Дзяўчынка, у якой не было нічога

Размер шрифта:   13
Дзяўчынка, у якой не было нічога

У дзяўчынкі не было нічога, акрамя невялічкай хатцы на лясной паляне і прыгожай блакітнай сукенкі. Дзяўчынка наогул не ведала, ці існуюць хоць дзесьці яшчэ такія ж самыя хаткі, такія ж людзі ў прыгожых сукенках, не важна нават, якога колеру, але менавіта гэтае пытанне часам не давала ёй спаць, непакоіла і турбавала. Ёй было дзесьці каля дзесяці гадоў з роду. Можа і крыху больш, дзяўчынка не помніла дакладна, калі пачала лічыць іх, гэтыя гады. Не помніла дзяўчынка і як з’явілася ў яе гэтае ўменне – лічыць. Яна проста ставіла зарубінку на вушку ля дзвярэй сваёй хаты кожны раз, калі сыходзіў зімовы снег і калі пачынала блішчаць і ільсніцца пад цягам халоднай вады зямля. Вясна надыходзіць усяго адзін раз у год – яна гэта добра ведала і менавіта пачатак вясны прывыкла ўпэўнена лічыць сваім днём народзінаў.

Сваё жыццё яна ніколі не ўспрымала як штосьці цяжкае. Якія ж тут складанасці, калі ты жывеш адна і ніхто не дурыць табе галаву сваімі няпрошанымі парадамі? Якія складанасці, калі лес цябе корміць і поіць, бы родную дачку, разам з табой разважае пра вялікае і маленькае, укалыхвае ціхім голасам дрэў і травы… Але дзяўчынка ўсё часцей думала: чаму лес адзіны яе суразмоўца? Чаму ніхто не можа завітаць да яе ў госці, акрамя мышкі, якая палохаецца і забіваецца ў кут, або хмары камароў, якія ўлетку нават перашкаджаюць спаць?

Часам дзяўчынка, у якой не было нічога, акрамя гэтай старой драўлянай хаты і гэтай прыгожай блакітнай сукенкі – у колер яе вочак – стаяла ля люстэрка і думала: вось існуе ж такая істота, як чалавек. Як мінімум адзін чалавек у свеце – яна. З дзвюма рукамі і дзвюма нагамі, з кудлатай светлай галавой і бруднымі пасля збору ягад маленькімі пальцамі. Дзяўчынка ведала: у мышкі дзесьці пад падлогай хаваюцца дзеткі, такія ж як тая мышка, шэрыя, толькі малюпаценькія. У камароў наогул падобных да іх істот шмат. Ці азначае гэта, што дзесьці павінны існаваць такія ж дзяўчынкі, у якіх таксама няма нічога і нікога?

І аднойчы яна вырашыла: трэба абавязкова знайсці гэтых адзінокіх сумных дзяўчынак і паказаць ім, што на самой справе яны не адні, а бы тыя мышкі, толькі чамусьці схаваныя адна ад адной пад рознымі падлогамі. А можа існуе нават і мама-мышка ў чалавечым абліччы? Можа ёсць у дзяўчынкі мама ці тата? Але ў каго пра гэта спытацца? Рашэнне было такім простым і зразумелым: палажыць некалькі яблыкаў, сабраных ёй не так даўно, у хусцінку, завязаць вузел, пакінуць старую драўляную хатку не зачыняючы дзвярэй – усё роўна ніхто не прыйдзе – і пайсці хоць куды-небудзь, куды раней дзяўчынка яшчэ не хадзіла.

Продолжить чтение