзеш удзячны.

З першай сустрэчы Ляшкевiча i Алесi мiнуў тыдзень. Бачылiся яны рэдка, наўмысна ўнiкалi сустрэч, старалiся не назаляць адно аднаму. Ляшкевiч паводзiў сябе так, быццам не заўважаў кватарантку, рабiў выгляд, што яму ўсё роўна, хто з iм жыве ў кватэры. Вечарамi часцяком прыходзiў на падпiтку i да ночы глядзеў тэлевiзар, iншым разам так i засынаў у крэсле.

Нечакана для абаiх лёд у iх адносiнах растаў. Быў выхадны дзень, i Алеся папрасiла Ляшкевiча прыладзiць да дзвярэй замок. Ляшкевiч моўчкi ўзяўся за справу, але калi вялiкi чорны замок з блiскучай сярэдзiнай павiс на дзвярах Алесiнага пакоя, у душу закралася пачуццё няўтульнасцi. Здалося, што чорны маўчун не толькi сцеражэ дзверы, але i сочыць за кожным ягоным крокам.

Ляшкевiч не вытрымаў i, жартуючы, спытаў:

– Што за сакрэты ў тваiм пакоi? Мо хаваеш золата цi брыльянты?

– Мне не да жартаў, – працiраючы анучай замок, уздыхнула Алеся i з выклiкам паглядзела на Ляшкевiча. – Вы кожны дзень прыходзiце дадому на падпiтку, i я вымушана перасцерагаццца… Адзiн бог ведае, пра што думае п’яны. Хто мяне абаронiць, калi што якое?

Ляшкевiч вымушана засмяяўся, але на душы зрабiлася пагана, сэрца атулiў непрыемны халадок. Ён не чакаў пачуць ад дзяўчыны такiя словы, нават i ў думках не было, што сваiмi паводзiнамi ён можа яе палохаць. Ляшкевiч уважлiва паглядзеў кватарантцы ў вочы, спадзеючыся ўбачыць жартаўлiвыя агеньчыкi, але Алеся не адвяла позiрку, прыкусiўшы нiжнюю губу, яна насцярожана сачыла за iм, гатовая ў любы момант да рашучых дзеянняў. Ляшкевiч хацеў сказаць у сваё апраўданне, што ёй няма чаго баяцца, што ў яго нават у думках не было, каб пакрыўдзiць яе, але прамаўчаў. Ён асцярожна зачынiў дзверы Алесiнага пакоя i пайшоў да сябе.

Пасля той размовы Ляшкевiч усё часцей лавiў сябе на тым, што прыязна думае пра дзяўчыну. Ён неяк унутрана падабраўся, пачаў пазбягаць сустрэч з сабутэльнiкамi, кожны дзень са стоеным нецярпеннем чакаў вечара i спяшаўся дадому. Яму хацелася бачыць Алесю, гаварыць з ёй. Калi раней наiўная вясковая разважлiвасць, з якой дзяўчына ставiлася да жыцця, нервавала Ляшкевiча, то цяпер выклiкала добрыя пачуццi, ён наперад гатовы быў пагадзiцца з усiм, што б яна нi гаварыла.

Алеся заўважыла гэтыя перамены. Ёй i падабалася тое, што Ляшкевiч замiлавана пазiрае на яе, i адначасова палохала, бо хлопец, такi непрыстасаваны да жыцця, акрамя жалю, спачування, пакуль што нiякiх iншых пачуццяў не выклiкаў.

Алеся ўладкавалася працаваць побач з домам, у сталоўку пасудамыйшчыцай. Заўважыўшы, што Ляшкевiч ранiцай галодны бяжыць на працу, пачала рыхтаваць сняданкi на дваiх. Ён моўчкi прыняў гэты клопат, i цяпер ужо хатняя гаспадарка ляжала на Алесiных плячах. Праўда, калi Ляшкевiч атрымаў грошы, то трэць аддаў ёй «за сняданкi» i запрасiў павячэраць у рэстаран. Алеся ад рэстарана адмовiлася, але пайшла з iм у кiно на апошнi сеанс.

Раз, а калi i двойчы, на месяц, часцей у выхадныя, прыязджала Алесiна мацi. У гэтыя днi ў кватэры было як на кiрмашы: сноўдалi туды-сюды незнаёмыя заклапочаныя жанчыны, шапталiся ў Алесiным пакоi, а здаралася, што i сварылiся. Усе яны нешта прыносiлi ў цяжкiх вандзэлках для Нiны Мацвееўны (так звалi Алесiну мацi), а забiралi адно: казiны пух. У гэтыя днi прыходзiла i цётка Тэкля. Жанчыны цалавалiся, выпiвалi за сустрэчу па чарцы вiна i гаманiлi да самай ночы. Ляшкевiч ведаў, што з таго часу, як у яго жыве Алеся, цётка Тэкля свае пуховыя капялюшыкi вяжа з дармавога казiнага пуху.

Неяк, пасля чарговага прыезду Нiны Мацвееўны, з дзвярэй знiк замок.

– Хопiць табе i засоўкi, – старанна абгарнуўшы газетай «жалезнага вартаўнiка», гучна, каб пачуў Ляшкевiч, прамовiла Алесiна мацi. – На вёсцы ён больш патрэбны, дый няма табе, дачушка, ад каго хавацца, Iванка хлопец добры, не пакрыўдзiць.

Тым вечарам цётка Тэкля шапталася з Нiнай Мацвееўнай пазней, як звычайна. Некалькi разоў з пакоя выбягала расчырванелая, усхваляваная Алеся, кiдала на Ляшкевiча збянтэжаныя позiркi, нешта перастаўляла на кухнi з месца на месца i зноў знiкала за дзвярыма. Пра што памiж жанчынамi iшла гаворка, Ляшкевiч так i не даведаўся. Праз колькi дзён яму кiнулася ў вочы, што Алеся неяк па-iншаму, мо з большым даверам i прыхiльнасцю пазiрае на яго і дзверы ў свой пакойчык больш не замыкае.

3

На пачатку вясны нечакана памерла цётка Тэкля. Як сядзела ў крэсле з вязальнымi спiцамi ў руках, нешта вяжучы, так i засталася – спынiлася сэрца. Ляшкевiч балюча перажываў смерць цёткi. Алеся ў гэтыя днi была побач, старалася ва ўсiм дагадзiць, спачувала, частку клопату па пахаваннi ўзяла на сябе. Шчырасць дзяўчыны кранула Ляшкевiча: калi дамавiну з нябожчыцай апускалi ў зямлю, Алеся страцiла прытомнасць. У той момант ён раптам падумаў, што павiнен ажанiцца з Алесяй, адчуў, што не можа без яе жыць. Калi ехалi дадому, Ляшкевiч прапанаваў Алесi выйсцi за яго замуж.

Нешта змянiлася i ў самой Алесi, ёй пасавала Ляшкевiчава зычлiвасць, сцiпласць. Яна разумела, што ён будзе добрым мужам, чулым бацькам, але яна марыла аб шэкспiраўскiм каханнi, як у Рамэа з Джульетай. Яна не магла нават уявiць сябе жонкай гэтага хударлявага сутулаватага хлопца, але i не адмовiла, папрасiла некалькi месяцаў пачакаць.

Змены памiж Ляшкевiчам i Алесяй адразу заўважылi суседзi. Яны даўно лiчылi Iванаву жанiцьбу з кватаранткай непазбежнай i цяпер пры сустрэчы раiлi, як лепей справiць вяселле. Гэтыя парады бянтэжылi Ляшкевiча, а Алесiны паводзiны зусiм здзiўлялi. Здаралася, што яна гадзiнамi без перадыху гаманiла пра ўсё на свеце, а iншым разам змаўкала – слова абцугамi не выцягнеш. У гэткiя хвiлiны Ляшкевiч стараўся не турбаваць дзяўчыну, ведаў: калi Алеся зазлуе, то нi з кiм не размаўляе. Яна садзiлася ў крэсла ля тэлевiзара, накрывалася коўдрай i толькi зрэдку панура зыркала на Ляшкевiча, бы ён быў перад ёй вiнаваты. Такiя Алесiны паводзiны выбiвалi з каляiны, мроiлiся розныя здагадкi, нечакана з’явiлася рэўнасць. Як i калi гэтае шчымлiвае пачуццё ўпершыню закралася ў душу, Ляшкевiч не ведаў, ён не адказаў бы i сабе – з’явiлася, i ўсё тут, балючай стрэмкай упiлося ў сэрца.

Продолжить чтение