Беркут. Кніга першая

Размер шрифта:   13
Беркут. Кніга першая

Редактор Яўген Ісаевіч Кандратовіч

© Мікола Міхайлавіч Адам, 2024

ISBN 978-5-0064-2692-4 (т. 1)

ISBN 978-5-0064-2693-1

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

МІКОЛА АДАМ

БЕРКУТ

(раман)

Майму дзеду Яўгену Пятровічу Украдыга (1919—1989) – Герою Савецкага Саюза

Кніга першая

1. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск, Казахская ССР

Яны накінуліся на яго, як шакалы, знянацку і спадцішка. Болю ад удару па галаве не адчуў, адно ў вачах пацямнела і ногі сагнуліся ў каленях. Але да зямлі, якая нібыта цягнулася абняць рукамі жанчыны, прагнуўшай пацалунку, ён прыпаў не тварам, а далонямі, быццам уздумаў на нейкую трасцу адціскацца, чым умомант расчараваў яе. Яна адпрэчыла яго, адштурхнула ў гневе, і ён перакуліўся на спіну. Чацвёра маладых казахаў у скураных куртках і цяжкіх чаравіках стаялі над ім колам. Адзін з іх сціскаў у руцэ яго заплечнік з прадуктамі і падарункамі для ўнукаў (шакаладныя цукеркі, наборы салдацікаў-піратаў, лялька, што прамаўляла слова «ма-ма», калі яе нахіліць), другі перакідваў з рукі ў руку драўляную біту для гульні ў пікара. Напэўна, ёю хлопцы мелі намер аглушыць дзеда ды абрабаваць па-ціхаму. Ён узгадаў усіх і кожнага. Разам ехалі апошнім рэйсавым аўтобусам з Караганды. Яны сядзелі на задніх сядушках, гучна размаўлялі па-свойму і пілі партвейн, рагаталі і рыгалі нібыта наўмысна, нібыта правакуючы на тое, каб ім зрабілі заўвагу, каб потым з задавальненнем выплеснуць п’яную агрэсію на пасажыраў славянскай знешнасці. Але тыя маўчалі, уціскалі галовы ў плечы або рабілі выгляд, што спяць. Маўчаў і ён. Не хацеў звязвацца. Дый узрост не той. Да таго ж сядзеў у самым пачатку аўтобуса, акурат за кіроўцам. Не хацеў, яны навязаліся самі. Ішлі, відаць, крок у крок за ім, як выйшлі з аўтобуса, на дзіва бясшумна, быццам здані ці цені. Ён не пачуў іх, старэе, не іначай, або пастарэў і не заўважыў калі. Амаль ля самага дома, у арцы, праз якую хадзіў заўсёды, бо так бліжэй, за ёй адразу і пачынаўся двор, першы палісаднік яго, велічэзныя таполі паабапал асфальту ўздоўж пад’ездаў і жалезнай, пафарбаванай у зялёны колер трубы, што апаясвала сабой двор замест плота, ды карагач…

Моладзь не хацела працаваць, асабліва карэнная. Рабаванні і забойствы пачасціліся з увядзеннем дэмакратыі. Яны былі крыламі дэмакратыі, яе анёламі і дэманамі. На жаль, нічога, акрамя подласці і хлусні, з ёю ў грамадства не прыйшло. Вось ён, вынік. Напад на пенсіянера ў цёмным месцы. Вось яна смеласць сённяшняя. Няўжо дзеля такіх нашчадкаў яго пакаленне гарэла ў танках і самалётах, партызаніла ў лясах, падрывала сябе гранатамі?!. Каб потым тыя нашчадкі вось так адзячылі, у падваротні, з-за спіны… Якая гідота! Зрэшты, хто пра ўсё тое памятае ці ведае тут, у горадзе, хоць і шахцёрскім, але цалкам зэкаўскім?..

Адзін з нападнікаў схіліўся над ім, маючы намер, відаць, абшукаць кішэні, упэўнены, што ахвяра аглушаная, як рыба. Ён выпрастаў руку наперад змяёй, якая беспамылкова ўпілася ў гарляк бедалагі і бязлітасна сціснула кадык. Перад сабой бачыў зараз не чыіхсьці бязмозглых і бесталковых дзяцей, а ворагаў, як на фронце. І фронтам яго быў вось гэты цёмны закуток у арцы. Ён мусіў трымаць абарону і выжыць, бо галоўнае на фронце не загінуць, а менавіта выжыць, аб чым ніколі не стамляўся даводзіць падначаленым байцам. Загінуць ніколі не позна, нічога складанага ў смерці няма, а вось выжыць – тая шчэ марока, цяжкая, з крывёй і паносам, але неабходная на вайне рэч.

Ён згрупаваўся, як кашак, перакаціўся праз сябе і пакінуў хрыпець на тым месцы, дзе толькі што ляжаў, таго, каму пашкодзіў кадык. Нямоцна выцяў плячо аб шурпатую сценку аркі ды падняўся, абапіраючыся аб яе спінай. Ухіліўся ад чарговага ўдару бітай, якая з такой моцай сутыкнулася з каменем, што высекла іскры, і аскепкі граніту з адламанай тынкоўкі чырканулі па шчацэ. Раз’юшаныя твары маладзёнаў пагрозліва матляліся, бы галовы цмока, хіба што не пляваліся агнём, перад вачыма.

І ўсё гэта моўчкі. Нападнікі не хацелі, каб іх хтосьці пачуў, яны разлічвалі на хуткую здабычу і ціхае знікненне ў прасторы, а ён не жадаў нічыёй дапамогі, хоць двор, яго двор раскінуўся адразу за аркай, з двара даносіліся гучныя галасы: яшчэ гуляла дзятва на пляцоўцы, а суседзі па пад’ездах рэзаліся ў даміно, нарды і карты, бо пераднавагодняя зіма сёлета нагадвала хутчэй слотную цёплую восень.

Ён прыкрыў спіну сцяной аркі і ўсміхаўся. Што, не такія смелыя, калі не можаце ўдарыць цішком? Аднак іх было чацвёра, а ён адзін. Маладыя, злыя, беспрынцыпныя шчанюкі супраць старога, але ваўка. Ён прапусціў у працэсе бойкі яшчэ два ўдары бітай па галаве. Кроў залівала твар. Плашч, апрануты на ім, скоўваў рухі, ды зняць яго ён не мог, не паспеў бы. У нейкі момант біта апынулася ў яго руках. Ён працаваў ёю, як корцікам на фронце, не на смерць. Яны, усё ж, нечыя дзеці, хоць і гаўнюкі. Потым пасадзіў іх побач адзін да аднаго, спінамі прытуліў да сцяны, падняў заплечнік і капялюш, капялюш сунуў у заплечнік і пашыбаваў у бок дома. Аднак не праз двор, каб не пабачылі – у якім ён выглядзе. Абышоў дом ззаду, рушыў па зжаўцелай траве і дзе-нідзе перасохлай зямлі, падобнай на яго зморшчыны. Тут рэдка калі хто хадзіў, хіба што сабачнікі на світанку. Еўдакія, жонка, напэўна, хвалюецца, унукі зачакаліся. Яны дакладна ведалі, што дзед з камандзіровак абавязкова вяртаецца з падарункамі для іх. Яму ў радасць было іх балаваць. Але тое заўтра. Ды крокі даваліся чамусьці з незразумелай напругай!.. І, чым бліжэй ён падыходзіў да свайго пад’езда, тым цяжэйшай рабілася хада. Ногі падгіналіся, у вачах цямнела і міргала нешта фіялетава-жоўтае, бы пасля таго, як паглядзіш на запаленую электралямпачку. Сэрца, здавалася, вось-вось выкуліцца з грудзей, якія лопнуць, як прарэха. Але дазволіць адпачынак сабе не мог. Адчуваў, што кожная паблажка пагражае нечым немінучым, страшным немінучым. Ён павінен дайсці да кватэры на трэцім паверсе – і тады ўсё будзе добра. Гэта ён ведаў пэўна. Перад пад’ездам пакратаў голыя калючыя галінкі карагача, быццам развітаўся з імі. Яны раслі справа ад уваходу, ён зрадніўся з імі за шматгадовае жыццё ў гэтым доме, вітаўся шторанак, калі выходзіў з дому, спяшаючыся на працу, жадаў дабранач, калі вяртаўся. І яны адказвалі яму, здавалася, узаемнасцю, любілі яго дотыкі, негаваркую мову да сябе, не былі такімі калючымі, як з астатнімі насельнікамі. І цяпер чапляліся за яго рукі, быццам прадчувалі расстанне.

Ён не дайшоў да дзвярэй кватэры адзін лесвічны пралёт. На апошніх кроках пачаў задыхацца. Паветра выдыхаў з шумам і крывёй з рота. Затым нібыта праваліўся ў чорны калодзеж, уверсе якога пабачыў матчын твар, які ўжо нават забыў, як выглядае. Яна, маладая, прыгожая, клікала яго, працягвала руку, ён цягнуўся да яе, але дацягнуцца не мог, як не мог і адказаць на яе кліканне, бо з горла вырываўся толькі хрыплы булькат у крывавых бурбалках і плямах.

Яго знайшоў ці, хутчэй, натыкнуўся сусед па лесвічнай пляцоўцы (іх адзіныя на ўвесь паверх дзве кватэры аднолькавымі, абабітымі чорнай штучнай скурай дзвярыма глядзелі вочы ў вочы), які вяртаўся пасля адпрацаванай змены на аўтабазе дадому, затрымаўшыся, як заўжды, ля піўбара. Ён быў крыху маладзейшы, але таксама на пенсіі, з тых немцаў, што перад вайной выслалі ў Казахстан, ачышчаючы берагі Волгі з такім імпэтам, быццам пазбаўляліся ад паразітаў. Маючы прозвішча Леўс, уласна, на арыйца сусед мала паходзіў: каранасты мацак з чорнымі, дзе-нідзе пабітымі сівізной валасамі. Больш за трыццаць гадоў Леўс круціў баранку, прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні аўтабазы, перасаджваўся час ад часу з грузавікоў на рэйсавыя аўтобусы і наадварот, нядаўна яму даверылі новы аўтобус і новы маршрут, пушчаны дзеля некалькіх адно пабудаваных і ўжо заселеных мікрараёнаў. Яму было не тое каб весела пасля некалькіх куфляў разліўнога піва, але настрой трымаўся прыўзняты, пакуль позірк не напароўся на распластанае наперадзе цела. Леўс затрымаўся на імгненне на прыступках, быццам праганяў насланнё, ва ўсякім разе спадзяваўся, што яму прымроілася, здалося пабачанае, аднак не. Тады ён прыспешыў крок, ужо ведаючы, здагадаўшыся, пазнаўшы па абутку, заўсёды бездакорна наваксаваным, да люстранога бляску, хоць і крыху запэцканым і падрапаным, з камячкамі прыстаўшай зямлі на падэшве, што гэта – Беркут. Беркут Яўген Пятровіч, сусед. П’яны ці што, Пятровіч? Ды не падобна на тое. Ніколі Леўс не бачыў суседа моцна датым за ўсё доўгае жыццё, лічы, побач, хоць той быў яшчэ той піток.

– Тваю маці! – заўважыў пабітую акрываўленю галаву Беркута і збітыя касцяшкі на абедзвюх руках, адна з якіх мёртвай хваткай трымала заплечнік. – Пятровіч! – дакрануўся да пляча нерухомага суседа. – Пятровіч, жывы? – тармашнуў мацней. Але той не азываўся. – Чакай, Пятровіч, я зараз!

Пераскокваючы праз дзве прыступкі запар, Леўс дапяў да кватэры суседа, якая ўвесь гэты час раўнадушна праз вечка на дзвярах пазірала на нерухомае цела гаспадара. Іронія лёсу: быць за два крокі ад дому, здавалася, варта адно руку працягнуць да дзвярэй, за якімі – жыццё і дапамога, і… ніякая маўклівая паражнеча накрывае ў той самы момант, калі, лічы, ужо ўратаваўся. На ўсялякі выпадак ці па нейкай іншай прычыне Беркуты ніколі не замыкалі дзвярэй на замок. Тыя заўсёды трымаліся адчыненымі. Магчыма, Пятровічу пашанцавала б больш, калі б ён знайшоў сілы хаця б дапаўзці да дзвярэй і штурхануць іх, яны якраз адчыняліся ўнутр… І хатнія нічога не адчулі. Зрэшты, хіба адчуеш падобнае?.. Хіба прадчуеш бяду, якая мусіць адбыцца менавіта з табой проста зараз?..

Леўс забег у кватэру да суседзяў, забыўшыся, што дома магла быць толькі жонка Пятровіча, якую нельга было хваляваць з-за слабога сэрца і дыябету, дый дапамагчы яна нічым не змагла б. Хвароба нарасціла на целе жанчыны дужа залішнюю вагу, і Беркуцісе каштавала вялікіх высілкаў перасоўвацца нават па кватэры на няўпэўненых нагах. На вуліцу яна не выходзіла ўжо гадоў дваццаць і свежым паветрам дыхала з балкона, гадзінамі седзячы там, асабліва ўлетку, на пузатым зэдліку і ўзіраючыся ў далячынь ці яшчэ куды-небудзь, на што падала прагнае да сузірання вока.

Праз доўгі калідор з завешаным цёмнымі фіранкамі бакавым пакоем злева Леўс трапіў у гасцёўню з двума пакоямі-нішамі пасярэдзіне. Суседка глядзела тэлевізар, якраз трансліраваліся міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, глядзець якія ды яшчэ фігурнае катанне тая вельмі любіла. Яна сядзела ў цесным для яе на першы погляд фатэлі побач з балконам і цяжка выдыхала паветра. Белыя прамыя валасы, як заўсёды, былі зачасаныя назад, і на іх ляжаў грабянец. Дзверы ў пакой Міхала – старэйшага з сыноў Беркутаў – аказаліся зачыненымі. Той усё яшчэ халасцякаваў, маючы за плячыма трыццаць восем гадоў, і жыў з бацькамі, а працаваў на адной з чатырох шахт, што апаясвалі сабой, быццам пасам вернасці, горад. Яго прысутнасць не зашкодзіла б. Зрэшты, трэба як найхутчэй выклікаць хуткую, але спачатку паведаміць Міхалу. Галоўнае, каб той быў дома.

– Здароў, суседка! – мовіў Леўс да жанчыны ў фатэлі і, не даючы ёй магчымасці адказаць, адразу ж запытаў: – Мішка дома?

Тая павольна адарвала позірк ад тэлевізара і перавяла яго, як стрэлку насценнага гадзінніка, на суседа.

– Здароў, сусед, – марудна вымавіла. – Што так позна?

– Дык дома Мішка ці не? – стараючыся не нервавацца, усё ж нецярпліва паўтарыў пытанне.

На шчасце, той, мабыць, пачуў, што пыталіся яго, і выйшаў з пакоя. Мужчыны парукаліся, і Леўс узмахам галавы паклікаў Міхала за сабой. Шэптам на калідоры ў двух словах паведаміў пра Пятровіча.

Той быў жывы. Сын – хударлявы, вастраносы, з даўно нястрыжанымі чорнымі кучарамі, падобны на бацьку хіба што вачыма, – чэпкім разумным позіркам упэўніўся ў тым, намацаўшы пульс. Разам з Леўсам зацягнуў Пятровіча ў бакавы пакой, што суседнічаў з калідорам, выклікаў хуткую, занёс бацькаў заплечнік на кухню. Заставалася чакаць медыкаў. Ды варажыць, ламаючы мозг, што здарылася. Засохлая кроў на белай галаве Беркута нагадвала каросту, якую карцела адкалупаць пазногцямі пальцаў, бо за ёй, здавалася, хавалася здароўе бацькі ў выглядзе тонкай ружовай скуркі.

За сцяной непакоілася маці, нібы нешта адчула, клікала сына, каб той супакоіў яе. Леўс кіўнуў яму, што той мусіць нешта сказаць жанчыне, зманіць, бо іначай пакуль нельга. Міхал пагадзіўся і рушыў у гасцёўню.

– Нешта Жэні доўга няма, – сустрэла яна сына непакоем пра Беркута. – Даўно павінен быць, табе не здаецца?

– Так, – падтрымаў яе Міхал, – мабыць, недзе затрымаўся. Ты ж ведаеш яго. Сустрэў сяброў, ці начальства партыйнае не адпусціла. Ды ўсё добра з бацькам. Мабыць, сапе дзе-небудзь у ведамственным гатэлі. Заўтра зранку будзе, ма…

– Але ж ён не патэлефанаваў, – перапыніла яго Беркуціха, – не папярэдзіў, як звычайна.

– Значыць, не мог, – паціснуў плячыма Міхал. – Бывае і такое.

– Думаеш? – сумнявалася яшчэ жанчына.

– Вось пабачыш, заўтра вернецца, нібы нічога не сталася, усядзецца ў фатэль насупраць, і будзеце разам глядзець тэлевізар, як звычайна.

– А чаго Леўс прыходзіў? – не адставала ўсё адно старая.

– Ды па справе. Да мяне, – маніць Міхалу было няёмка, ды не ўмеў ён, як некаторыя, і не любіў, але мусіў. – Замовіў адну рэч, дык абмяркоўваем памеры, матэрыял, аплату…

– На ноч гледзячы? – не верыла маці.

– Ну а калі яшчэ? Удзень мы на працы.

Тым часам прагучаў дзвярны званок, упэўнена, патрабавальна, бы на пажар клікаў. Так, як ніколі яшчэ не верашчаў. Беркуціха схапілася рукой за сэрца.

– Хто гэта? – спалохана пазірала на сына.

– Гэта… да мяне, мама, – не гледзячы на яе, адказаў ён. – Усё добра, я зараз.

Міхал хуткім крокам выйшаў з гасцёўні, на ўсякі выпадак прычыніў яе дзвярыма і паспяшаўся сустракаць медыкаў.

Медычка – недзе яго веку прывабная мініяцюрная казашка – адно глянула на Беркута, якога Леўс паспеў разуць, як адразу загадала санітару і, відаць, інтэрну – зусім маладому, але, на выгляд, дужаму хлопцу – несці насілкі. Тыя вокамгненна скочылі за дзверы кватэры і праз секунду вярнуліся з насілкамі, бо захапілі іх і пакінулі на лесвічнай пляцоўцы. Міхал, між тым, патэлефанаваў дзвюм сваім сёстрам і малодшаму брату, якія жылі асобнымі сем’ямі, старэйшая сястра ў Абаі, паведаміў пра бацькаў стан. Удаву старэйшага брата (яна жыла ў суседнім пад’ездзе), папрасіў пасядзець са свякроўю. Ці мала што. Сам жа паехаў разам з медыкамі ў лякарню. Па дарозе адказваў на дзяжурныя казённыя пытанні медычкі пра бацьку, якая запаўняла анкетныя дадзеныя дзеля гісторыі хваробы Беркута, нягледзячы на тое, што ўсе і без таго ведалі, каго везлі ратаваць. Беркут быў годнасцю і гонарам горада. Яго партрэты віселі на Дошцы гонару ў самым цэнтры Плошчы Леніна, у фае школ і завода СМС, дзе ён працаваў апошнія гады перад пенсіяй.

Каля ўваходу ў прыёмны пакой ужо чакалі медсёстры з каталкай і загадчык лякарняй. З хуткай Беркута адразу павезлі ў аперацыйную. Сын яго застаўся чакаць. Неўзабаве яму вынеслі бацькавы рэчы. Ён памкнуўся было спытаць, як бацька, але медсястра ўжо борзда пырхала па накірунку ў глыб калідора.

2. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР

Бацька казаў, што яны нашчадкі Захара Беркута, таго самага, які некалі ў Карпатах наладзіў супраціў манголам. «Адзінства людзей, дзякуючы якім была здабытая перамога, будзе страчана, – не аднойчы паўтараў ён, ці то цытуючы кагосьці з вялікіх, ці то сябе, – ліхія часы надыдуць для народа, але з часам яно адродзіцца, і настануць шчаслівыя часы яго аднаўлення». Ці праўду казаў бацька, ці хацеў, каб так было, пераказваючы сюжэт аповесці Івана Франко дзесяцігадоваму сыну на рыбалцы з начоўкай, Беркут не ведаў, дый, па шчырасці, ніколі не задумваўся над пытаннем радаводу. Не да таго было. У дзяцінстве меліся іншыя цікавосткі, нашмат значнейшыя за нейкіх там далёкіх прашчураў, чыё існаванне і памяць пра іх даўно пакрыліся мохам сівізны. Беркут больш узіраўся ў будучыню, бо менавіта будучыня абяцала жыццё, а мінуўшчына цягнула ў нябыт, бы нябачны чорт у твань. Хаця чытаць пра прыгоды піратаў, мушкецёраў, Следапыта, рыцараў караля Артура любіў і часта адасобліваўся ад усіх на гарышчы дзеля спаткання з кнігай. Цягаў жа кнігі ўпотай ад дзеда, бо тыя належалі яму і месцаваліся ў вялізнай грувасткай шафе за шклом насупраць дзедавага ж ложка. Некалі ён служыў у царскім канвоі, на свае вочы бачыў не толькі царскую сям’ю, але і пісьменнікаў Дастаеўскага, графа Талстога, Тургенева. Прысутнічаў на чытанні твораў, калі аўтары асабіста чыталі свае сачыненні. Дзякуючы тым пісьменнікам, дзед палюбіў літаратуру і кнігі. За любоў да кніг і быў звольнены, бо казак у канвоі мусіў ахоўваць жыццё і здароўе сонцалікіх, а не лунаць дзесьці ў аблоках ці паміж кніжных старонак. Дзед быў родам з Кубані, але пасля звальнення з царскай службы дамоў не вярнуўся, бо звальненне, ды яшчэ з-за кніг, годнасці не надавала. Яго б там зганьбілі, а ганьбай чытанне ён не лічыў, таму рушыў туды, куды вочы глядзелі. Такім чынам і апынуўся ў Цішкоўцы, пачаў вучыць мясцовых дзяцей грамаце, а потым і ўсіх жадаючых. Па версіі бабулі, у Цішкоўку прывяло дзеда каханне да яе. Яны пазнаёміліся ў Пецярбургу ў той яшчэ час, калі дзед нёс службу цару, а яна служыла пакаёўкай у доме графа Загорскага, чый маёнтак знаходзіўся паміж Цішкоўкай і Капітонаўкай, ва ўладаннях якога яна і нарадзілася. Дзяўчына расла і выхоўвалася разам з адзінай дачкой Загорскага, таму атрымала дастатковую адукацыю, каб не толькі ўходжвацца на двары, але і музіцыраваць не горш за маладую гаспадыню ды апеляваць кніжнымі сентэнцыямі, праўда, да нябачных нікому апанентаў, бо каму цікавая думка просталюдзінкі, няхай і з жывым розумам. На адным з пісьменніцкіх чытанняў дзед з бабуляй і пазнаёміліся. Ён паехаў следам за ёй, калі Загорскія з’ехалі на лета ў маёнтак. Потым прасіў рукі бабулі ў графа і дазволу на вяселле. Дачка Загорскага радавалася больш за ўсіх. На жаль, казала бабуля, час не пашкадаваў сям’ю графа. Пасля рэвалюцыі іх усіх забілі, а маёнтак спалілі. Беркут не разумеў горычы, з якой бабуля распавядала пра гібель буржуінаў. Туды ім і дарога. Яны ж ворагі, эксплуатавалі яе, а яна іх шкадуе. І бацька Беркута таксама не разумеў мацярыных адносін да Загорскіх, гібель якіх, між іншым, кроў якіх была і на яго руках. Ён быў доўгачаканым адзіным сынам пасля чатырох дзяўчат – цётак Беркута – нервовым з самага дзяцінства, бясстрашным і бескампрамісным. Бацька ненавідзеў паноў, не разумеў, чаму мусіў рабіць на іх, тым больш паважаць, калі тыя палец аб палец не ўдарылі за ўсё жыццё нават у прыбіральні. Таму з вялікім энтузіазмам акунуўся ў рэвалюцыйную барацьбу яшчэ ў падлеткавым узросце, прымаў удзел у падзеях 1907 года, якія скаланулі акругу і колішні Елісаветград, пакуль той не стаў Кіраваградам, уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю і пасядзеў некалькі гадоў у Елісаветградскай турме. Падчас Першай сусветнай вайны апынуўся на фронце ў сапёрнай роце, дзе жыццё штосекундна вісела на валаску без перабольшванняў і прыгожых метафар. Нейкім цудам не трапіў пад газавую атаку немцаў. Узвод, у якім ён служыў, накіравалі ў тыл на адпачынак пасля ўдала выкананага задання. Па першым часе бацька верыў у неабходнасць вайны да пераможнага канца, нягледзячы на ўсю сваю рэвалюцыйна заточаную душу, бо не хацеў бачыць чужынцаў на зямлі продкаў, нават бязглуздую і дзікую гібель паплечнікаў апраўдваў неабходнымі стратамі, якія суправаджаюць кожную вайну без выключэння. А потым цар адрокся. Але адрокся ён не толькі ад прэстола. Маладушным учынкам гэтым ён адрокся ад усяго народа агулам, пакінуў яго сам-насам з вайной і ворагам. Не так павінна было адбыцца яго адрачэнне. Бацька думаў неаднойчы, уяўляў, як рэвалюцыя пераможа, але пасля вайны, калі знешні вораг будзе разбіты ўшчэнт, каб не перашкаджаў і не лез туды, куды яго ніхто не клікаў. Цар здрадзіў кожнаму чалавеку, асабліва тым, хто ваяваў на франтах. Развязаў вайну і – у кусты, як апошні баягуз, якім ён і быў па натуры сваёй. Афіцэры ж ад навіны пра адрачэнне цара звярэлі, але злосць спаганялі не на ворагу, а на падначаленых ім салдатах. Несправядлівасць дратавала бацьку, ад думак пра яе закіпалі мазгі і варыліся ў галаве, як яйкі ўсмятку. Тым часам актывізавалася бальшавіцкая агітацыя ў акопах і на перадавой. Бальшавікі прызывалі забіваць афіцэраў, адбіраць у іх зброю, кідаць стары фронт і ствараць новы, накіраваны супраць прыгнятальнікаў, аб’яўлялі адкрытую класавую барацьбу і клікалі на яе барыкады. Ва ўсіх палках адбываліся масавыя дэзерцірствы. Камандзір роты адпусціў усіх сапёраў па хатах. Тыя ў падзяку замалацілі яго сапёрнымі рыдлёўкамі. Бацька не ўдзельнічаў у тым забойстве, але і не перашкодзіў яму, раўнадушна сузіраў. А ў галаве круцілася пытанне: што рабіць далей? Зрэшты, трэба было браць будучую маці Беркута, з якой бацька добра паразумеўся якраз, – санітарку Чырвонага Крыжа, прыкамандзіраваную да іх роты, і прабірацца дадому. Нічога добрага іх не чакала ў часці. Афіцэры групаваліся ў асобныя падраздзяленні і давалі адлуп салдатам, не шкадуючы нікога. Салдаты таксама афіцэраў не шкадавалі. Бацька зразумеў, што вайна, якуя вялі з немцамі, – кветачкі, а ягадкі яшчэ наперадзе.

Маці Беркута ўчапілася за бацьку, як тапелец за саломінку, бо сапраўды вакол рабілася нешта страшнае, і тое страхоцце вельмі палохала яе. Але яна і кахала бацьку.

Ды дома іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне: Цішкоўку занялі немцы, а штаб іх базіраваўся ў маёнтку Загорскіх, гаспадар якога, уцёкшы яшчэ падчас першай, лютаўскай, рэвалюцыі, сын той Загорскай, з якой вырасла маці Беркутавага бацькі, вярнуўся разам з варожымі войскамі і нават узначальваў карны атрад супраць мясцовых партызан, (партызанскія згуртаванні, адзін з якіх узначальваў дзед, хаваліся па навакольных лясах). У душы застаючыся манархістам, дзед усё ж прытрымліваўся дэмакратычных прынцыпаў, дзякуючы, зразумела, прачытаным кнігам, але яшчэ і таму, што быў казаком, прычым сапраўдным. За яго галаву нават прызначылі ўзнагароду. Бацька і маці ўліліся ў дзедаў атрад, як ручаі ў раку.

Калі немцаў пагналі з Цішкоўкі, партызаны занялі маёнтак Загорскіх з усім яго штабам і, звычайна, гаспадаром, які прапанаваў бацьку Беркута дуэль на шпагах, маўляў, мы ж цывілізаваныя людзі. Ды бацька сказаў Загорскаму, што той не мае права на цывілізаваны фінал свайго жыцця, бо ці можна назваць цывілізаваным учынак Загорскага, які прывёў на зямлю продкаў ворага, прывёў вайну ў кожную сям’ю і хату простага чалавека, пасеяў смерць і разбурэнне, ды застрэліў яго ва ўпор з трафейнага маўзера. Як сабаку. А потым яшчэ і плюнуў на распластанае цела з прыкрасці. Не любіў ён так званую блакітную кроў; кроў ва ўсіх чырвоная, якім бы хто колерам яе ні называў і ні выдумляў розных адценняў. Сутнасці ўсё адно не зменіш. Да таго ж не сустрэўся яму за ўсё жыццё ніводзін прадстаўнік вышэйшага саслоўя, якога можна было б паважаць, хіба што ў кніжках. Іх, дарэчы, тым часам ратаваў цаной свайго жыцця, рызыкуючы згарэць у пажары, дзед Беркута. Немцы пры адыходзе падпалілі сяло, спадзеючыся такім чынам затрымаць свой пераслед хоць на некаторы тэрмін. Бацька не разумеў фанатычнай адданасці, падобнай на рабскую, друкаванаму слову, ды яшчэ напісанаму дваранскімі гультаямі. Ён ненавідзеў, здавалася, дзедавы кнігі. Хай бы яны згарэлі ўшчэнт, калі не нясуць ніякай пралетарскай праўды, але на адкрыты канфлікт не рашаўся. Адно грэбліва пазіраў, як на ворагаў народа, якім дазволена было пакуль што неба капціць. У больш сталым узросце Беркут некалькі разоў перачытваў творы Дастаеўскага, нават палюбіў творчасць пісьменніка, як ніякую іншую. Калі б усе мелі магчымасць чытаць яго раманы і аповесці, калі б своечасова прачыталі, калі б не забараняліся яны хворым розумам новаспечаных чыноўнікаў і бюракратаў ад культуры як неблаганадзейныя, непралетарскія, адсталыя, дэгенератыўныя, непатрэбныя сапраўднаму савецкаму чалавеку-рабочаму-кавалю шчаслівай будучыні, магчыма, на дваццатае стагоддзе не выпала б столькі крыві, гора і катастроф.

Пажар Цішкоўку добра патрапаў, але не знішчыў, ды мір у сяло з выгнаннем немцаў не прыйшоў. Замест яго ўварваліся дзянікінцы, несучы смерць і распырскваючы кроў па баках сваіх стомленых коней. Не паспелі пазбавіцца ад дзянікінцаў, як Цішкоўку акупавала банда Грызлова, затым махноўцы захапілі сяло, палюючы на тых жанчын і дзяўчат, якія яшчэ засталіся жывымі. Беркутаў бацька не аднаго гвалтаўніка з задавальненнем уздымаў на вілы, нават з Махно счапіўся, але той унікнуў сутычкі праз жарты ды падаспеўшыя чырвонаармейскія атрады. Уцякаў, аж пяты блішчэлі.

Пасля 1920 года, нарэшце, усталявалася мірная цішыня, якая злёгку аглушыла цішкоўцаў, прывыкшых да бясконцых выбухаў, стрэлаў ды крыкаў аб дапамозе і стогнаў параненых. Зрэшты, стан гэты доўжыўся зусім не працяглы час, бо мір патрабаваў гэтаксама, як і вайна, руху, руплівасці, энтузіязму, калектыўнай працы і агульных свят. Ствараліся рэўкамы, камбеды, розныя працоўныя ды гандлярныя таварыствы, саўгасы, калгасы. Бацька Беркута, у выніку, узначаліў Цішкоўскі калгас, адбудаваў сяло, якое да 1930-х гадоў вырасла, аднавілася і ўзнавілася да непазнавальнасці. А потым зноў вайна, нямецкая акупацыя, канцэнтрайыйны лагер для ваеннапалонных у межах сяла, у якім паўміралі тысячы салдат, зноў партызанскі атрад… Больш за ўсё ў той час уразіла бацьку Беркута колькасць мясцовых паліцаяў, якія з задавальненнем служылі вермахту, старанна і аддана, з асаблівай жорсткасцю адносячыся ледзь не да ўсіх, з кім яшчэ нядаўна жылі, працавалі, адзначалі святы ды вяселлі, гаравалі на хаўтурах. Менавіта паліцаі паказалі немцам на хату дзеда Беркута, распавялі, што той бацька партызанскага камандзіра, да таго ж камунста і былога старшыні калгаса. На світанку ўварваліся ў хату, выцягнулі старога разам з жонкай з ложка на двор, разбілі кніжную шафу, распалілі вогнішча, куды выкідалі кнігі праз акно. Стары Беркут паспеў перабіць дваім, асабліва шчыраваўшым п’янаватым і нахабным, даволі маладога веку паліцаям кадыкі, калі яго наскрозь прадзіравіла аўтаматная чарга. Мёртвага шпурнулі ў агонь, бабулю ж прымусілі жывою зайсці ў полымя і рагаталі, пакуль яна крычала, ахопленая жудаснымі пісягамі болю і смерці, затым падпалілі хату і папярэдзілі сагнаных на паказальную экзекуцыю цішкоўцаў, што так будзе з кожным, хто наважыцца падтрымліваць партызан. Пасля гібелі бацькоў Беркутаў бацька счарнеў і пасівеў умомант, зацяўся і прагнуў помсты, замест сэрца, адчуў, у грудзях утварылася чорная яма. Ён высачыў усіх удзельнікаў расправы паасобку самастойна, нікога не прасіў аб дапамозе, бо тое было яго асабістай справай, і выводзіў у лес. Тыя стагналі і скавыталі, малілі аб дараванні, аж да агіды, некаторыя пракліналі і яго, і Саветы, але не пашкадаваў ён нікога. Не меў права, дый думкі такой не меў таксама. Перарэзваў ім гарлякі, бы свінням, і назіраў, глядзеў проста ў вочы, як яны паміралі: хрыпелі, з булькатам захлыналіся крывёю, што пухірылася на сініх губах, і дрыгалі нагамі ў апошніх сутаргах. Ён хацеў, каб кожны з іх бачыў менавіта яго бязлітасны і пагардлівы позірк у хвіліну смерці.

Беркутаў бацька таксама загінуў. У баі – «отвлекающем маневре» – дзеля выратавання ваеннапалонных з лагера. Не ўсім, зразумела, удалося ўцячы тады з палону, але партызанам пашанцавала ўратаваць сотні жыццяў цаною жыцця свайго камандзіра. Той адмыслова, здавалася, лез пад кулі. Загінула і маці Беркута. Яна была родам з Валыні. Вайна яе заспела там: гасцявала ў сваякоў, якія не пусцілі жанчыну дамоў, не дазволілі вярнуцца да мужа, бо лічылі небяспечным і доўгім шлях на Кіраваградчыну. Калі пачалася рэзня паміж палякамі і ўкраінцамі – маці апынулася быццам паміж молатам і кавадлам, папоўнішы і сваім целам той жудасны фарш дзеля мясарубкі смерці. Менавіта з таго часу Бандэру і бандэраўцаў называюць фашыстамі, бо гэта быццам бы ён аддаў загад на знішчэнне палякаў на Валыні. Зрэшты, Беркут даведаўся пра тое надта позна, каб рабіць нейкія лёсавырашальныя высновы Дый з бандэраўцамі не ўсё так адназначна, як іх падавалі, быццам чарцей на сподку, чэкісты і іх органы друку на стол савецкага народа. Таму ён і не пагадзіўся ў свой час на супрацоўніцтва з МГБ і адмовіўся ад камандзіравання ў Карпаты дзеля выяўлення бандфарміраванняў. Але тое ўсё яшчэ наперадзе.

У дзесяцігадовым жа ўзросце Беркут пакутаваў на зубны боль, які, здавалася, не пакіне яго ніколі і будзе суправаджаць да канца жыцця. Не ратавала анічога, хоць бійся галавой аб сценку, хоць падай плазам з вышкі ў рачную ваду. Неяк уначы боль стаў такім невыносным, што Беркут закрычаў, не ў сілах больш трымаць яго ў сабе, а слёзы пырснулі з вачэй, быццам кроў з раптам распоратага аб цвік сцягна. Ад таго болю ён нават страціў прытомнасць, тэмпература падскочыла, ахапіла ліхаманка. Маці потым казала, што сын трызніў цэлымі раздзеламі з кніг пра піратаў, ірваўся на абардаж і марыў загінуць за прыўкрасную Арабелу. Яго на руках дзед занёс на могілкі да паўшых герояў грамадзянскай вайны, паклаў на зямлю, нешта шаптаў, як шаман, зносіўся з мёртвымі, сыпаў на нерухомае цела ўнука якуюсь расталчоную ў ступе траву, расціраў яе ў яго на грудзях уперамешку з нечым ліпкім, уліваў у рот нейкую бурду, дзякаваў, годна схіліўшыся ў паклоне, усім чатыром бакам свету… Бацька не падтрымліваў дзедавы хітрыкі і зайграванні з прыродай, але яны дапамаглі Беркуту. З той ночы зубы ў яго не балелі ніколі. Яго немач назаўжды правалілася пад зямлю, і яе моцна трымалі нежывыя косці памерлых.

3. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск, Казахская ССР

Еўдакія Дзянісаўна Беркут – жонка Беркута, на пяць гадоў маладзейшая за мужа – напружана пазірала на дзверы гасцёўні, якія чамусьці зачыніў яе сын. Тыя дзверы дзесяцігоддзямі ніхто ніколі не зачыняў. Ва ўсякім выпадку яна нічога падобнага прыгадаць не магла, хоць на памяць не скардзілася. Былі б здаравейшымі ногі, вядома, прайшла б за дзверы і высветліла прычыну дзіўных паводзін сына і суседа. Зрэшты, пры пэўных высілках, пераадольваючы боль, Еўдакія Дзянісаўна ўсё ж совалася па кватэры, але менавіта цяпер, дакладней, цягам цэлага дня ногі здаваліся быццам нежывымі і выглядалі як калоды. Дый сама яна, што ўжо там, нагадвала калоду, з-за чаго не любіла люстэркаў, якія бязлітасна пазіралі на яе яе ж вачыма, штораз гідліва адварочвалася ад іх, лічыла асабістымі ворагамі, хоць тыя, зразумела, ні ў чым вінаватымі не былі, але адлюстроўвалі праўду. Праўда ж, як вядома, не патрэбна нікому. Яна зразумела гэта даўно, дзякуючы самай праўдзівай, як дэкларавалі тое ўсе партыйныя босы СССР, газеце «Праўда» – галоўнаму рупару чэкістаў і сэксотаў. Еўдакія Дзянісаўна ненавідзела іх, ды, зрэшты, нікому пра гэта не казала, бо муж яе ідэйны партыец, яна б, у першую чаргу, падвяла яго, таго, каму, лічы, абавязана жыццём, дабрабытам і дзецьмі. За дзяцей асабліва была ўдзячна, нават за няродную ёй, старэйшую, якую Беркут прывёз ужо шаснаццацігадовай дарослай дзяўчынай аднекуль з Прыкарпацця пасля смерці яе мамы. Яны і пажаніліся толькі пасля смерці той жанчыны, бо афіцыйна Беркут быў жанаты на ёй. Еўдакія Дзянісаўна не крыўдавала на яго, кахала, бо не мела іншага выбару, бо згніла б дзе-небудзь на Салаўках ці ў казематах кіраваградскай турмы, калі б не ён. Каханне яе да Беркута аказалася мусовым, спачатку з-за ўдзячнасці, ды потым перарасло ў нешта большае пасля нараджэння дзяцей. Так бывае. Ці кахаў Беркут яе? Еўдакія Дзянісаўна дасюль не ведала, пражыўшы з ім большую палову свайго жыцця. Зрэшты, за ім яна яна як за каменнай сцяной, ёй нават не давялося працаваць і дня, хадзіць, рыхтык зомбі, на прэславутую работу і мардаваць сябе да знясілення заводскімі ці фабрычнымі цэхамі, а затым пакутаваць на абавязковых партыйных сходах ды справаздачах. Беркут вырашыў, што з яе досыць той працы, якую яна спазнала ў Нямеччыне, куды яе і яшчэ больш за сто цішкоўскіх юнакоў і дзяўчат гвалтам вывезлі фашысты. Беркута адрознівала ад усіх іншых мужчын, якіх ведала Еўдакія Дзянісаўна, гіпетрафіраванае, неўласцівае савецкаму чалавеку, тым больш партыйцу, пачуццё справядлівасці. Зразумела, суб’ектыўнае, нярэдка здавалася, што дзікае, але правільнае. Відаць, бацька Беркута перадаў яго сыну разам з крывёй. Той таксама жыў па-справядлівасці, такой, якой яна павінна быць, па яго меркаванню, не шкадуючы, калі патрабавалася, нікога, і сябе ў тым ліку. Еўдакія Дзянісаўна прыгадала Беркута-старэйшага часоў калгаснага старшынства. Ён паходзіў на ўзмыленага каня. З яго патрабавала райкамаўскае начальства казачнага багацця ўраджаю, асабліва ў 1930-я гады, калі ўраджай апрыёры немагчыма было сабраць, бо альбо прыродныя ўмовы не спрыялі, альбо не было чым засяваць палеткі, бо чэкісты падчыстую павымяталі зерне ўсіх культур з самых, здавалася, непрыкметных сусекаў. Зразумела, што гаркам і абкам не хвалявалі праблемы і перашкоды ўраджаю, бо ў іх меўся план, па якім канкрэтнае населенае месца павінна было дзяржаве столькі пудоў таго, столькі другога, трэцяга і г. д. Лічбы – упартая рэч, тым больш тыя лічбы, якія ўзялі недзе са столі кіраўнікі вышэйшага рангу, якія нават паняцця не мелі, якім чынам здабываецца хлеб, той, што яны жаруць, быццам свінні, раскідваючы крошкі па розных баках, ні каліва не шкадуючы нечую працу, бо кожная крошка – гэта чыясьці праца і жыццё. І тым жыццём адгукалася кожная крошка, дакладней смерцю. Зрэшты, што ім жыццё? Жыццё партыю не хвалявала. Яе хвалявалі толькі лічбы, выкананне плана, сляпое падпарадкаванне і ўра-патрыятызм. Еўдакія Дзянісаўна добра памятала, як Цішкоўку ачапілі чэкісты, каб сабраць з усіх хат сяла лішкі хлеба, быццам тыя лішкі на самай справе існавалі. Тых, хто супраціўляўся, стралялі на месцы, сем’ямі, а маёмасць скідалі на вазы, пустыя хаты падпальвалі і гучна дэкларавалі, што на гэтым месцы выявілі і ліквідавалі злосных ворагаў народа, якія жадалі смерці рабочым фабрык і заводаў. Чым большаю здавалася лухта, тым гучней яна вымаўлялася. Беркутаў бацька, як мясцовы прадстаўнік улады, прыгнечана суправаджаў упаўнаважаных, у бяссільнай лютасці сціскаў кулакі і бялеў пасля кожнага расстрэлу ды падпальвання пустога жытла. Усё ж не вытрымаў і запытаў: навошта падобная жорсткасць? На што ўпаўнаважны адказаў з нахабнай усмешкай: «Меней народу – болей кіслароду. Людзі, як саранча, чым больш іх нішчыш, тым яны хутчэй размнажаюцца. Так што не шкадуйце, бабы яшчэ нараджаюць». Проста ў чэкістаў быў план, дакладней смета, па якой яны павінны былі ў кожным населеным месцы ў час акцыі па канфіскацыі лішкаў хлеба выявіць і фізічна знішчыць на месцы канкрэтную колькасць чалавек, а за перавыканенне плана іх чакала гарантаваная прэмія: імянны гадзіннік і тыднёвы адпачынак у Крыму пасля «трудов праведных». Мала ім было таго, што ў злачынцы запісвалі дзяцей і шматдзетных мацярок, у кішэнях якіх знаходзілі па жменьцы зярнят. Зрэшты, знаходзілі невыпадкова. Савецкая прапаганда дамагалася ўсесаюзнага данясення адзін на аднаго: стукачество ўводзілася ў ранг найвышэйшай добродетели. Дзяцей, якія даносілі на сваіх бацькоў, узносілі на п’едэстал святасці і пазіцыянавалі як сапраўдных герояў часу, узнагароджвалі іх кніжкамі «Як гартавалася сталь» ці фотаапаратамі, каб яны і надалей неслі пільную варту ды дакументальна пацвярджалі вернасць самай гуманнай дзяржаве свету. У Цішкоўцы падобнага не назіралася. Галоўным чынам дзякуючы сям’і Беркутаў, як яго бацьку, так і дзеду з бабуляй, якія настаўнічалі ў школе і вучылі дзяцей, у першую чаргу, нягледзячы ні на што, заставацца чалавекам. Урокі мовы і літаратуры здаваліся сапраўднымі падарожжамі ў іншыя светы. Іх рэдка хто прагульваў, а калі і здаралася, то ў асноўным, па ўважлівай прычыне. Настаўнікаў хацелася слухаць бясконца, галасы іх зачароўвалі, вялі за сабой, пранікалі ў сэрцы і заставаліся там быццам піянерскія гальштукі, што амаль не здымаліся з кволых вучнёўскіх шыяк. Упаўнаважанаму не спадабаўся з першага погляду дзед Беркута, калі, лічы, гаспадаром, зайшоў да яго ў хату. Чэкісты паўсюль адчувалі сябе гаспадарамі, нават самыя дробныя з іх і нікчэмныя, тыя асабліва вылучаліся, лічылі, што кожны ім вінен за той рай на зямлі, які прынеслі шматнацыянальнаму народу, з літасці дазволіўшы далучыцца да рускага пірага, але зневажалі любую мову, калі з імі не размаўлялі па-руску. Наяўнасць вялікай колькасці кніг у звычайнай сельскай хаце не тое што абурыла ўпаўнаважанага, які да кніг прынцыпова ставіўся як да шкоднага і непатрэбнага прадмету, колькі ашаламіла і, не падумаўшы ці забыўшыся, ён патрабавальна-незадаволеным тонам заўважыў пра лішак друкаванай прадукцыі ў жылым памяшканні, калі тое памяшканне не бібліятэка, якая таксама палягае канфіскацыі, бо на сяле трэба працаваць, а не кніжкі чытаць. Стары настаўнік, вышэйшы на галаву, калі не на дзве ўсіх прысутных, моўчкі падышоў да ўпаўнаважанага, спакойны і ўраўнаважаны, як здавалася збоку, і так садануў прамоўцу кулаком у падбароддзе знізу ўверх, што той вылецеў з хаты, нібы корак з бутэлькі ад шапманскага, і глуха цюкнуўся спінай аб воз, на якім збіраўся, відаць, вывозіць дабро з аблюбаванай хаты. Ніхто не чакаў ад Беркутавага дзеда падобнага ўчынку, таму і не зрэагавалі, каб прадухіліць яго, а калі ачомаліся, упаўнаважаны ўжо брудна лаяўся і вымаў пісталет з кабуры. Бацька Беркута падскочыў тады да яго і папярэдзіў, між іншым, у чарговы раз, што яшчэ адна смерць у сяле прывядзе да вынішчэння ўсяго чэкісцкага атраду. «Пагражаеш?» – працадзіў упаўнаважаны, але больш нічога не сказаў, відаць, прачытаў у вачах старшыні Цішкоўскага калгаса суворую праўду на свой конт. Не, ён не спалохаўся, затаіўся, каб вярнуцца ў Кіраваград і распачаць асабовую справу Беркутаў па выкрыццю іх контррэвалюцыйнага нутра, хоць яны, кожны з іх, вынеслі ўсё зерне, што мелі, не пакінуўшы сабе ні жмені. У хаце Дзяніса Чубахі – бацькі Еўдакіі Дзянісаўны – чэкістам не было чым пажывіцца. Яны жылі бедна, бацька хварэў, кашляў крывёю, часта задыхаўся, атручаны газамі на фронце Першай сусветнай вайны. Маці цягнула адна дачку і сына, адзіных выжыўшых з сямёх народжаных дзяцей. Але ўпаўнаважны не верыў у тую галечу, якую пабачыў. Занадта яна тэатральна выглядала па яго меркаванню. Ён схапіў дзевяцігадовую Дусю за валасы і выцягнуў яе на двор, прыставіў да галавы дзяўчынкі пісталет, патрабуючы Чубаху вывернуць вантробы, але адкапаць хлеб адтуль, дзе закапаў. Хлеб, які патрэбен маскоўскім рабочым, што ўздымаюць з руін разбураную антантай, інтэрвентамі і белякамі імперыю, то бок маладую савецкую дзяржаву, больш за дыстрафічных чубахаў, якім і так засталося дыхаць на два харчкі. Лямант узняўся страшэнны. Дуся румзала і ад страху апісалася, маці галасіла, поўзаючы ў нагах то ўпаўнаважанага, то калгаснага старшыні, бацька харкаў крывёю, трымаючыся за атручаныя газам грудзі, і хрыпеў пра тое, што нічога ў іх няма, што апошняе аддалі яшчэ ў мінулы раз. Чэкісты іржалі, як коні, ім было весела, наставіўшы вінтоўкі на выкачаных у пыле і слязах бедалаг, гатовыя стрэліць у любую секунду без жалю. Яны былі сытыя, здаровыя, маладыя, нахабныя і злосна-радасныя, да таго ж п’яныя ад уседазволенасці і беспакаранасці.

Урэшце рэшт Беркутаў бацька прыпыніў здзек над сям’ёй выгукам «Досыць!». Як ні дзіўна, упаўнаважаны паслухаўся яго і адпусціў малую. Яе тут жа схапіла ў абдымкі маці. Чэкісты выйшлі са двара Чубахаў і накіраваліся далей па вуліцы. На шчасце, брата Еўдакіі Дзянісаўны Пятра не было дома. Той, цалкам магчыма, не стрымліваў бы сябе, і загінуў, а заадно забраў з сабою б і ўсю сям’ю.

А ўвечар, яшчэ добра не сцямнела, Беркутаў бацька прыйшоў да Чубахаў адзін. Ён прабачыўся перад сям’ёй, затым паклікаў гаспадара хаты выйсці з ім на двор. Маці занепакоена зірнула на іх, але супакоілася пад цёплым позіркам старшыні. Той наўпрост запытаў у Чубахі-старэйшага, ці згодны ён пакараць чэкістаў, і кіўнуў у бок плота, за якім стаяла некалькі дзясяткаў аднасяльчан-франтавікоў. Але нічога не сказаў пра тое, што будзе, калі напад на чэкістаў пацерпіць няўдачу. Іх жа ўсіх разам з Цішкоўкай сатруць у пацяруху. Зрэшты, пра няўдачу ніхто не задумваўся, мужыкам карцела помсты, хто-ніхто з іх меў зброю, прыхаваную яшчэ з фронта на чорны дзень. Беркутаў бацька перастаў бы сябе паважаць, калі б дараваў упаўнаважанаму здзекі, перажытыя ім, над аднасяльчанамі. Не такой яму бачылася савецкая ўлада, якая не цаніла ані жыцця простага чалавека, ані яго цяжкую працу ў імя яе. І не такімі ўпырамі ўяўляў ён яе прадстаўнікоў. Атрымлівалася што: скінулі адных крывасмокаў, каб на карак узлезлі з нагамі другія, яшчэ горшыя за папярэдніх. Чэкісты з нарабаваным дабром і хлебам, не апасаючыся нікога і нічога, бо менавіта яны былі багамі новага рэжыму, на які мала хто асмельваўся рот разяўляць, а калі асмельваўся – шкадаваў тут жа: гільяціна рэпрэсій апускалася з смачным чвяканнем не толькі на яго самога, а на ўсіх, хто меў неасцярожнасць нават проста выпадкова кантактаваць з ім, – рушылі на ноч гледзячы дадому. А каго ім было баяцца? Бедну басоту, у якой нічога не засталося за душой, ні волі, ні характару? Менавіта такім чынам неабходна было пачынаць будаўніцтва новай краіны з самага пачатку: як шаўковыя былі б усе народнасці, што трапілі ў вялікі і магучы саюз рэспублік, вылізвалі б боты ўпаўнаважным не фігуральна і лепшых сваіх дзяўчат прапаноўвалі б на сподку з блакітнай каёмкай ў якасці падарунку і падзякі за светлае будучае, але ўпаўнаважаныя яшчэ б падумалі, ці прымаць гэткія падарункі, наладжвалі б спаборніцтвы сярод красунь дзеля выяўлення найбольш дастойных пасродкам іх майстэрства дагадзіць сапраўдным гаспадарам свету.

Ружовыя развагі ўпаўнаважанага ператварыліся раптам у чырвона-жоўта-фіялетавы калейдаскоп, што замігцеў перад вачыма з неверагоднай хуткасцю. Гэта нехта з цішкоўцаў пацэліў яму булавой у лоб. Яны падкраліся да канвоя чэкістаў ціхаю пантэрай праз лес, які ведалі змалку, які карміў і паіў іх, быццам родныя бацька і маці разам. Напад цішкоўцаў дый самі цішкоўцы нагадвалі ў тую хвіліну вольных лясных стралкоў Робін Гуда, а Беркутаў бацька якраз Робін Гудам і выглядаў. Нягледзячы на тое, што хто-ніхто з яго атраду меў агнястрэльную зброю, ён загадаў не выкарыстоўваць яе альбо толькі ў крайнім выпадку. Яны адолеюць ворага голымі рукамі, а родны лес дапаможа. Такім чынам найбольш рухавыя і спрытныя заскаквалі на коней да чэкістаў ззаду і спіхвалі тых на зямлю ці пераразалі ім гарлякі, а потым спіхвалі. Астатнія дабівалі. Ніводзін стрэл не прагучаў з абодвух бакоў. Чэкісты проста не паспявалі дацягнуцца да зброі. Упаўнаважаны так і не зразумеў, што здарылася, паваліўшыся з воза прабітай у некалькіх месцах галавой уніз да зямлі. Па ім яшчэ патапталіся коні. Трупы перацягалі ў глыб лесу і закапалі ў загадзя выкапаную глыбокую яму, зраўнялі з зямлёй і закідалі галлём. Хлеб і шмаццё ды рыззё занеслі ў бліндаж, што застаўся з вайны, замаскіраваны пад дрэвы ды кусты, там жа пакінулі зброю. Беркутаў бацька, як і астатнія аднасяльчане ведалі, што ім усім, у выпадку чаго, не жыць, таму не сумняваўся ні ў кім. Агульнае злачынства, а ён разумеў, што гэта злачынства, як бы іх учынак не выглядаў, лепш за ўсё аб’ядноўваў аднадумацаў. Коней было шкада, але ад іх давялося пазбавіцца. На мяса рэзаць не выпадала, бо пах выдаў бы ў першую чаргу. І старшыня ўласнаручна завёў іх у балота, дзе жывёліны і патанулі. Канешне, праверкі пасля знікнення канвою ў Цішкоўку зачасцілі, але ніхто так і не даведаўся з Кіраваграда – куды падзеўся канвой з хлебам. Знік, быццам Атлантыда. Цішкоўка ж выжыла, дзякуючы таму хлебу з бліндажа. Еўдакія Дзянісаўна ведала пра ўсё гэта не з чыіхсьці слоў, яна бачыла на свае вочы, як яе бацька некалькімі ўдарамі раскроіў чэрап упаўнаважанаму, а бацька Беркута аддаваў загады. Яна нячутна ішла па іх слядах і, як заварожаная, назірала за знішчэннем чэкістаў, нават памятала, як шаптала: «Так іх! Так іх, тата!..»

4. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР

Беркут не сумняваўся ні каліва, кім хоча стаць, і ведаў дакладна, куды паступіць пасля школы. Ён быў зачараваны раманамі пра марскія прыгоды і не ўяўляў свайго будучага без капітанства на марскіх судах. Так, ён бачыў сябе менавіта капітанам – марскім ваўком – якому падкорацца ўсе моры і акіяны. Неяк нават хацеў уцячы з дому, каб трапіць юнгам на борт якога-небудзь судна, сабраў рэчы, неабходныя для паходу, запасся запалкамі ды соллю і рушыў у бок чыгункі, што праходзіла за дваццаць пяць кіламетраў ад Цішкоўкі. На жаль, на выхадзе з сяла яго перастрэў бацька, які вяртаўся з нейкага чарговага пасяджэння. І чаго Бекркут пайшоў тою дарогай, па якой хадзілі ўсе? Мог жа напрасткі гародамі і праз лес! Спадзяваўся на вечаровы морак, нават перадначны? Дый бацьку сустрэць ні ў якім разе не спадзяваўся і не разлічваў. Той, як адчуваў нешта, марудзіў вяртацца дадому, ішоў няспешна, курыў у смак. Беркут, калі ўбачыў бацьку, але яшчэ не разгледзеў, бо цёмна, думаў праскочыць паўз, схаваўшыся ў каўняры, ды той адразу пазнаў сына і, відаць, здагадаўся, куды выправіўся падшыванец, таму доўга не разважаў, імпэтным рухам выцягнуў папругу і выцяў ёю некалькі разоў па плячах нашчадка, каб мазгі таго, пакаламучаныя рамантычнай бздурай, на месца пасталі. І ўсё моўчкі. Адно чуваць было, як шумна выдыхаў і ўдыхаў паветра носам, раз’юшаны не на жарт. Давялося бегчы, ратавацца, але куды? Вакол цемрадзь і восеньская слота, а Беркуту ўсяго дзесяць гадоў. Гнеў бацькі палохаў больш за гнеў усіх багоў разам узятых, якіх адмяніла савецкая ўлада, быццам з-за адмены тыя ўзялі і раптам зніклі, быццам іх і не было ніколі. Таму дамоў нельга: заб’е. Дый дзе той дом? Беркут ад страху ці ад шоку, бо ніколі раней бацька на яго рукі не падымаў, разгубіўся і не пазнаваў мясцовасці, у якой нарадзіўся і вырас. З вачэй пакаціліся здрадлівыя слёзы. Ён жа нікому не хацеў зрабіць нічога дрэннага, наадварот, працаваў бы і дасылаў грошы сям’і, бо меў упэўненасць у знаходцы скарбаў на востраве скарбаў, куды і імкнулася яго душа, якая, на вялікі жаль, была прывязаная да цела і без цела злётаць адна на той востраў не магла. Няўжо так цяжка зразумець? Аднак разумець не было каму, бо ён жа не растлумачыў бацьку прычыну свайго ўчынку, а ўцёк, як ружовы трус. Добра, хай сабе і не ружовы, ды ўсё адно сутнасці тое не мяняе. Беркут ненавідзеў сябе за асэнсаванне таго, што адбылося, і за факт прызнання сябе баязліўцам, бо баязліўцам не быў на самай справе. Наадварот, характар меў бацькаў.

Ногі прынеслі да дзедавага падворка, але ў хату Беркут не зайшоў, хоць і ведаў, што дзед зразумее яго, калі распавесці тому пра сваю мару, і абавязкова падтрымае. Не хацеў хваляваць? Не. Хутчэй не хацеў нікога бачыць пакрыўджаны на бацьку. Па драбінах знадворку падняўся на гарышча, праслізнуў мышшу праз драўляныя аканіцы і шуснуў у салому, утрамбаваную ім жа зусім нядаўна. Карцела разраўціся, не ўголас, зразумела, але Беркут змахнуў здрадлівыя слёзы і прымусіў сябе супакоіцца, каб ніколі больш у жыцці не дазволіць слязам зганьбіць яго. Ён ніколі больш не заплача і не пакажа слабасці. Свет бачыў Беркутавы слёзы ў апошні раз.

Калі ўжо задрамаў, пачуў бацькаў голас, устрывожаны, занепакоены, усхваляваны, але не азваўся, адмыслова не азваўся. Няхай бацька патурбуецца і пахвалюецца. Пра тое, што ў выпадку выкрыцця яго схову, зноў можа атрымаць папругі, Беркут не думаў. Ахоплены пачуццём помсты, прымітыўнай і несправядлівай па праўдзе кажучы, ён не хацеў паставіць сябе на месца бацькі і паслядоўна разабрацца ў прычыне ўчынку таго ў дачыненні да сына, ды і ў сваім таксама не жадаў калупацца, як пальцам у носе, бо вінаватым ні ў чым сябе не лічыў. Гэта яго не разумелі, яго прынізілі, дык вось вам за гэта, атрымлівайце!

Бацька сапраўды непакоіўся за Беркута. Ён не сумняваўся, што сын вярнуўся дахаты, бо слова яго было законам. Дапускаў, што мог пакрыўдзіць сына, але не сумняваўся, што меў на тое права, бо ўсё ж заставаўся бацькам і чалавекам з вялікім жыццёвым вопытам, якому больш відаць, што трэба і чаго не трэба дзесяцігадоваму падшыванцу. Магчыма, крыху перагнуў палку, але не да сантыментаў было, яшчэ дзякуй скажа, што своечасова спыніў… І вельмі здзівіўся, што не знайшоў Беркута ў ложку, маючы намер пагаварыць з ім як мужчына з мужчынам, відаць, надышоў час растлумачыць што да чаго. Усю дарогу дадому ён дакараў сябе за жорсткасць, бо любіў адзінага сына і не хацеў яго крыўдзіць, прыдумваў патрэбныя словы прабачэння перад ім такія, якія б і яго аўтарытэт старэйшага не пахіснулі, і малога зноў не абразілі. Але Беркута дома не аказалася. Бацька перавярнуў хату, нібы стол, дагары, аднак сын не выкуліўся ні з якага кута і закутка. Пабудзіў і прымусіў дочак і жонку шукаць зніклага сына, да якога пачаў адчуваць раптоўную злосць, а сам рушыў да свайго бацькі, спадзеючыся заспець там Беркута. У дзеда з унукам была непарыўная сувязь, стары не мог надыхацца Беркутам, як паветрам, таму, хутчэй за ўсё, той да дзеда і пабег. Аднак бацьку зноў чакала расчараванне, бо дзед ні сном, ні духам пра ўцёкі ўнука не ведаў. У тое, што Беркут мог праігнараваць довады старэйшага і ўсё ж гародамі ды лесам кінуцца да чыгункі, бацька не верыў. Адчуваў: стоадсоткава недзе паблізу хаваўся ўшавэлак, назіраў і смяяўся ў кулачок. І гэта раз’юшвала не ў меру гарачага старшыню надзвычайна. Ён перастаў сябе стрымліваць і выгукваў у паветра нядобрыя словы ў адрас сына, шкадаваў адразу, але інакш не мог. Дзед супакойваў яго, раіў апамятацца і не псаваць паветра брыдкімі словамі. Тады бацька закрычаў і на дзеда, абвінавачваў яго ва ўцёках Беркута, у дрэнным уплыве, у дрэнным уплыве праклятых кніг з дзедавай бібліятэкі зрынутых арыстакратаў, якія і пасля смерці аўтараў тлумяць светлыя галовы пралетарскай моладзі. Начытаўся рознай рамантычнай лухты хлопец і вырашыў, што паўсядзённае жыццё ў сяле не для яго, што яно соннае і сумнае, без прыгод і подзвігаў, выключна дзеля якіх ён і быў народжаны, вось і збег па подзвігі, д’Артаньян-недаростак!.. Дзед усміхнуўся ў бараду і паправіў старшыню, што Беркут не д’Артаньян, а, хутчэй, капітан Нэма, бо клічуць яго не шпагі свіст, а бяскрайнія марскія абшары, і гэта нармальна ў яго ўзросце. Бацька яшчэ пабурчаў дзеля прыліку, але мусіў пагадзіцца з высновамі дзеда, хоць і не напаказ. Тым часам Беркут, які ўважліва прыслухоўваўся да размовы старэйшых з гарышча і не прапусціў ніводнага слова паўз вушы, моцна чыхнуў. Ён заціскаў як мог раздражнёны саламяным пылам нос і далонямі, і пальцамі, і рукавом, але нястрымнае жаданне чыхнуць не праходзіла, а, здавалася, наадварот, узмацнялася з кожным разам яго адцягвання. Беркут чыхнуў, умомант пачырванеў у спалоху выкрыцця, аберуч заціснуў і нос, і рот заадно, каб больш не выдаць сябе, ды затаіўся, нават не дыхаў. Бацька з дзедам адначасова ўтаропіліся позіркамі ў столь. Вачыма дзед папрасіў старшыню не турбаваць хлопца ды ісці сабе памалу дадому, з унукам сам разбярэцца. Той згодна кіўнуў. Гнеў яго прайшоў. Галоўнае, сын жывы-здаровы і нікуды не ўцёк, а значыць, адна гара з плячэй далоў. Каб жа ўсе горы былі такімі лёгкімі. Дык не, паселі на яго карку банькамі, усмакталіся п’яўкамі ў плоць і смокчуць удзень і ўначы ненасытна. Бацька парукаўся з дзедам на развітанне і пашыбаваў прэч з двара. Беркут выдыхнуў праз пальцы, узрадаваны, што небяспека мінула, ды, знясілены нервовым напружаннем, не заўважыў як заснуў. Дзед асцярожна, каб не пабудзіць, зняў яго з гарышча і занёс на руках у хату, паклаў на печ, клапатліва ўкрыў коўдрай, пяшчотна правёў рукой па стрыжанаму вожыку і прысеў на тапчан каля печы. З дальняга пакоя выйшла жонка, мо, пацікавілася, трэба чаго. Дзед адказаў, што нічога не трэба, і дадаў, каб ішла адпачываць, а на яго не звяртала ўвагі. Ён з унукам пабудзе, унуку больш неабходна зараз дзедава прысутнасць.

Стары Беркут не спаў усю ноч. Раз-пораз прыкладаў халодную вялікую далонь да гарачага ілба ўнука, астужаў яго, запавольваў ашалелую кроў у маладым арганізме, ахопленым, здавалася, агнём. Хлопец неспакойна варочаўся, стагнаў у сне, мармытаў нешта незразумелае, але не прачынаўся. Скідаў з сябе коўдру, утаптваў яе нагамі ў сцяну. Дзед зноў укрываў унука, шаптаў ці не замову над ім. Калі той прачнуўся ранкам, першае, што пабачыў, – дзедавы вочы, стомленыя, але добразычлівыя. Ён ні словам не папракнў малога, запрасіў раздзяліць з ім ранішнюю трапезу і па-змоўніцку падміргнуў. Беркут падміргнуў у адказ, як падміргнуў і бацьку, калі пабачыў таго пасля вяртання дамоў, чым абяззброіў амаль да слёз непахіснага старшыню.

5. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск. Казахская ССР

Калі Мішка, брат пакойнага мужа Ларысы, паведаміў праз тэлефанаванне пра бяду з яго бацькам і папрасіў пасядзець са свякроўю, пакуль ён не вернецца з лякарні, куды павезлі на хуткай Пятровіча, жанчына незадаволена паморшчылася. У яе былі іншыя планы на вечар, больш прыемныя і шматабяцальныя. Якраз толькі-толькі прыйшоў Андрэй, Андрэй Віктаравіч, з шампанскім і цукеркамі ў прыгожай вялікай каробцы, інжынер з завода мыючых сродкаў, на якім яна працавала падавальшчыцай. Чалавек, з якім Ларыса меркавала ўзяць неўзабаве шлюб. Вядома, ён пра яе намеры нічога не ведаў і ўпершыню аказаўся ў кватэры настойлівай супрацоўніцы, чарам якой не змог супрацьстаяць, але гэта пакуль. Ларыса не сумнявалася ў паспяховым завяршэнні задуманага. Андрэй быў чалавекам новым у горадзе. Яго перавялі на ўзмацненне прадпрыемства з вобласці як працаўніка з вялікімі паказчыкамі прадукцыйнасці працы, а ў вобласць з іншай вобласці. Так і пражыў да сарака гадоў бы перакаці-поле. Выглядаў жа ўсё ж прадстаўніча, нягледзячы на, здавалася, зацятую халасцяцкасць: высокі, з ледзь заўважнай сутулаватасцю (што, хутчэй, ад узросту, бо гады бралі сваё), чорнавалосы, без аніводнага сівенькага валосіка (бабы ў цэху жартавалі, што ён іх фарбуе, але яна ім не верыла), але, галоўнае, вусаты, і вусы яму пасавалі, як нікому. Ён нагадваў з тымі вусамі акцёра Панкратава-Чорнага, хіба што прыгажэйшага. Менавіта да вусатых мужчын Ларыса мела слабасць, напэўна, з-за таго, што тата яе насіў шыкоўныя пышныя вусы, аб якія яна малою церлася шчакою і адчувала ні з чым не параўнальнае задавальненне, зноў жа таму, напэўна, што яны належалі тату, а тата – ёй. Касцюм на Андрэю заўжды выглядаў як з іголачкі, стрэлкі на нагавіцах бездакорнай роўнядзі, гальштук завязаны ідэальна прапарцыянальна, кашуля аж хрумсцела, здавалася, чаравікі блішчэлі ідэальнай чысцінёй. Цуд, а не мужчына! Магчыма, калі б не вусы, Ларысу і не пацягнула б так шалёна да яго, бо мужчынскай увагай яна не была абдзелена. Зразумела, ёй падабаліся заляцанні, кампліменты, недвухсэнсоўныя прапановы, але сур’ёзна іх не ўспрымала і не лічыла мужчын за паляўнічых, каб здавацца ім у якасці прыза. Паляўнічай была яна. Упалявала пакойнага мужа, упалюе і Андрэя Віктаравіча, да якога адчула штосьці падобнае, што адчула да Беркута – першага кахання і бацькі яе дачкі. Зрэшты, усе Беркуты валодалі магнетычным прыцягненнем, якому хацелася скарыцца, невытлумачальнай харызмай.

Яна любіла Пятровіча. Яе незадаволенасць не распаўсюджвалася на яго, хутчэй на факт бяды менавіта з ім. Мішка не распавёў падрабязнасцей, спяшаўся. Відаць, часу сапраўды бракавала, што азначала сур’ёзнасць становішча. А Еўдакію Дзянісаўну сапраўды нельга было пакідаць надоўга адну, яна залежала ад мужа і сына як фізічна, так і маральна. Ларыса жыла бліжэй за ўсіх астатніх сваякоў, у суседнім пад’ездзе, у кватэры, якую Пятровіч выбіў на вяселле яе і яго старэйшага сына, а калі той памёр, не прагнаў, паводзіў сябе як з роднай дачкой.

Нічога не паробіш. Давядзецца перанесці на іншы раз прыемнасці з Андрэем Віктаравічам. Да таго ж вось-вось і дачка мусіла з’явіцца. І так недзе доўга забавілася.

– У вас непрыемнасці? – здагадаўся доўгачаканы госць, адарыўшы Ларысу пранізлівым позіркам разумных цёмных, як горкі шакалад, вачэй.

Яна кіўнула.

– Мне непрыемна гэта казаць, – мовіла да яго, – але мушу папрасіць вас сысці, бо самой трэба сыходзіць па неадкладных справах. Прабачце мяне, калі ласка.

Ларыса ўмела пераключаць сябе, нягледзячы на тое, што ўсялякае пераключанне ненавідзела, бо зазвычай яно толькі перашкаджала ёй, з аднаго стана ў іншы згодна з сітуацыямі, бескампрамісна і ўпэўнена. Яе выпальвала знутры прыкрасць, яна злавала на Пятровіча, на Мішку, на свякроў, якія бязжальна руйнавалі з такім клопатам, з такой надзеяй на лепшае ўзведзены замак, ну а калі не замак, то ўтульнае памяшканне, што сэнсу не змяняла, магчымага шчасця, хісткага, вядома, нетрывалага і пакорлівага ўсім мясцовым вятрам… Андрэй Віктаравіч мог пакрыўдзіцца і меў на тое права: не паспеў прыйсці, як ужо гоняць… Што ён пра яе, Ларысу, падумае? Што ўжо падумаў?

– Я разумею, – сказаў ён і накіраваўся ў вітальню, пачаў абувацца. Яна бачыла: яму было няёмка, але не за сябе, за яе. Ён ні аб чым не пытаў, не патрабаваў тлумачэнняў, не псіхаваў, што сведчыла, відаць, аб выхаванасці альбо аб выпрацаванай самастойна стрыманасці і павазе да чужых таямніц. Ларыса адчула ад усведамлення апошняга, як вочы яе набрыняюць слязьмі. З-за жалю да сябе. Яна адвярнулася, каб ён не заўважыў іх, хоць цьмянае асвятленне ў вітальні не дазволіла б усё адно тыя слёзы разгледзець.

Андрэй Віктаравіч абуўся, апрануў паліто, насунуў на галаву пыжыкавую шапку, узяўся за дзвярную ручку, каб націснуць на яе, адчыніць дзверы і сысці, магчыма, назаўжды. Мужчына Ларысавай мары вось-вось мог знікнуць з яе жыцця і ніколі не вярнуцца ў яго.

– Андрэй Віктаравіч! – у адчаі кінула яе да дзвярэй. – Андрэй!.. – прытулілася яна да мужчыны, які адпусціў дзвярную ручку і аберуч прыхінуў жанчыну да сябе. Відавочна, яна яму таксама падабалася. Ён не зусім разумеў, хоць і сказаў, што разумее, чаму яго выстаўляюць, але сапраўды падумаў пра форс-мажорныя абставіны, да якіх не меў ніякага дачынення, а таму і не прэтэндаваў на іх веданне. Шчыра кажучы, іх узнікненне нават паспрыяла пазбегнуць нялоўкіх момантаў, якія б абавязкова паўсталі бярлінскай сцяной, застанься ён сам-насам з Ларысай на кухні пад музычным наглядам радыё «Маяк». Вусны Ларысы, здавалася, гарачым шакаладам частавалі губы Андрэя Віктаравіча, якія жарсна і ў некаторай ступені сквапна наталяліся іх смакам. Ларыса верыла і не верыла ў тое, што адбывалася, калола шчокі аб вусы Андрэя Віктаравіча, але ўколы тыя яе не раздражнялі вядома. Тым не менш абодва разумелі, што развітвацца трэба было неадкладна, ды ўсё адно марудзілі. Дапамагла ім Наташка – дачка Ларысы. Яна адчыніла дзверы ў кватэру, якія адчыняліся знадворку на сябе, чым ледзь не справакавала падзенне маці і яе госця на лесвічную пляцоўку.

– Пардону просім, – кінула ім і, не павітаўшыся, шмыгнула ў свой пакой.

– Прабачце, – першаю ачомалася Ларыса, але не адпускала Андрэя Віктаравіча ад сябе.

– І вы прабачце, – таксама вырашыў быць ветлівым той.

– За што? – чаплялася Ларыса за апошнія секунды спаткання з мужчынам сваёй мары.

– Проста прабачце, – казаў Андрэй Віктаравіч абы казаць.

– Гэта я павінна прасіць прабачэння, – не здавалася Ларыса.

– За што? – у сваю чаргу запытаў Андрэй Віктаравіч.

– Мы пабачымся яшчэ? – праігнаравала яго пытанне Ларыса і задала сваё.

– А вы хочаце? – свідраваў ён яе позіркам.

– Па мне нябачна?

– Тады, вядома, пабачымся, – паабяцаў Андрэй Віктаравіч.

– Вы не крыўдуеце на мяне? – зазірала яму ў вочы Ларыса.

– Ну што вы, – супакойваў яе Андрэй Віктаравіч.

– Патэлефануйце мне тады… Альбо я патэлефаную, калі ўсё ўляжацца, – прапанавала жанчына.

– Так, вядома, – пагадзіўся Андрэй Віктаравіч. – Я буду чакаць.

– Да пабачэння?

– Да пабачэння.

Ларыса літаральна адарвала сябе ад мужчыны і закінула ў кватэру, як футбольны мяч у вароты. Зрэшты, на слабасць бракавала часу, таму яна перасмыкнула плячыма, пазбавілася ўсяго лішняга, і накіравалася ў пакой дачкі, адкуль ужо чуліся салодкагалосыя «Белые розы».

Яны былі незвычайна падобнымі адна на адну знешне. Прынамсі, так здавалася Ларысе. Жанчына бачыла копію сябе ў дачцэ, копію тых часоў, калі сама знаходзілася ў пяшчотным узросце. Абедзве светлавалосыя, не бландзінкі, але побач з імі. У абедзвюх аднолькава вытыркаліся кудзеры з прычосак і струменіліся ўніз па скронях пакручастымі завітушкамі. Абедзве мелі выразныя вялікія вочы колеру насычанага блакіту, праўда, Наташкіны выглядалі цямнейшымі, бо іх яшчэ не абмылі дажджы жыццёвага досведу і не акупавалі сляды лёсавызначальных рашэнняў. Твары абедзвюх вылучаліся матавасцю скуры, на якую ні разу не спакусіўся прыродны грыбок у вобразе прышчэй. Вусны, напэўна, у Ларысы былі бляднейшымі і вузейшымі, якім не пасаваў чырвоны колер, як Наташцы, аднак ружовы прымушаў засяроджвацца выключна на іх адных. Аднолькавая канстытуцыя целаскладаў маці і дачкі дазваляла насіць ім рэчы адна другой, што, хутчэй, падабалася Наташцы, якая неаднойчы фарсіла ў матчыных сукенках і спадніцах: яны сядзелі на дзяўчыне так, быццам адмыслова для яе і былі пашытыя. Ларыса нязлосна злавался, калі дачка брала без дазволу яе рэчы, але ў думках зайздросціла самой сабе, бо захавала, нягледзячы на цяжар гадоў, паставу старшакласніцы. Нават галасы абедзвюх мелі агульнае падабенства. Калі спецыяльна не прыслухоўвацца, лёгка можна было памыліцца, хто з іх хто.

Пакой Наташкі ўяўляў з сябе тыповы прытулак падлетка савецкіх часоў. Па ўсіх сценах Віктар Цой у розных іпастасях, кніжная зашклёная шафа, у якой наяўнасць вінілавых кружэлак і магнітафонных касет пераважала колькасць кніг. Пад акном пісьмовы стол, на ім шкло па памеры стальніцы, пад шклом зноў жа Віктар Цой; сшыткі, падручнікі, часопісы «Ровеснік» і «Мы», настольная лямпа. Падлога ў паласе, бялізнавая шафа на ёй, грувасткая, на гнутых ножках, цёмнакарычневага колеру і рыпучая, калі адчыняеш дзверы, з замкнутымі на ключыкі, што тырчалі з замкоў язычкамі, шуфлядкамі. Фатэль, старэнькі, з праплешынамі на падлакотніках, але закіданы, як малады, рознымі рэчамі і адзеннем, якое лянота скласці ў шафу. Палутарны ложак, зусім нядаўна заменены не ў карысць жалезнага панцырнага монстра, што адправіўся на балкон, бо там яму і месца, уражваў вока далікатна засланым покрывам, на якім Наташка пачэсвала каленку праз апранутыя гамашы. Магнітафон ляжаў у яе пад рукой злева, бліжэй да дзвюх узбітых, як крэм на торце, падушак пад напаўпразрыстым цюлем.

– Выключы! Размова ёсць, – голасна запатрабавала Ларыса ад дачкі. Яна без груку зайшла ў яе пакой, чаго нячаста дазваляла сабе. Пасля смерці мужа і бацькі сем гадоў таму асірацелыя дзяўчаты вырашылі жыць па-даросламу і паважаць асабістую тэрыторыю кожнай, праўда, спачатку нараўліся і прадэпрэсавалі. Ці, хутчэй, прадэпрэсавала Ларыса, суткамі не падымаючыся з ложка і забыўшыся пра існаванне дачкі. Што ж, дзяўчынцы самастойнасць пайшла толькі на карысць, і менавіта яна, Наташка, выцягнула маці з ямы безнадзейнасці і гора. У той час яны як бы памяняліся месцамі. Малая адчувала сябе больш дарослай за маці, клапацілася аб ёй, уходжвалася, гатавала ежу, хадзіла па крамах, пры гэтым не забывалася размаўляць з Ларысай на самыя розныя тэмы. Пакуль жанчына не абудзілася, бо і сапраўды быццам спала.

– Што? – незадаволена выключыла Наташка магнітафон, але без агрэсіі ў голасе.

– Пятровіча завезлі ў бальніцу на хуткай, – паведаміла тады Ларыса. – Мішка тэлефанаваў, прасіў пасядзець з бабай Дусяй, яна там зусім адна. І, напэўна, наўрад ці ведае, што здарылася.

– А ты? – напружылася Наташка. Яна любіла дзеда і чамусьці не сумнявалася ў тым, што з ім ніколі нічога дрэннага не здарыцца, такім упэўненым і непахісным волатам ён выглядаў у яе вачах. Мацярыны словы не маглі быць праўдай, толькі не з дзедам!..

– Што я? – не зразумела пытання дачкі Ларыса.

– Ты ведаеш? – удакладніла Наташка.

– Нічога і я не ведаю, – расчаравала яе маці. – Вось кажу табе як ёсць.

– Тады хадзем хутчэй, – ускочыла з ложка дзяўчына. – Бабулі сапраўды патрэбна наша падтрымка. Толькі, – задумалася на імгненне, – захаплю тое-сёе з сабой.

Яна адчыніла кніжную шафу, прысела на кукішкі, пацягнулася за нечым аберуч пад самую ніжнюю паліцу і неўзабаве выпрасталася, трымаючы ў руках важкі скрутак з поліэтыленавымі пакетамі, якія збірала ў якасці хобі. Хтосьці збіраў маркі або значкі, або паштоўкі ці календарыкі, або машынкі ці фігуркі салдацікаў, або партрэты артыстаў кіно ды эстрады, а Наташка захаплялася пакетамі, якімі, звычайна, ніколі не карысталася па прызначэнні. У яе калекцыі іх ужо налічвалася амаль сто, большасць з выявамі Пугачовай, Ратару, Баярскага і Лявонцьева, а таксама з кошачкамі, сабачкамі, прадстаўнікамі дзікай флоры і фаўны ды дзіснэеўскіх мульцікаў. Рэдка каму Наташка паказвала сваю калекцыю, нават маці не заўсёды, але бабуля павінна ведаць пра захапленне ўнучкі. Дзяўчына спадзявалася, што бабулю хоць ненадоўга пакіне неспакой пра дзеда, пакуль яна будзе разглядаць пакеты. Да таго ж зразумее не зусім прыгожыя ўнучкіны ўчынкі, павязаныя з крадзяжом грошай з бабулінага гаманца (мініпадробкі пад рыдыкюльчык), што нязменна знаходзіўся ў шафцы пад тэлевізарам. Да гэтага моманту Наташцы ніколі не было сорамна за выцягнуты рубель ці два ў давесак да абазначанай сумы на хлеб, малако і бліны, па якія нярэдка хадзіла для бабулі. Больш за тое, падобныя паходы ў краму лічыла сваім абавязкам. Яна не думала, што бабуля заўважае знікненне большай за агавораную суму грошай, бо тая ніколі не папракнула яе, адно зараз дапетрыла, што сорамна было бабулі назваць унучку злодзейкай. Немалую колькасць пакетаў Наташка набыла за тыя скрадзеныя ў бабулі грошы, яна пакажа старой калекцыю ў апраўданне сябе і, калі трэба, выбачыцца. Выпадак якраз спрыяў.

– Ты сур’ёзна? – не ацаніла Ларыса доччынага імпэту ў дачыненні да яе калекцыі.

– Вядома, – безапеляцыйным тонам адгукнулася Наташка і накіравалася з пакоя ў вітальню.

– Знайшла час выхваляцца незразумела чым, – усё ж упікнула Ларыса дзяўчыну.

– Паглядзім, – абязбройвальна ўсміхнулася ёй дачка.

Яны выйшлі на цёмную вуліцу. Ад бабулінага пад’езда іх падзяляў усяго адзін пад’езд. Двор за жалезнай зялёнай, аде дзе-нідзе з аблупленай ад фарбы ў шэрых плямах трубой звычна гуў дзіцячым і падлеткавым рознагалоссем. Змрокі зімоваю парой, звычайна, накрывалі горад рана, што не азначала, аднак, яго замірання і паглыблення ў спячку, як мядзведзя. Дзятва не прызнавала панавання цемры, да таго ж яна і не была абсалютам. Амаль ва ўсіх вокнах гарэла святло дый ліхтары, якім не паспелі яшчэ разбіць вочы каменнай атакай у гульні на меткасць, там-сям распырсквалі святло, быццам палівалі ім з лейкі кветкі. Зузім нядаўна і Наташка гойсала ў двары да позняй гадзіны, цяпер яна таксама дамоў не вельмі спяшаецца, але ўжо па іншых прычынах. Яна вучылася ўжо ў дзявятым класе, зазіралася на хлопцаў, а тыя позіркі, як алоўкі, ламалі аб яе прыгажосць і нават біліся. Такія смешныя, хто патлаты, хто з іракезам на галаве, хто лысы, але надзвычай цікавыя. Таму яна разумела маму і тых мужчын, якія хадзілі да яе. Некаторыя часам заставаліся на ноч. Наташка не асуджала Ларысу, ніводным словам не папракнула напамінам пра тату. Жывое – жывым. І, калі гэтак цягне мужчын да жанчын і наадварот, то што ў гэтым дрэннага?..

Дзверы ў патрэбны пад’езд, як заўжды, былі напята расчынены, напэўна, з-за адсутнасці кватэр на першым паверсе, бо з іншага боку дома першы паверх займала блінная. Натуральна, асвятленне ў пад’ездзе таксама адсутнічала, як і ў кожным іншым. Зрэшты, цемра на лесвічных пралётах ніколі не ставала перашкодай для жыхароў дома. Яны ведалі на памяць канфігурацыю лесвіцы і колькасць прыступак, аднолькавую ва ўсіх пад’ездах, таму, калі б нават вельмі захацелі, не памыліліся б, не аступіліся б і не зламалі б сабе шыю. Страх, відаць, адчувалі хіба што дзеці, і тое ў выпадку адасобленасці, аднак хуткімі крокамі пераадольвалі яго і ўжо побач з дзвярыма кватэры, у якой жылі, паказвалі страху і цемры казіную ножку. Нярэдка страх выкарыстоўваў супраць насельнікаў дома сабак, якіх гаспадары час ад часу выстаўлялі за дзверы. Тыя развальваліся на кілімку (абавязковы атрыбут перад кожнай кватэрай) пад дзвярыма і ў цёмную пару абавязкова аббрэхвалі ўсіх, хто праходзіў міма, але, хутчэй, ад уласнага страху. Зрэшты, Наташка ў свой час вельмі спалохалася нападу сабакі, што адбыўся на трэцім паверсе, калі аднойчы ўзбіралася пасля школы на родны пяты паверх. Сабака яе нават пакусаў і падрапаў ногі, яна куляй тады вылецела на вуліцу і заходзілася ў нястрымным істэрычным плачу, які доўга ніхто не мог спыніць. Маці гучна пасварылася з гаспадарамі сабакі і абяцала атруціць яго, калі той не знікне з лесвічнай пляцоўкі. Ён кідаўся не толькі на дзяцей, але тыя не прызнаваліся, на дарослых таксама, якія цярпелі хвілінную нязручнасць, бо не жадалі звязвацца і трапаць нервы. Усё ж Ларыса дамаглася свайго, і сабака больш ніколі не тэрарызаваў пад’езд. Ці не выпускалі з кватэры злоснага пудзеля, ці звезлі на лецішча або яшчэ куды, Наташка не ведала, але памяць пра яго засталася ў выглядзе ледзь прыкметных шнарчыкаў ад кіпцяў і зубоў на лытках пад самымі каленкамі.

У гэтым наскрозь цёмным пад’ездзе сабакі не вадзіліся, таму маці з дачкой без прыгодаў дапялі да кватэры Беркутаў і бесперашкодна зайшлі ў памяшканне. Разбуліся ў вітальні, распрануліся і паспяшаліся ў гасцёўню, дзе Еўдакія Дзянісаўна сустрэла іх трывожным позіркам з фатэля, да якога, здавалася, прырасла і выглядала адзіным з ім цэлым.

– Прывітанне, бабуль! – падскочыла першаю Наташка, абняла і чмокнула ў старэчую, але ружовую шчаку.

– Добры вечар, мама! – павіталася і Ларыса, якая іншай мамы не ведала ў сваім жыцці. Пасля вяселля з Сашам, першым сынам Еўдакіі Дзянісаўны, неяк аўтаматычна, паўтараючы за мужам, яна пачала звяртацца менавіта так да свякрові. Зноў жа аўтаматычна села ці, хутчэй, прысела ў фатэль Пятровіча, які стаяў збоку і адначасова насупраць фатэля з Еўдакіяй Дзянісаўнай, што свякрові не спадабалася, бо ў гэты фатэль раней ніхто, акрамя Беркута, не садзіўся. Гэты фатэль, такі самы, як і яе, мяккі, з утульнымі падлакотнікамі і спінкай, засланы цёплым покрывам, быў выключна яго месцам. У ім ён драмаў падчас перагляду тэлеперадач, нярэдка засынаў і заставаўся на ноч, пакуль не прасынаўся і не ішоў на кухню, дзе вымаў з лядоўні трохлітровы слоік самагонкі, настоянай на апельсінавых корках, вырабніцтвам якой займаўся ўласнаручна, наліваў у гранёную, адмыслова пакінутую для падобнай справы на шырокім падаконні, шклянку пяцьдзясят грамаў, ні больш ні менш, выпіваў, задаволена крактаў і вяртаўся дасынаць, аднак ужо не ў фатэль, а ў пакой да жонкі, уваход у які, прыхаваны карычневымі фіранкамі, знаходзіўся паміж фатэлямі. Ложкі ў пакоі, гэтаксама, як і фатэлі ў гасцёўні, стаялі не побач ці ўсутыч, а насупраць адзін другога, падзеленыя дзвюма тумбачкамі з лекамі. Ложак Еўдакіі Дзянісаўны падпіраў сценку з узорыстым дываном на ўсю яе паверхню. Беркут жа спаў ля акна. З мэблі пакой меў яшчэ драўляную вялізную шафу з асабістымі рэчамі старых, і тое, здавалася, што шафе было зацесна. Зрэшты, і Беркута, і яго жонку ўсё ў пакоі, дзе яны толькі спалі, уладкоўвала.

– Вы штосьці ведаеце? – не прывітаўшыся, але занепакоена пераводзіла вочы Еўдакія Дзянісаўна з нявесткі на ўнучку, якая адышла да тэлевізара, і наадварот. Яна не сумнявалася, што з Беркутам якаясь сталася бяда, інакш Ларыса ніколі б не села ў яго фатэль, але чамусьці гэта хавалі ад яе.

Маці з дачкой перазірнуліся, быццам пыталіся адна ў адной, якім мусіў быць адказ, бо самі нічога не ведалі, Наташка дык дакладна.

– Вы пра што, мама? – усё ж адказала Ларыса, але зусім не так, як на тое разлічвала Еўдакія Дзянісаўна. Цяпер яна не зводзіла пільнага позірку з мітуслівых вачэй нявесткі і, здавалася, буравіла іх у марных, аднак, намаганнях дабурыцца да праўды, якая не была вядомай нікому з прысутных.

– Навошта вы тут? – зразумела Беркуціха, што не пачуе жаданага, і зноў утароплівалася то ў твар унучкі, то ў твар яе маці.

– Мішка папрасіў, – шчыра адказала Ларыса.

– А сам ён дзе? – учапілася старая за імя сына.

– Я ведаю толькі, што ён паехаў на хуткай з Пятровічам у бальніцу, – не стала маніць Ларыса. Яна ўвогуле не любіла падманваць людзей, тым больш сталага веку, хоць у жыцці давялося нямала казаць хлусні, мусовай, натуральна, і датычнай іншых абставін, палярна іншых, павязаных з асабістымі праблемамі інтымнага характару. Еўдакія Дзянісаўна разумная жанчына, і падманваць яе – не варыянт, нават калі падман лічыць карысным. Не той выпадак. Ларыса, можа б, і распавяла ўсё як на духу, бо не бачыла сэнсу ва ўтойванні інфармацыі, якой не валодала, таму адно развяла рукамі і ў думках насварылася на Мішку. Ён пераклаў адказнасць перад маці з сябе на яе, што таксама можна зразумець, але нельга так рабіць, яна ненавідзела падобныя сітуацыі. Ненавідзела сябе, калі не магла нічым дапамагчы.

– А мне сказаў, што з Леўсам нешта штукарыць, – задумліва працягнула Еўдакія Дзянісаўна. – На ноч гледзячы. Не разумею, як іх штукарствы павязаны з Жэнем.

– Капец! – не ўтрымалася Наташка ад каментара. Ларыса сувора паглядзела на яе, і дачка адвярнулася да кніг за спінай, што суцэльнай сценкай, быццам шпалеры, апаясвалі палову памяшкання. Кнігі выпісваў і купляў Беркут. Ён лічыў найвялікшым дасягненнем чалавецтва пісьменніцкую творчасць, хоць ніколі нават не задумваўся штосьці напісаць, як, напрыклад, яго сучаснікі Віктар Астаф’еў, Юрый Бондараў, Васіль Быкаў, Барыс Васільеў ці Грыгорый Бакланаў. З задавальнененнем чытаў, асабліва як выйшаў на пенсію, але сапраўднай кнігаманкай была Еўдакія Дзянісаўна. Калі не глядзела тэлевізар, яна абавязкова чытала. На яе тумбачцы побач з фатэлем заўжды грувасціліся стосы кніг і часопісаў.

– Жэня не патэлефанаваў, не папярэдзіў, што затрымліваецца, – працягвала Беркуціха, – а гэта азначае, што з ім нешта здарылася, нешта нядобрае, калі дагэтуль не прыйшоў. Я ведаю гэта дакладна, бо ведаю Жэню. Вы штосьці ведаеце, але маўчыце. Напэўна, не хочаце мне рабіць балюча. Аднак робіце. Сваім маўчаннем.

Яна быццам упікнула Ларысу з Наташкай. І не быццам, а ўпікнула. Таму Наташка, якая памкнулася была паказаць бабулі калекцыю пакетаў, разумеючы, што несвоечасова, тым не менш пакрыўджана перадумала і села за стол з боку пакоя, які належаў дзядзьку Мішку. Ля іншага бока стала знаходзіўся фатэль Беркута, у якім сядзела Ларыса. Стол як бы падзяляў пакоі старых і іх сына, вялікі, рассоўны, па святах гасцінны, зноў жа з кнігамі да столі па сценцы, засланы выкшталцоным абрусам бел-чырвона-белага колеру з украінскім вышытым уручную арнаментам. На стале нязменным атрыбутам пукацілася шкляная ваза з букетам штучных кветак, побач з ёй, таксама нязменная і шкляная, застыла ваза, больш падобная на вычурную глыбокую міску, напакаваная з горкай цукеркамі, печывам і пернікамі, да якіх адразу і пацягнулася Наташка, аднак нічога не ўзяла, адно перабірала, не вымаючы, каб заняць рукі.

Тэлефон у вітальні непрыемным і быццам нязвычна гучным віскатам перацягнуў увагу на сябе, але ніхто з трох прадстаўніц розных пакаленняў жанчын не зварухнуўся з месца.

6. Май 1937 года. Горад Кранштат. РСФСР

– Сёння я з цябе грошай не вазьму, – сказала Беркуту чорнавалосая кудзерыстая маладая жанчына, устала з ложка, падхапіла няўлоўным рухам танклявай амаль празрыстай рукі на яркім сонцы, што ўсміхалася за акном, здавалася, тварыкам гарэзлівай дзяўчынкі, лёгкі сітцавы бэзавы халацік, накінула яго на сябе, і ён быццам ператварыўся ў другую скуру на ейным целе – прывабным, нават бездакорным на думку Беркута, целе, якое зусім нядаўна цалкам належала яму. – Але толькі сёння, – дадала дзяўчына, запахнула халат і села да трумо, каб ускудлачаныя пасля бяссонай ночы, праведзенай разам з Беркутам, валасы прывесці ў больш-менш боскі выгляд, бо ненавідзела, калі яны тырчалі ў розныя бакі, што здаралася даволі часта зранку. Беркут, не ўстаючы з ложка, пазіраў на спіну дзяўчыны, на яе дзівосны выгін шыі, адкрыты яго позірку з-за паднятых угару валасоў, паднятых на імгенне з асдмысловым нібыта разлікам, каб падражніць і зноў схаваць пад сабой прыгажосць ці, хутчэй, мастацтва прыроднай лепкі.

Міжвольна Беркутава рука пацягнулася па папяросы, выцягнула адну разам з запалкамі. Беркут закурыў.

– Не куры тут! – Яна не азірнулася на яго, бо бачыла ў люстэркавым адлюстраванні, не загадала, але прамовіла так, што Беркут падпарадкаваўся.

– Прабач, – адгукнуўся і пальцамі патушыў папяросу ды паклаў яе на крэсла са сваімі рэчамі на ім, перавешанымі з акна, побач з ложкам. Курыць ён пачаў нядаўна, хутчэй дзеля таго, каб выглядаць дарослым, чым дзеля задавальнення, да таго ж на курсе рэдкі курсант не курыў і Беркут не хацеў, каб яны лічылі яго белай варонай. Зразумела, бацька б не ўхваліў з’яўленне ў сына шкоднай звычкі, хоць сам смаліў цыгаркі адну за адной, ды не абы з чаго, з самасаду. Ён па-ранейшаму старшынстваваў у калгасе і вельмі неахвотна адпусціў адзінага наследніка вучыцца за свет. Не адразу, але зразумеў Беркутава трызненне морам. Напэўна, і дзед паўплываў таксама. Таму пасля заканчэння хлопцам восьмага класа неяк раз выклікаў да сябе ў кантору, афіцыйна і як не роднага, паведаміў, што праз раён і праз вобласць калгас дамовіўся з Вышэйшай ваенна-марской вучэльняй у Кранштаце аб залічэнні яго на першы курс без іспытаў, па адных адзнаках у школьным пасведчанні аб паспяховасці. Хутчэй за ўсё бацька злукавіў пра пасведчанне, бо сын яго не надта мог пахваліцца паспяховасцю ў вучобе, хоць асабліва і не адставаў ад выдатнікаў, дый паводзінамі ўзорнымі не вылучаўся. Беркут рос даволі хуліганістым, магчыма, у знак пратэста бацьку, якога паўсюль прыводзілі ў прыклад як адданага партыйца і кіраўніка, чый непахісны аўтарытэт ціснуў і гнуў да зямлі не аднаго Беркута. Менавіта аўтарытэтам ён і дамогся сынавага залічэння без іспытаў у тую самую вучэльню, куды юнак і прагнуў патрапіць. У любым выпадку Беркут паступаў бы ў Кранштат. Бацька яго апярэдзіў і прыемна здзівіў. Адзінае, што не спадабалася Беркуту, – гэта афіцыёз, але ён разумеў, што інакш бацька не мог. Бацька нават паехаў разам з сынам у той Кранштат, каб і сябе паказаць, і малога ўладкаваць як след, чаго Беркут, шчыра кажучы, не чакаў. Не чакаў пабачыць старога інакшым, чалавечным, добразычлівым, нават сентыментальным і расчуленым. Зазвычай бацька быў зусім не такім: суворым, напятым, як струна, нервовым і раздражнёным, гучным і бескампрамісным у аднойчы прынятым рашэнні. На чужой тэрыторыі, у незнаёмай мясцовасці не, ён не выглядаў разгубленым ці дэзарыентаваным, хутчэй клапатлівым, засяроджаным выключна на добраўладкаванні сына. З рэктарам і выкладчыкамі размаўляў зацікаўлена і паважаліва, тыя таксама ставіліся да яго з вялікай павагай. Аднак Кранштат яму не спадабаўся. Яму ўвогуле не падабалася марское паветра і ўсё, што было павязана з вадой. З першай хвіліны свайго жыцця да апошняга ўздыха бацька заставаўся казаком, няхай чырвоным, але казаком, чыёй стыхіяй з’яўляліся стэпавыя, палявыя і лясныя абшары. Беркут не ведаў (праз некаторы час яму прагаворыцца дзед), што бацька марыў жыць зусім іншым жыццём і ў зусім іншых часах, не ў тых, у якія выпала доляй. У снах ён бачыў сябе паплечнікам Багдана Хмяльніцкага, а то і самім Захарам Беркутам, чыім прамым нашчадкам з’яўляўся не па чутках і неаднаразова падкрэсліваў гэта ў нешматлікіх размовах з сынам. На жаль, сны свае ён ненавідзеў, бо тыя заставаліся ўсяго снамі, і распавядаў пра іх дзеду з лютай злосцю, аднак той бачыў, што непахісны старшыня без роздумаў і ваганняў памяняўся б месцамі з любым, калі б узнікла такая магчымасць, абы апынуцца хоць на гадзінку поруч з Хмяльніцкім на яве, а не ў хворым трызненні, як называў свае сны.

Бацька з’ехаў дамоў толькі тады, калі ўпэўніўся ў добраўладкаванні сына, якога нязвычная ўвага старога не бадзёрыла, а наадварот, напружвала. Ён не ведаў, як сябе паводзіць, як рэагаваць на тое запозненае цяпло з боку бацькі, схаванае да гэтага глыбока ў душы ці свядомасці і прарваўшае, быццам гной з раны, непатрэбнай і недарэчнай з’явай, а таму з палёгкай выдыхнуў, як толькі бацькава апекаванне засталося ў мінулым. Беркут застаўся адзін у чужым і незнаёмым горадзе, ды вось дзіва, не адчуваў сябе адзінокім, а ў вучобу, у тутэйшае жыццё закахаўся, бы ў жаданую і доўгачаканую жанчыну.

Заняткі ў вучэльні пачыналіся а восьмай раніцы, і да пятнаццатай гадзіны штодзень чыталася шэсць лекцый, пасля шостай вечара пачыналася праца ў майстэрнях і лабараторыях. Нягледзячы на тое, што вучэльня была закрытай навучальнай установай, а прысутнасць курсантаў на кожнай лекцыі была абавязковай, навучэнцам дазвалялася адлучацца з вучэльні да адзінаццатай гадзіны вечара. Па суботах яны мелі права выязджаць у Ленінград і заставацца там да адзінаццатай гадзіны вечара нядзелі.

Цесная сувязь з жыццём флота, порта і заводаў аказвалі на курсантаў не абы які ўплыў. Флот выхоўваў маладыя кадры для сябе. Курсанты ў порце мелі доступ на ўсе караблі, якія стаялі на рэйдзе, вывучалі іх унутранае размяшчэнне і абсталяванне, атрымлівалі апошнія звесткі ад асабістага складу. Жывая і непасрэдная сувязь з паўсядзённым жыццём флоту залучала як караблебудаўнікоў, так і механікаў з самага першага курса навучання ў кола жыцця флоту і прымушала пранікацца яго актуальнымі задачамі.

Улетку, пасля пераходных экзаменаў, курсанты выязджалі ў Ленінград на трохмесячную вытворчую практыку і размяркоўваліся па адміралцейскіх заводах, каб вывучыць пабудову драўляных кілевых шлюпак у шлюпачнай майстэрні, а затым азнаёміцца з размяшчэннем і абсталяваннем цэхоў па халоднай і гарачай апрацоўцы ліставай і профільнай сталі, якая ідзе на пабудову карабельных карпусоў. Далей у праграму ўваходзіла вывучэнне плазавых работ і зборкі корпуса на стапелі. Да канца практыкі патрабавалася прадставіць падрабязную пісьмовую справаздачу, праілюстраваную копіямі чарцяжоў, эскізамі ад рукі, малюнкамі і фотаздымкамі. Дзеля збору звестак, копій чарцяжоў і тэхнічных дадзеных курсанты маглі звяртацца да інжынераў у канторах будаўнікоў, да канструктараў у чарцёжных і да майстроў на будоўлях, а таксама да кожнага рабочага ля станкоў і кожнага зборшчыка на стапелях. Па заканчэнні летняй практыкі адбываўся праверачны іспыт камісіяй інжынераў Ленінградскага порта, пасля чаго курсантам дазваляўся месячны адпачынак. І так па коле, каб будучыя марскія капітаны ведалі свае судны не горш за анатомію чалавека, бо менавіта на іх плечы клалася адказнасць за жыццё каманды судна і за само судна.

У 1936 годзе былыя палітычныя курсы, прэабразаваныя ў Ваенна-палітычную школу загадам РВС за №235 на базе вучэльні, набылі статус Ваенна-палітычнай вучэльні флота, куды трапіў і Беркут. Гэта была не зусім вучэльня ў вучэльні, а хутчэй спецыялізаваны факультэт для асабліва адораных курсантаў, якія праявілі сябе не столькі ў спецыялізаваных навуках, колькі ва ўласных фізічных дасягненнях і праяўленні лідарскіх якасцяў у характары, мэтанакіраванасці, неадступнасці, волі. Кандыдатура Беркута, адзінага з усіх прэтэндэнтаў сярод курсантаў на сакрэтны факультэт, разглядалася без яго ведама. Так, ён трапіў туды выпадкова і невыпадкова адначасова. За ім назіралі і мелі на ўвазе амаль з першага дня залічэння на вучобу. Здольнасці юнака ўражвалі як непасрэдна кіраўніцтва вучэльні, так і прадстаўнікоў палітшколы, на базе якой у сапраўднасці рыхтавалі прафесійных разведчыкаў, не сухапутных, а марскіх, якія пры патрэбе маглі б узначалісь штурмавыя дэсантныя групы, мабільныя, бясшумныя, з высокім паказальнікам вынікаў пастаўленых задач. Беркут схопліваў на ляту веды, якімі дзяліліся выкладчыкі, і ўжо на трэцім курсе разбіраўся ў механіцы айчынных і замежных караблёў лепей за дыпламаваных інжынераў, што не было дзіўным, бо рыхтаваўся стаць капітанам, які мусіў ведаць вантробы будзь якога судна, асабліва таго, на якім давядзецца служыць, як свае пяць пальцаў; арыентаваўся ў тапаграфіі і марскіх мапах так, быццам сам іх маляваў, зноў жа выключна з-за імкнення быць сапраўдным капітанам не без, зразумела, рамантачна-ўзнёслага ўплыву кніг пра марскія прыгоды, якія глытаў з зайздроснай апантанасцю, гэтаксама, зрэшты, як і сур’ёзныя навуковыя працы аб ваеннай марской справе; ды галоўнае – меў байцовы характар, але не бяздумны і шалёны ў сваёй бяздумнасці, а стрыманы і матэматычна вытрыманы, характар стратэга, прычым стратэга бясстрашнага. Беркут быў бы прыўкрасным капітанам, гонарам і годнасцю флота, з лёгкасцю даслужыўся б да адмірала, калі б не яго дзівосныя перамогі на занятках па рукапашнай барацьбе і самаабароне. Ён быў патрэбны новастворанаму факультэту як ніхто іншы, тым больш што ў паветры пачынала пахнуць блізкай вайной, няхай яе магчымасць і адмаўлялася ў Крамлі, а тыя ваеначальнікі, якія сумняваліся ў словах Сталіна, знікалі бясследна. Тым часам і ў НКУС таксама зацікавіліся маладым дараваннем, бо факультэт, як высветлілася пазней, курыраваў ён. Некалькі разоў запар Беркуту намякалі ў кабінеце рэктара, куды адмыслова выклікалі, праўда, няўдала, што яму след бы перавесціся з факультэта, на якім ён вучыўся, у вучэльню больш вартую яго талентаў. Не загадвалі, што дзіўна, бо хлопец, звычайна б, выканаў загад. Але без загаду яго не цікавілі сумніўныя прапановы. Ён меў мару, і да гэтай мары мэтанакіравана ішоў. І тады вярбоўшчыкі схітравалі, каб Беркут нікуды не падзеўся ад абранага імі для яго лёсу. Навошта былі тыя складанасці ды разыграная цэлая п’еса, Беркут так ніколі і не зразумеў, напэўна, здагадваўся, але не хацеў верыць сваім здагадкам.

Продолжить чтение